Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

ЗАО "Жилихово": видеть перспективу

16.11.2018
У ЗАТ «Жыліхава» палявыя работы практычна завершаны. Але адпачываць у чаканні новага сезона не даводзіцца. Паводле слоў дырэктара гаспадаркі Аляксандра Кукраша, зараз распачынаецца інтэнсіўная падрыхтоўка да наступнага сельскагаспадарчага года: трэба набыць запчасткі для рамонту тэхнікі, неабходныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, гаруча-змазачныя матэрыялы і г.д. Але ў першую чаргу неабходна правесці нешта накшталт работы над памылкамі. Гэта значыць, прааналізаваць недапрацоўкі мінулага года і пастарацца пабудаваць сваю работу з улікам выяўленых недахопаў. [caption id="attachment_71818" align="aligncenter" width="560"]■ Аляксандр Кукраш (справа) і механізатар Аляксандр Ваўчок ■ Аляксандр Кукраш (справа) і механізатар Аляксандр Ваўчок[/caption] Хаця не заўсёды ўсё залежыць ад сельгасвытворцаў. Часта свае карэктывы ўносіць надвор’е. Так адбылося і сёлета. — Нягледзячы на тое, што ўгнаенні і сродкі аховы «спрацавалі» як след, у нас недабор ураджаю збожжавых і зернебабовых каля 30% да ўзроўню мінулага года, — адзначае Аляксандр Кукраш. — Праўда, лепш сябе паказала кукуруза (намалацілі зерня на 300 тон больш), цукровыя буракі ў бункернай вазе далі па 461 цэнтнеры з гектара, пераўзышоў мінулагодні і валавы намалот рапсу. Цяпер мы крыху перагледзелі сваю тактыку — вырашылі яшчэ больш увагі скіраваць на азімыя культуры, усё ж такі яны менш залежаць ад капрызаў надвор’я. Азімы клін павялічылі да 1068 га (летась было 860 га). Гэта ў асноўным азімая пшаніца, крыху пасеялі для сваіх патрэб і трыцікале. Гэтымі днямі трактары можна было бачыць хіба што на тых палетках, дзе вялося ворыва. Згодна з планам у ЗАТ «Жыліхава» неабходна было заараць пад зіму 864 га, па факце зябліва ўжо паднята на 990 га. Сярод тых, хто старанна выконвае гэты від работ, Аляксандр Ваўчок. Яго магутны МТЗ-1522 з дзевяцікорпуснымі абаротнымі плугамі за дзень заворваў звыш 20 га, а калі светлавы дзень быў большым — па 25-30 га. Аляксандр — мясцовы жыхар, пасведчанне трактарыста атрымаў у школьным ВВК. Працаваў механізатарам яшчэ да службы ва Узброеных Сілах, а пасля вяртання дамоў ізноў сеў за руль магутнай сельскагаспадарчай машыны. З часам павысіў кваліфікацыю і яму даручылі працаваць на сучаснай энерганасычанай тэхніцы. У ходзе гутаркі кіраўнік гаспадаркі назваў нямала і іншых працаўнікоў, занятых на палявых работах, адзначыўшы іх стараннасць і адказныя адносіны да справы. Сярод іх механізатары Аляксандр Яцына, Васіль Кузьмічонак і інш. [caption id="attachment_71817" align="aligncenter" width="560"]■ Механізатар Васіль Кузьмічонак ■ Механізатар Васіль Кузьмічонак[/caption] Прафесіяналізмам вызначаюцца і жывёлаводы. У многім дзякуючы іх намаганням гаспадарка займае высокія пазіцыі ў раённым спаборніцтве па вытворчасці малака. Напрыклад, за 10 месяцаў па валавым надоі «плюсуе» на 268 тон да ўзроўню 2017 года (116%), ад адной каровы атрымалі па 4169 кг малака — на 469 кг больш, чым летась (+325 кг да задання). Аляксандр Кукраш упэўнены, што на канец года ЗАТ «Жыліхава» пераўзыдзе 5000-ны рубеж. Неблагія рэзультаты і ў вырошчванні маладняку, павелічэнні пагалоўя. На сёння ў гаспадарцы налічваецца 2405 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 859 кароў (пры заданні 828). Увесь дойны статак знаходзіцца на чатырох жывёлагадоўчых аб’ектах. Ёсць ферма з даільна-малочным блокам, дзе атрымліваюць прадукцыю ад 353 кароў, там жа, у Жыліхаве, на прывязным утрыманні абслугоўваюць 163 каровы. Ёсць МТФ у Гулевічах (150 галоў) і Выгодзе (163). Усе фермы пераўзыходзяць мінулагоднія паказчыкі. Найбольш рэзультатыўна працуюць на МТФ «Выгода», дзе за 10 месяцаў надоена ад кожнай каровы на 2,2 кг больш, чым летась. Кіруе жывёлагадоўчым аб’ектам Алена Шчыбун, паспяхова спалучаючы сваю пасаду з абавязкамі аператара па штучным асемяненні жывёлы. Яе стаж у жывёлагадоўлі — 17 гадоў, у свой час працавала і даяркай, таму ўсе асаблівасці прафесіі жывёлавода ведае добра. [caption id="attachment_71819" align="aligncenter" width="560"]■ Ірына Яцына і Алена Шчыбун ■ Ірына Яцына і Алена Шчыбун[/caption] Толькі станоўчыя водгукі з боку дырэктара сельгаспрадпрыемства гучалі ў адрас аператараў машыннага даення Таццяны Балвановіч і Ірыны Яцыны з МТФ «Жыліхава», Таццяны Калацкай з МТФ «Гулевічы». А вось жывёлавод Валянціна Сінкевічус даглядае цялят: свой клопат яна дзеліць паміж 98 калматымі выхаванцамі ад 4- да 6-месячнага ўзросту. Сярэднямесячныя прывагі на яе групе за 10 месяцаў бягучага года склалі 917 г. [caption id="attachment_71814" align="aligncenter" width="560"]■ Жывёлавод Валянціна Сінкевічус ■ Жывёлавод Валянціна Сінкевічус[/caption] Аляксандр Паўлавіч упэўнены, што на рэзультат у жывёлагадоўлі ўплываюць адразу некалькі паказчыкаў: выкананне тэхналогіі, добрыя кармы і павелічэнне дойнага статка. Над рэалізацыяй гэтых задач і вядзецца работа. Маргарыта САКОВІЧ *** Паважаныя работнікі і ветэраны ЗАТ «Жыліхава», усе працаўнікі вёскі Капыльшчыны! Прыміце шчырыя віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК! Дзякуючы вашым намаганням расце наш агульны дабрабыт. Умовы надвор’я часта выпрабоўваюць хлебаробаў на трываласць, але ім вы супрацьпастаўляеце высокі прафесіяналізм, вытрымку, мэтанакіраванасць. Прыміце словы падзякі за самаадданую працу, за адданасць роднай зямлі. Ад усёй душы жадаем вам новых вытворчых дасягненняў, моцнага здароўя, стабільнасці, дабрабыту, душэўнага цяпла і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ЗАТ «Жыліхава»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей