Бясконца раздаюцца тэлефонныя званкі, у кабінет дзверы не зачыняюцца — заходзяць то з пытаннямі, то з дакументацыяй, матор рабочага аўтамабіля не паспявае астыць — зноў трэба недзе ехаць, каб пракантраляваць, параіць, абмеркаваць надзённыя пытанні… Менавіта так, насычана і імкліва, праходзяць працоўныя будні Аляксандра Логіша — дырэктара ААТ «Душава».
[caption id="attachment_71809" align="aligncenter" width="560"]
■ Дырэктар Аляксандр Логіш (справа) з прадстаўнікамі падраздзялення механізацыі[/caption]
Сельгаспрадпрыемства Аляксандр Леанідавіч узначаліў паўтара года таму. На сёння малады кіраўнік у адказе за дзейнасць немалой гаспадаркі. У склад ААТ «Душава» ўваходзяць восем вёсак, у чатырох з іх (у Душава, Печуранах, Навасёлках і Кацельніках) размешчаны малочнатаварныя фермы, у Дарагавіцы функцыянуе цёлачнік. Тэрыторыя прадпрыемства ахоплівае каля 4000 га сельгасугоддзяў, з іх прыкладна 3000 га — ралля.
Для ААТ «Душава» бягучы сельскагаспадарчы год стаў даволі плённым: прасочваюцца станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці асноўных напрамкаў гаспадаркі — вытворчасці малака і раслінаводства. Сёлетняя засуха, безумоўна, унесла свае адмоўныя карэктывы ў паказчыкі па вырошчванні збожжавых. А вось элементарнае выкананне тэхналогій дало магчымасць атрымаць добрыя вынікі па нарыхтоўцы кармоў. За кошт росту колькасці першацёлак у асноўным статку ўдалося павялічыць валавы надой малака — яшчэ адзін бонус за ўкараненне рэкамендуемых методык.
Зразумела, што поспехаў можна дасягнуць толькі дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву. Зараз у штаце ААТ «Душава» налічваецца 124 чалавекі. Многія з іх — адказныя людзі, якія сваёй нялёгкай працай дапамагаюць павышаць паказчыкі сельгаспрадпрыемства.
Актуальным для любой гаспадаркі з’яўляецца пытанне павелічэння надояў. Каб станоўча яго вырашаць, неабходны кваліфікаваныя кадры. Загадчык МТФ «Душава» Ала Жогла, заатэхнік па адукацыі, на сваёй адказнай пасадзе шчыра працуе ўжо 11 гадоў. Адданасць справе і кампетэнтнасць гэтай жанчыны не засталіся незаўважанымі: яе фотаздымак размешчаны на Дошцы гонару Капыльскага раёна. «Ферма вялікая, працаваць цяжка, але спраўляюся, бо тое, што раблю, — падабаецца», — дзеліцца сваімі думкамі Ала Аляксандраўна.
[caption id="attachment_71808" align="aligncenter" width="560"]
■ Ала Жогла (справа) з аператарамі машыннага даення[/caption]
Надзея Гарнастай, цялятніца са шматгадовым стажам, таксама знаходзіць задавальненне ў сваёй рабоце. «Я за кожнае цялятка перажываю. Яны ж маленькія, безабаронныя, як дзеці», — з цеплынёй у голасе гаворыць аб сваіх падапечных Надзея Віктараўна. Удваіх з ветурачом Дзмітрыем Рудзенем яны выходжваюць нават вельмі слабых і, здавалася б, безнадзейных нованароджаных цялят.
[caption id="attachment_71810" align="aligncenter" width="560"]
■ Цялятніца Надзея Гарнастай і ветурач Дзмітрый Рудзеня[/caption]
Што тычыцца кантролю тэхнічнага забеспячэння бесперабойнай работы сельгаспрадпрыемства, то тут няма роўных Аляксандру Васілевічу. Галоўны інжынер працуе ў гаспадарцы не першы год. Усіх сваіх падначаленых ведае даўно, таму знайсці з імі паразуменне няцяжка.
Добра зарэкамендаваў сябе інжынер-энергетык гаспадаркі Аляксандр Ліхадзіеўскі — вельмі сціплы, але пры гэтым адказны і надзейны работнік, які аднолькава якасна працуе і на нарыхтоўцы кармоў, і на ўборцы збожжавых.
Майстроў сваёй справы ў ААТ «Душава» наогул нямала. Сярод іх і спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Ірына Еўдакімава, і дыспетчар Святлана Якаўлева, і галоўны аграном Аляксандр Пілецкі, і вадзіцелі аўтамабіляў МАЗ Міхаіл Волат і Аляксандр Карлюк, і трактарыст Уладзімір Гаўрык…
Паўтара года прывыкання дырэктара і калектыву адзін да аднаго, а таксама пачатковы вопыт іх сумеснай дзейнасці на агульную карысць ужо ў мінулым. Хочацца верыць, што маладосць Аляксандра Логіша, яго энергічнасць і жаданне дасягнуць вынікаў — з аднаго боку і вопыт большай часткі работнікаў, іх прыхільнасць да справы, якую яны выконваюць, — з другога ў далейшым паспрыяюць поспеху гэтага сельгаспрадпрыемства.
[caption id="attachment_71807" align="aligncenter" width="560"]
■ Работнікі бухгалтарскай і эканамічнай службаў[/caption]
Аксана Міхайлоўская
***
Паважаныя работнікі ААТ «Душава», ветэраны працы!
Віншуем вас, сапраўдных працаўнікоў, са святам! Жадаем, каб кожны год для вас быў ураджайным, прыносіў поспехі і станоўчыя вынікі. Росквіту і дабрабыту вам, здароўя і добрага настрою!
Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ААТ «Душава»
Комментарии