Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

СХФ "Рудное": преодолевая трудности

15.11.2018
Сельская гаспадарка — справа не з лёгкіх. Але аграрыі Капыльшчыны да выканання сваіх абавязкаў ставяцца сур’ёзна. Не выключэнне і СГФ «Руднае». У тым выглядзе, які гаспадарка мае зараз, СГФ «Руднае» ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» існуе з 2013 года, калі адбылося  аб’яднанне двух сельскагаспадарчых філіялаў — «Браткава» і «Руднае». Спецыялізуецца прадпрыемства на раслінаводстве, вырошчванні буйной рагатай жывёлы і вытворчасці малака. Плошча «Руднага» зараз складае 6329 га, з іх сельгасугоддзяў — 5900 га, 5000 пашы. Цукровыя буракі займалі 700 га, рапс — 400 га, збожжавыя — 2200 га. Вось ужо другі год кіруе сельгаспрадпрыемствам Уладзімір Лагута. Адным з надзейных памочнікаў дырэктара з’яўляецца галоўны аграном Віталь Купрыянчык, які лічыць, што дзень прайшоў выдатна тады, калі… ад працы ныюць рукі ці спіна. Па ўсім відаць, спецыяліст апантаны працай. Цэлы дзень за баранкай УАЗіка, які з гумарам называе «кацер». Ды і на самай справе, машына з лёгкасцю пераадольвае шматлікія сельскагаспадарчыя перашкоды, якімі багаты працоўныя дарогі галоўнага агранома. Стаж Віталя Аляксандравіча ў сельскай гаспадарцы складае больш за 20 гадоў. Пачынаў брыгадзірам, таму ўсе асаблівасці аграрнай справы ведае ад А да Я. З лёгкасцю знаходзіць агульную мову са сваімі калегамі і не толькі. Лічыць, што трэба да кожнага чалавека знайсці ўласны падыход, уважліва выслухаць, падбадзёрыць словам, а тады і працаваць з ім лягчэй. [caption id="attachment_71791" align="aligncenter" width="560"]■ Віталь Купрыянчык і Вячаслаў Мут ■ Віталь Купрыянчык і Вячаслаў Мут[/caption] — Адамаўна, паехалі тваіх у газету фатаграфаваць! — з усмешкай звяртаецца Купрыянчык да галоўнага заатэхніка Ганны Крывецкай. —  Як тут адмовіш?  — З задавальненнем! Тым больш што ёсць каго, — у тон яму адказвае Ганна Адамаўна. — Ды і ехаць ёсць куды: у прадпрыемстве зараз сем ферм —пяць малочнатаварных і дзве па адкорме буйной рагатай жывёлы. Усяго на 1 лістапада бягучага года налічваецца 3815 галоў, з іх 1492 — дойнага статка. У  першую чаргу завітаем на МТФ «Руднае». І на самай справе, спецыялісты там працуюць старанныя. Слесар Аляксандр Насевіч абслугоўвае апараты ў даільнай зале з 2013 года, а ў гаспадарцы ўжо 20 гадоў. Таму складанасцей у сваёй працы не бачыць. Добрасумленна адносіцца да выканання абавязкаў яго навучыла маці, якая тут жа даглядае цялят. [caption id="attachment_71792" align="aligncenter" width="350"]■ Слесар Аляксандр Насевіч ■ Слесар Аляксандр Насевіч[/caption] — Ганна Мікалаеўна Насевіч адпрацавала даяркай 32 гады і амаль увесь час была перадавіком вытворчасці, — расказвае Ганна Крывецкая. — Яна такі добры спецыяліст, што пасля таго, як пайшла на заслужаны адпачынак, мы яе папрасілі застацца. Зараз яна сочыць за цяляткамі з моманту нараджэння і да двух з паловай месяцаў. Сутачная прывага цялят складае 800 г. — Даяркай працаваць няпроста, але даглядаць малых цялятак яшчэ складаней, бо да кожнага патрэбен свой падыход, — дзеліцца Ганна Мікалаеўна. [caption id="attachment_71793" align="aligncenter" width="350"]■ Жывёлавод Ганна Насевіч ■ Жывёлавод Ганна Насевіч[/caption] Тут жа з двара фермы вывозіць арганіку механізатар Дзмітрый Сокал, стаж якога — 17 гадоў. Звычайна ён працуе на хімпраполцы ці на адвозцы саломы, але калі ўзнікае патрэба, выконвае розныя даручэнні. У дзень, калі мы завіталі на ферму, каровам «рабілі манікюр», а дакладней санітар Уладзімір Пятровіч і ўрач-артапед Раман Ляташка з райветстанцыі падпілоўвалі рагулям капыты. Такая працэдура дазволіць жывёлам пазбегнуць шматлікіх хвароб. На ТФ «Кралімонты» таксама працуюць старанныя людзі. Добрасумленна даглядаюць жывёлу Раман Сельвановіч, Сяргей Карзей, Віктар Марціновіч, Аляксандр Крывецкі і загадчык Галіна Бурак. Таму тут і добрыя прывагі — па 800-850 г у суткі, усяго ж на адкорме знаходзіцца 217 бычкоў і 85 цельных цёлак. [caption id="attachment_71794" align="aligncenter" width="560"]■ Загадчык ТФ «Кралімонты» Галіна Бурак (у цэнтры), раман Сельвановіч, Сяргей Карзей, Віктар Марціновіч, Аляксандр Крывецкі ■ Загадчык ТФ «Кралімонты» Галіна Бурак (у цэнтры), раман Сельвановіч, Сяргей Карзей, Віктар Марціновіч, Аляксандр Крывецкі[/caption] Высокія вынікі паказваюць і на МТФ «Браткава», якую ўзначальвае Наталля Залужная. Добра раздойваюць кароў і сочаць за імі аператары машыннага даення Кацярына Слонім, Алена Сінькевіч, Вольга Мазунова. [caption id="attachment_71795" align="aligncenter" width="560"]■ Аператары машыннага даення Кацярына Слонім, Алена Сінькевіч і Вольга Мазунова ■ Аператары машыннага даення Кацярына Слонім, Алена Сінькевіч і Вольга Мазунова[/caption] Не сядзяць склаўшы рукі і механізатары. На полі Ракава ідзе ўзворванне зябліва. Праводзіць яго механізатар Вячаслаў Мут. Быў час, калі малады мужчына шукаў лепшае месца працы, але зразумеў, што любіць працаваць менавіта на зямлі, таму і вярнуўся ў родную гаспадарку. У Заракаўцах, на так званым Саўгаскім полі, таксама ідзе ўзворванне. Час, калі мы завіталі сюды, быў ужо абедзенны, таму працаўнікам прывезлі ежу. Раздатчыца Настасся Яроменка падае абед механізатару Віталю Паграбіцкаму, які толькі-толькі паспеў пад’ехаць. Дарэчы, кормяць у гаспадарцы смачна і разнастайна: тут табе і капуста, і грэчка, і гуляш, і катлеты. Толькі працуй старанна.  Адгружае цукровыя буракі на полі з цікавай назвай Смаленшчына брыгада Віктара Татура. Да іх раз-пораз пад’язджаюць вялікія МАЗы, на якія вадзіцель пагрузчыка Анатоль Зяньковіч адгружае буракі. Але час — абедзенны, таму і сюды пад’ехала машына з ежай. Працаўнікі з вялікім апетытам прыняліся за першае, другое і трэцяе: сядзяць, жартуюць. Так дзень за днём, пераадольваючы цяжкасці, працуюць аграрыі, вымяраючы новы сельскагаспадарчы год ад аднаго свята да другога. Дзіяна ТКАЧЭНКА *** Дарагія калегі! Ветэраны працы! Мы віншуем вас са святам, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто любіць родную зямлю, сваімі добрасумленнымі адносінамі да справы, бязмежнай адданасцю абагачае яе, робіць прыгажэйшай і багацейшай. Шчыра жадаем выдатнага здароўя і шчасця, дабрабыту, новых багатых ураджаяў і належных прыростаў усім, хто свой жыццёвы шлях і лёс звязаў з высакароднай працай на зямлі, хто ў сельскай гаспадарцы знайшоў сэнс жыцця.  Хай вашы працоўныя будні, так неабходныя нашай краіне, стануць для вас ганаровым абавязкам. Адміністрацыя і прафкам СГФ «Руднае»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей