Якім павінен быць сапраўдны настаўнік? Мабыць, такім, як мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Мікалаеўна Ляўковіч.
Вось ужо 22 гады яна з задавальненнем вучыць дзяцей роднай мове і літаратуры. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. А як прыгожа гучыць з яе вуснаў родная мова! Урокі Галіны Мікалаеўны адрозніваюцца змястоўнасцю і цікавасцю, бо яна імкнецца зрабіць так, каб урок уздзейнічаў не толькі на розум, але і на сэрца і пачуцці вучня. Настаўніца поўнасцю аддаецца любімай справе. У ёй гарманічна спалучаюцца строгасць і дабрыня, цвёрдасць характару і душэўная цеплыня, патрабавальнасць і справядлівасць. Наша настаўніца валодае ўменнем убачыць у кожным вучні асобу, дапамагчы знайсці сябе, свой шлях. На яе ўроках заўсёды спрыяльны псіхалагічны клімат.
Шмат часу Галіна Мікалаеўна аддае падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Яе вучні неаднаразова з’яўляліся пераможцамі і прызёрамі раённай алімпіяды па беларускай мове. Добрыя веды паказваюць выхаванцы Галіны Мікалаеўны і на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаюць факультатыўныя заняткі, якія праводзіць настаўніца. Таму кожны навучальны год колькасць наведвальнікаў іх расце. Традыцыйнымі ў школе сталі тыдні беларускай мовы і літаратуры, сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі, экскурсіі па родным краі, наведванні тэатраў.
Галіна Мікалаеўна – цікавы суразмоўца, заўсёды можа даць добрую параду, падтрымаць у цяжкую хвіліну, дапамагчы. За гэта яе любяць і паважаюць вучні.
Таццяна АБРАМОВІЧ,
вучаніца 10 «А» класа СШ №3 г. Капыля
Комментарии