Дом надзеі — гэта Дом сумеснага самастойнага пражывання для састарэлых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і пражываюць на тэрыторыі Капыля і Капыльскага раёна. Ён быў адкрыты як рэалізацыя мясцовай ініцыятывы, што праходзіла ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Галоўным ініцыятарам стаў Капыльскі ТЦСАН. Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Партнёрамі ў рэалізацыі ініцыятывы выступілі Капыльская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» і ТАА «Капыльскі энергасэрвіс».
Год таму першых жыхароў сустрэў Дом надзеі, які знаходзіцца ў Грозаве. І каб павітаць бабуль, якія ўжо сёлета ўладкаваліся тут на зіму, іх па добрай традыцыі наведалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валянціна Козіч, дырэктар Капыльскага ТЦСАН Святлана Маліноўская і яе намеснік Вольга Ліпніцкая.
[caption id="attachment_71691" align="aligncenter" width="560"]
■ Святлана Маліноўская і Валянціна Козіч[/caption]
Адчыніўшы дзверы Дома надзеі, звяртаеш увагу на цеплыню, якая агортвае цябе амаль адразу, на пах ежы, што гатуецца для жыхароў (а дакладней, жыхарак, бо зараз тут знаходзіцца шэсць жанчын). Словам, вакол цябе распаўсюджваецца па-сапраўднаму хатняя атмасфера. У зале на століку ляжаць газеты і часопісы, сярод іх — раёнка. Відаць, жыхароў цікавяць навіны і падзеі, якія адбываюцца не толькі на Капыльшчыне. Вось у адным пакоі бавяць час бабулькі. Жанчыны акуратныя, у іх вачах — надзея і вялікі жыццёвы вопыт. Надзея Адамаўна Вісловіч прыехала сюды з Ванелевіч. Зараз ёй 92 гады. Знаходзіцца ў Доме надзеі крыху больш за два тыдні. У бабулі ўжо нікога не засталося — жыве адна, таму адчувае патрэбу ў клопаце. Валянціне Іосіфаўне Салановіч — 87 гадоў, і прыехала яна з Нізкавіч. Жанчыне ўсё падабаецца, бо яна добра разумее: адной, тым больш з яе здароўем, цяжка жыць у сялянскай хаце. З Карачоўшчыны сюды прыбыла 93-гадовая Аляксандра Рыгораўна Матус. І стравы, і догляд бабулі таксама прыйшліся даспадобы.
[caption id="attachment_71690" align="aligncenter" width="560"]
■ Бабулі дзеляцца ўражаннямі[/caption]
— Каб усюды было так, як тут, — упэўнена гаворыць Марыя Паўлаўна Давідоўская, якая знайшла прытулак у другім пакоі Дома надзеі. — І кормяць смачна, і даглядаюць нас, старых людзей, добра.
З ёй згодна і Ванда Мікалаеўна Яфімчык, жыхарка вёскі Папоўцы, якой споўнілася 88 гадоў. А вось Зінаіда Фёдараўна Каляда на зіму ў Дом надзеі прыехала ўжо ў другі раз. Летась яна восень, зіму і больш халодную частку вясны таксама правяла пад доглядам, у цеплыні і камфорце.
За тым, каб бабулі смачна паелі, каб у іх пакоях былі чысціня і парадак, сочыць сацыяльны работнік Святлана Афанасьева. Дарэчы, жанчына працуе тут таксама другі год. І гэта пах яе катлет, якія яна гатавала для сваіх падапечных, разносіўся па доме.
[caption id="attachment_71689" align="aligncenter" width="560"]
■ Святлана Афанасьева гатуе ежу[/caption]
Як вядома, госці без падарункаў не прыходзяць, таму бабулі шчыра радаваліся салодкім пачастункам.
— Гэта вам, дарагія нашы жанчынкі, каб жылося крыху смачней, — гаворыць Валянціна Козіч, уручаючы кожнай бабулі падарунак.
З добрым словам звярнулася да сваіх падапечных і Святлана Маліноўская. Яна пажадала жанчынам дабра і здароўя.
— Мы вельмі рады, што Дом надзеі запатрабаваны, — пазней пракаменціравала Святлана Станіславаўна. — Летам тут паляпшалі здароўе інваліды і састарэлыя людзі, якія з’яўляюцца наведвальнікамі Капыльскага ТЦСАН. А на халодныя месяцы ізноў пасяліліся тыя, каму па ўзросце неабходны догляд і клопат. Бо пражыванне ў Доме надзеі — гэта малазатратная форма жыццеўладкавання.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии