Залатое лісце клёнаў, шчодра рассыпанае на сцэне раённага Цэнтра культуры ўдзельнікамі творчага мерапрыемства; сонечны, прыўзняты настрой, градус якога толькі павышаўся ад яскравых жартаў, вясёлых песень, заліхвацкіх танцаў; гучныя воклічы балельшчыкаў, што прыйшлі падтрымаць сваю каманду. Такім запомніўся раённы адборачны конкурс КВЗ «Восеньскі марафон».
[caption id="attachment_71638" align="aligncenter" width="560"]

■ Выступае каманда «Максімум» (СШ № 2 г. Капыля)[/caption]
Удзельнікамі яго сталі навучэнцы ўстаноў адукацыі Капыльскага раёна, а арганізавалі свята гумару і смеху камісія па справах непаўналетніх Капыльскага райвыканкама, раённы аддзел унутраных спраў, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА «БРСМ». Невялікі нюанс — у склад каманды ўваходзілі падлеткі, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа або якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Праз усе конкурсныя заданні чырвонай ніткай праходзіла тэма фарміравання ў непаўналетніх здаровага ладу жыцця, актыўнай жыццёвай пазіцыі, прыцягнення падлеткаў да творчай дзейнасці.
Для адданых прыхільнікаў гульні КВЗ добра знаёмы конкурсы, прыняць удзел у якіх прапаноўвалася камандам. Гэта «візітоўка», размінка, відэаконкурс (агучванне вядомага фільма альбо ўласнага роліка) і музычнае дамашняе заданне. Кожны калектыў пастараўся найбольш ярка прадэманстраваць свае таленты: артыстызм, дасціпнасць, уменне трымацца на сцэне, хуткасць рэакцыі пры адказе на закавырыстыя пытанні. Таму членам журы, якое ўзначаліла Алена Карповіч, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, было няпроста. Тым не менш з задачай сваёй яны справіліся і вызначылі самых вясёлых і знаходлівых.
Тройка лепшых выглядае наступным чынам: першае месца ў каманды «Мажскі экстрым» з Капыльскага дзяржаўнага каледжа, другі рэзультат паказалі прадстаўнікі «Максімума» (СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага), трэцяе — у «Gорького Street» (гімназія № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі). Яны атрымалі Дыпломы і вялікія тарты, якія для пераможцаў і прызёраў падрыхтавалі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Капыльскага РАУС.
Былі таксама ўручаны спецыяльныя прызы. Ад упраўлення па адукацыі, спорце і турызме — камандам «Стомленыя сонцам» (Лясноўская школа), «Восень» (Семежаўская), «Смурфікі» (Старыцкая), «Пульс» (Каменская), «Лісце залатое» (Камсамольская). Райкам ГА «БРСМ» вызначыў «Містара КВЗ» і «Міс КВЗ» — імі сталі Аляксандр Барадаценка (Бучацінская школа) і Маргарыта Стрыевіч (Цімкавіцкая СШ). Ад камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама памятныя падарункі атрымалі каманда «Такія розныя» (Песачанская школа), Юрый Вілюха з Капыльскага дзяржаўнага каледжа, гімназісткі Паліна Кісялёва і Аляксандра Смаль. Таксама ўсім камандам былі ўручаны дыпломы ўдзельнікаў і памятныя падарункі.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии