Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

28

У Краіне ведаў

14.04.2011
На базе дзяржаўнай установы адукацыі “Семежаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – агульнаадукацыйная сярэдняя школа” адбылося пасяджэнне савета аддзела адукацыі з удзелам дырэктараў навучальных устаноў Капыльшчыны. На парадак дня былі вынесены такія пытанні, як занятасць вучняў у перыяд канікул, падвядзенне вынікаў франтальнага вывучэння дзейнасці педкалектыву школы ў перыяд з 2005 па 2010 г., заканчэнне бягучага навучальнага года, правядзенне выпускных экзаменаў і г. д. Вось ужо больш за 140 гадоў налічвае гісторыя навучальнай установы ў Семежаве, калі ў 1868 годзе пачало працаваць двухкласнае народнае вучылішча. З таго часу каля 2000 выпускнікоў атрымалі тут трывалыя веды, якія дапамаглі ўпэўнена выйсці ў самастойнае жыццё. Многія з іх сталі гонарам не толькі капыльскай зямлі, але і ўсёй рэспублікі. Адзін з іх – Герой Беларусі Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі. Удзельнікі мерапрыемства наведалі дом-музей вядомага земляка, экскурсію па якім правялі вучні Семежаўскай СШ. Таксама для кіраўнікоў устаноў адукацыі прайшла прэзентацыя мясцовай адзінаццацігодкі, якую правёў дырэктар установы адукацыі Сяргей Апон. Ён паведаміў, што ў школе на дадзены момант навучаецца 161 вучань і 45 дашкольнікаў наведваюць дзіцячы сад. Падзяліўшыся на групы, педагогі пазнаёміліся з работай платнага агульнаадукацыйнага гуртка па дзіцячым дызайне, дзе займаюцца вучні 1 – 4 класаў. Цікавым стала і адкрытае мерапрыемства ў рамках метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў “З намі смех”. Як заўсёды, багатым на станоўчыя эмоцыі былі спаборніцтвы па рухомых гульнях “Вас выклікае Спартландыя”, у якіх свае спрыт і хуткасць дэманстравалі вучні 5 – 7 класаў. Захаванне народных традыцый – неад’емная частка выхаваўчай работы педагогаў мясцовай адзінаццацігодкі. У гэтым упэўніліся ўдзельнікі мерапрыемства падчас майстар-класа на занятках школы ткачоў. Пад кіраўніцтвам народнага майстра Беларусі Валянціны Міхайлаўны Кіені старэйшыя школьнікі авалодваюць тонкасцямі старажытнага мастацтва. Адным з поспехаў юных ткачоў, прызнаннем іх высакароднай справы можна лічыць запрашэнне на рэспубліканскае свята “Дажынкі-2011”, якое пройдзе ў г. Маладзечна. Пасля кава-паўзы на пасяджэнні савета аддзела адукацыі на чале з Аляксеем Абросімавым, якое праходзіла ў актавай зале сярэдняй школы, былі падведзены вынікі франтальнага вывучэння дзейнасці педкалектыву ДУА “Семежаўскі ВПК дзіцячы сад – агульнаадукацыйная сярэдняя школа”. У рабоце савета прынялі ўдзел намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі Галіна Казак і начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі Соф’я Фалістовіч. Асаблівая ўвага адміністрацыі школы была звернута на некаторыя нюансы ў вядзенні дакументацыі і рабоце са здольнымі дзецьмі. А ўвогуле вядзенне вучэбна-выхаваўчай дзейнасці педкалектыву прызнана здавальняючым. Наступным стала пытанне завяршэння 2010 – 2011 навучальнага года і правядзення выпускных экзаменаў. Так, апошні школьны званок для вучняў Капыльскага раёна прагучыць 30 мая, а выпускны баль пройдзе 11 – 12 чэрвеня. У заключэнне кіраўнікам школ была даве- дзена інфармацыя аб выкананні ўстановамі адукацыі мерапрыемстваў, прысвечаных Году якасці. Яшчэ хацелася б адзначыць вельмі паказальны факт работы семежаўскіх педагогаў, на якім амаль не засяроджвалася ўвага: за справаздачны перыяд ні адзін вучань школы не здзейсніў ніводнага правапарушэння. А гэта ці не самы галоўны паказчык менавіта вучэбна-выхаваўчага працэсу. Сяргей ЛАЗОЎСКІ

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей