У сваім невялікім матэрыяле маю намер расказаць аб людзях блізкіх, добразычлівых, міласэрных, прафесійна адукаваных, адданых сваёй справе. Менавіта пра такіх хочацца чытаць у друку, бачыць у тэлевізійных замалёўках.
Калі да мяне прыязджае з Мінска ўнук, то здзіўляецца таму, як я ўсё ведаю пра Капыль. Пытаецца, як я без машыны дабіраюся ў цэнтр горада і не толькі. Гавару: у мяне на аўтастанцыі многа знаёмых людзей. Тут адчуваеш, чым дыхае чалавек, тут прапусцяць нямоглага наперад, нават крышку падсадзяць у аўтобус, бо прыступкі ў большасці нашых аўтобусаў вельмі высокія. Добрую атмасферу ў аўтобусе стварае кантралёр Юрый Паграбіцкі, лагодны, усмешлівы, цярплівы. Нават калі пасажыр разгубіўся, не памятае, у якую кішэню схаваў праязны, кантралёр цярпліва падбадзёрвае чалавека ў гадах. І пасажыры ўздыхаюць глыбока, спакойна.
Здараюцца ў дарозе абставіны, што не памятаеш час прыбыцця бліжэйшага аўтобуса, а прачытаць пры дрэнным зроку немагчыма. І тут з аўтастанцыі чуеш упэўнены голас білетных касіраў Наталлі Гурскай ці Наталлі Тарчылы. А старшы касір Святлана Уласік рас-тлумачыць, якім аўтобусам хутчэй можна даехаць да месца. Вялікі дзякуй вадзіцелю Аляксандру Зорычу за спачувальнасць хвораму чалавеку па дарозе ў бальніцу.
Дзмітрый Баран, Леанід Калоска, Арцём Русаковіч — маладое пакаленне вадзіцеляў аўтобусаў. Працуюць яны на Капыльскай аўтастанцыі не вельмі даўно, але безумоўным аўтарытэтам карыстаюцца ў пасажыраў, бо ў кожным бачаць чалавека з яго шматлікімі праблемамі. Яны — добра выхаваныя, спагадлівыя, а гэта значыць, блізкія нам людзі.
З павагай — Анна АРЛОЎСКАЯ,
член райсавета ветэранаў вайны і працы
Комментарии