Мне пашчасціла працаваць у апараце Капыльскага райкама камсамола з 1981 года: спачатку загадчыкам сектара ўліку, сакратаром, другім сакратаром. У 1984 годзе камсамольцы раёна аказалі давер і абралі мяне першым сакратаром Капыльскага РК ЛКСМБ. Камсамольская арганізацыя ў той час налічвала больш за пяць тысяч камсамольцаў, аб’яднаных у 110 пярвічных камсамольскіх арганізацый.
[caption id="attachment_71237" align="aligncenter" width="560"]

■ Ніна Скрыпінская, 2018 г.[/caption]
На рахунку камсамольскай арганізацыі было шмат значных спраў. Сярод працоўнай моладзі раёна было разгорнута спаборніцтва. Лепшымі прызнаваліся камсамольска-маладзёжныя калектывы калгаса імя Ціміразева, племзавода імя Дзяржынскага, АМП «Капыльскае». Спаборніцтва на жніве праводзілася на прыз Уладзіміра Русаковіча, сакратара камсамольскай арганізацыі саўгаса «Крыніца», лепшага механізатара, узнагароджанага ордэнам Працоўнай славы III ступені і знакам ЦК ВЛКСМ «Залаты колас», дэлегата XVIII з’езда камсамола. Яго жыццё абарвалася на самым узлёце, але засталіся яго справы, памяць пра яго.
Вялікая работа ў раёне ў той час праводзілася па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Гэта правядзенне гульняў «Зарніца» і «Арляня», збор сродкаў і пасылак для тых, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, мотапрабег па месцах баявой славы, пошукавая праца. Запомніўся фестываль савецка-кубінскага сяброўства, працоўная акцыя ў калгасе «Семежава», сустрэча з моладдзю з Даніі.
Не адзін суботнік камсамольцы правялі на будаўніцтве танцпляцоўкі, кафэ «Капылянка», прыбудовы да СШ № 2 г. Капыля. Не пакінулі абыякавымі першы фестываль бардаўскай песні, камсамольска-маладзёжныя «агеньчыкі», вечары, правядзенне камсамольскіх вяселляў, турзлётаў і спартакіяд. Гэта была выдатная форма баўлення вольнага часу.
У 1985 годзе камсамольцы раёна рыхтаваліся годна сустрэць ХII Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве. І заўсёды ў гушчы моладзі былі камсамольскія актывісты, працавітыя, прынцыповыя, клапатлівыя, часам бескампрамісныя. Ім сёння асаблівыя словы падзякі — Аляксандру Раманоўскаму, Івану Гусеву, Ганне Баран, Дзіяне Якубоўскай (Макаронак), Міхаілу Давідоўскаму, Алене Пінчук, Сяргею Малібошку, Нэлі Камінскай (Гусевай), Зінаідзе Шыманскай, Аляксандру Корзуну, Людміле Недасецы, Сяргею Сераму, Віктару Бянько, Івану Вядзёрку, Мікалаю Горду, Сяргею Сцяпанаву, Марыі Шалік (Шэінай), Уладзіміру Паграбіцкаму, Святлане Бохан, Таццяне Серай і многім-многім іншым.
Райкам камсамола заўсёды знаходзіў падтрымку і дапамогу ў старэйшых піянерважатых. Гэта былі сапраўдныя лідары піянерыі. Наталля Ляшчэвіч і Яўгенія Венцаловіч з СШ № 2 г. Капыля, Антаніна Жук з Цімкавіцкай СШ, Надзея Сыса з СШ № 3 г. Капыля, Вольга Каляда з Вялікараёўскай СШ, Ларыса Марціновіч з Доктаравіцкай СШ.
У 1987 годзе мяне запрасілі ў Мінскі абкам партыі і прапанавалі паехаць вучыцца ў Вышэйшую партыйную школу ў Алма-Аты ці Баку з перспектывай застацца на выкладчыцкай рабоце. Я выбрала Баку. Так мой лёс стаў звязаны са сталіцай Азербайджана, а затым — з горадам Петрапаўлаўскам-Камчацкім на другім краі нашага былога СССР.
Школа камсамола — гэта школа патрыятызму і кіравання, зносін і ўзаемадапамогі, чалавечых узаемаадносін. Камсамол! Слова, якое сагравае сэрцы многіх людзей. Таму што камсамол — гэта наша маладосць, выдатная сама па сабе; таму што камсамол — гэта сябры, верныя і адданыя; таму што камсамол — гэта жаданне зрабіць свет лепшым і больш добрым.
[caption id="attachment_71238" align="aligncenter" width="350"]

■ Ніна Купрэйчык (Скрыпінская) (справа) з актывістамі Аляксандрам Сярпінскім, Алегам Іўліевым і Марыяй Шэінай, 1987 г.[/caption]
[caption id="attachment_71239" align="aligncenter" width="350"]

■ Першы сакратар РК ЛКСМБ Ніна Купрэйчык (Скрыпінская) з Героем Савецкага Саюза У. Наржымскім, 1987 г.[/caption]
Ніна СКРЫПІНСКАЯ (КУПРЭЙЧЫК),
настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 2
г. Капыля імя Цішкі Гартнага», першы сакратар Капыльскага РК ЛКСМБ у 1984-1987 гадах
Комментарии