Віктар Максімавіч Плашкевіч вядомы на Капыльшчыне як добры арганізатар, адказны і ініцыятыўны чалавек. І асновай яго паспяховасці, па ўласным жа меркаванні, стаў менавіта камсамол.
[caption id="attachment_71234" align="aligncenter" width="560"]

■ Віктар Плашкевіч, 2018 г.[/caption]
На Капыльшчыну малады настаўнік гісторыі Віктар Плашкевіч трапіў у 1975 годзе пасля заканчэння БДУ. Першае месца працы — Бальшавісцкая СШ. У верасні таго ж года адбылася і першая сустрэча з мясцовым камсамольскім актывам. Маладога чалавека заўважылі і хутка запрасілі на работу ў райкам на пасаду інструктара аргаддзела. З тае пары камсамол стаў неад’емнай часткай жыцця Віктара Максімавіча.
— Камсамол дапамог мне пазнаць не толькі людзей, але і, перш за ўсё, самога сябе, — успамінае Віктар Максімавіч. — Я прайшоў усе прыступкі камсамольскай лесвіцы: інструктар – загадчык аргаддзела – другі сакратар – першы сакратар. Таму добра ведаю жыццё моладзі таго часу. Напрыклад, мне як маладому супрацоўніку тагачасны першы сакратар райкама Іван Сакалоўскі даў адказнае, але працаёмкае даручэнне: трэба было ўдакладніць спісы камсамольцаў у раёне. Для гэтага неабходна было аб’ехаць усе (!) пярвічкі, пагутарыць з кожным яе сакратаром і даведацца пра лёс некаторых камсамольцаў. Гэта дапамагло мне добра вывучыць раён, пазнаёміцца з людзьмі. Са многімі мы пасябравалі і да гэтай пары падтрымліваем адносіны. Напрыклад, Міхаіл Давідоўскі — былы сакратар пярвічкі калгаса «Радзіма», Віктар Станкевіч — саўгаса «Доктаравічы», Барыс Самахвал — саўгаса «Лясное». Лічу, што добрую школу прайшлі і былы другі сакратар райкама Уладзімір Паляшчук, які, дарэчы, скончыў Вышэйшую камсамольскую школу ў Маскве, а потым працаваў пракурорам раёна, і Анатоль Віяленцій.
На жаль, многія ўжо пайшлі з жыцця, але не ўспомніць іх я не магу: Холад Міхаіл — сакратар пярвічкі калгаса «Піянер», Аляшкевіч Міхаіл — калгаса «Праца», Лук’янчык Вера — райспажыўтаварыства, Бенеш Уладзімір — калгаса «Прагрэс». Кожны з іх быў на сваім месцы.
І сёння, калі Віктар Максімавіч расказвае пра камсамольскае жыццё, у яго вачах запальваецца агеньчык маладосці. Ён нібы вяртаецца ў мінулае:
— Разумееце, камсамол на самай справе дапамагаў выхоўваць моладзь! Чалавек адчуваў, што ён і яго лёс хвалююць іншых. А мы, камсамольскія лідары, заўсёды ведалі, што ў нас ёсць справядлівы, але і жорсткі куратар — камуністычная партыя, якая не толькі патрабавала, аднак і добра вучыла.
Самым адказным мерапрыемствам для нас, камсамольцаў, была справаздачна-выбарная канферэнцыя. Да яе старанна рыхтаваліся, бо трэба было перад юнакамі і дзяўчатамі раёна трымаць адказ за зробленае. Спачатку першы сакратар рабіў даклад, а потым адбываліся выбары камсамольскага актыву. Штоквартальна праходзілі пленумы, штомесяц — сходы ў пярвічках.
Вельмі ўрачыстымі былі злёты перадавікоў вытворчасці, калі на сцэну разам з вопытнымі працаўнікамі запрашалі і маладых людзей, якія з рук першага сакратара райкама камсамола атрымлівалі памятныя значкі і падарункі.
Ды і ў справах грамадства моладзь заўсёды брала актыўны ўдзел: новабудоўлі, суботнікі, сельскагаспадарчыя работы. А культурнае жыццё юнакоў і дзяўчат адрознівалася разнастайнасцю і цікавымі мерапрыемствамі. Шматлікія конкурсы, песні пад гітару, камсамольскія вяселлі…
Але, галоўнае, камсамол — гэта, калі хочаце, школа чалавечых адносін. Мы заўсёды давяралі адзін аднаму, стараліся не падводзіць, шчыра сябравалі.
[caption id="attachment_71233" align="aligncenter" width="560"]

■ На злёце піянераў рапарт прымае другі сакратар РК ЛКСМБ, старшыня піянерскай раённай арганізацыі Віктар Плашкевіч, 1979 г.[/caption]
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии