«Хараство славянскага ўзору» – менавіта так называецца выстава майстра Алы Раеўскай, што размясцілася ў выставачнай зале раённага краязнаўчага музея.
Вышыўка для Алы Марксаўны – гэта хобі, якім жанчына з захапленнем займаецца ў вольны ад работы час. Працуе яна на адказнай пасадзе – намеснікам старшыні Капыльскага райвыканкама, але, нягледзячы на сваю занятасць, з’яўляецца руплівай майстрыхай, займаецца тэхнікай вышыўкі крыжыкам і новым відам мастацтва — вышыўкай стужкамі. Справа гэта хоць і карпатлівая, але прыносіць свой плён. Бачылі б вы, якія прыгожыя работы атрымоўваюцца ў выніку. Слоў не хопіць, каб апісаць усё ўбачанае. Работы Алы Раеўскай вылучаюцца прыгажосцю і арыгінальнасцю, каларытнасцю і разнастайнасцю кампазіцый. Па ўсіх законах жанру яна вышывае карціны, якія потым цудоўна ўпісваюцца ў сучасны інтэр’ер, упрыгожваюць сцены яе дома на радасць сям’і, родным і сябрам.
Нягледзячы на тое, што вышыванне патрабуе ўседлівасці, гэта тая справа, якая можа захапіць, супакоіць, а потым па-сапраўднаму ўцягнуць цябе ў свет мастацтва і прыгажосці. Шэдэўры, створаныя Алай Марксаўнай, з густам аформлены, што выклікае прыемнае ўражанне ад убачанага. Трэба адзначыць, што работы таленавітай творцы не адзін раз экспанаваліся на традыцыйных святах.
Супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея адзначылі вялікую цікавасць капылян да выставы. Пазнаёміцца з творчасцю мастачкі прыходзілі выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў, каб менавіта там правесці свой майстар-клас па вышыўцы, а таксама тыя, хто цэняць прыгажосць, арыгінальнасць і цікавяцца народным мастацтвам. Па словах дырэктара раённага краязнаўчага музея Валянціны Шураковай, дадзеная выстава дазваляе не толькі адчуць гармонію народнага мастацтва, але і па-сапраўднаму выклікае жаданне рэалізаваць свае асабістыя творчыя магчымасці, якія перадаюцца нашым сучаснікам праз вопыт вось такіх майстроў-умельцаў, як Ала Марксаўна Раеўская.
Таццяна БОХАН
Фота аўтара
Комментарии