Моцная сям'я складаецца з павагі і ўзаемадапамогі, упэўнена шматдзетная маці Алена Грыцкевіч з аграгарадка Пясочнае.
Алена і Іван — гэта не проста сямейная пара, а частка вялікай дружнай сям'і, у якой выхоўваецца пяцёра дзяцей. Праўда, старэйшыя на парозе самастойнага жыцця: 19-гадовы Павел працуе электрыкам ва УП «ПІК-Лясное», а 17-гадовая Вольга вучыцца на настаўніка пачатковых класаў у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Я. Коласа. У сям'і яшчэ падрастаюць сямігадовая Дар'я, чатырохгадовы Цімоша і двухгадовы Арцём. Розніца паміж дзеткамі невялікая, таму растуць яны дружнай тройцай — маленькі, але калектыў. Хлапчукі ёсць хлапчукі: любяць гучна павесяліцца або пабіцца з-за якой-небудзь цацкі. Таму суцяшэнне шукаюць у Дашы, старэйшай у іх кампаніі. Сястрычка заўсёды падставіць плячо пакрыўджанаму, пашкадуе і прылашчыць абодвух братоў. І робіць гэта быццам між іншым, без лішніх слоў і з такімі клопатам і любоўю.
Усё змяняецца з прыходам бацькі: у хаце становіцца спакойна і ціха. Пасля працоўнага дня галаве сямейства хочацца адпачыць, ён жа асноўны здабытчык у сям'і, працуе трактарыстам у Колаўскім лясніцтве Капыльскага вопытнага лясгаса. Алена ж да водпуску па доглядзе за дзіцем працавала ў Песачанскай школе дворнікам, але ўжо некалькі гадоў знаходзіцца дома і выхоўвае дзяцей. Жанчыну па праве можна назваць захавальніцай хатняга ачага. Гаспадыня ўмее стварыць у доме ўтульнасць, смачна гатуе, а яшчэ яна працаўніца, якіх трэба пашукаць. Зараз не ўсялякая вясковая сям'я трымае карову, а вось у гэтай жанчыны малочная «карміцелька» ёсць. Дзеткі з задавальненнем п'юць малако, любяць яны таксама сыр, масла і тварог. А яшчэ ў хляве ёсць куры, якія забяспечваюць сям'ю яйкамі, качкі і свінні. На агародзе вырошчваюць агародніну, якую потым нарыхтоўваюць на зіму ў выглядзе хатніх кансерваў, а з ягад і садавіны гатуюць варэнне і кампоты. Спраўляцца з гаспадаркай, вядома ж, дапамагаюць муж і мама гаспадыні.
Да працы і самастойнасці прывучаюць і дзетак, выхоўваючы ў іх стрыманасць, працавітасць, настойлівасць, а яшчэ таварыскасць, добразычлівасць і прыхільнасць да родных і блізкіх. А іх, дарэчы, у сям'і Грыцкевічаў шмат, бо сам галава сямейства вырас у шматдзетнай сям'і. Так што сямейныя святы заўсёды шматлікія, вясёлыя і дружныя, а сямейныя каштоўнасці ўшанаваны.
— Без паразумення і ўзаемапавагі стварыць сям'ю немагчыма, — лічыць Алена. — Гэта галоўнае. Усё гэта мы і тлумачым сваім дзецям. На маю думку, у сям'і павінна быць як мага больш дзетак — гэта і ёсць сапраўднае шчасце.
Таццяна БОХАН
Комментарии