Прысвячаўся велапрабег Году малой радзімы, 100-годдзю ВЛКСМ, 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прайшоў у рамках міжнароднай акцыі «Дзень без аўтамабіля».

Удзел у ім прынялі прадстаўнікі грамадскіх, маладзёжных арганізацый, выхаванцы навучальных і спартыўных устаноў горада, навучэнцы каледжа. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Капыльскі райвыканкам, раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў «БРСМ» і «Белая Русь», раённая ветэранская арганізацыя і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Зыходным пунктам маршруту стаў помнік воінам-вызваліцелям Капыля на скрыжаванні вуліц Партызанскай і Цімкавіцкай. Тут да яго была ўскладзена гірлянда і адбылося адкрыццё мерапрыемства. Перад удзельнікамі прабегу выступіў старшыня РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі, які ўзгадаў пра баявыя падзеі мінулых гадоў. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
[caption id="attachment_70511" align="aligncenter" width="560"]

■ Ускладанне гірлянды да помніка воінам-вызваліцелям Капыля[/caption]
Наступны прыпынак — на вуліцы Заазёрнай. Тут устаноўлены помнік у памяць аб апошнім баі 1-й батарэі 255-га зенітна-артылерыйскага палка пад камандаваннем гвардыі капітана Іванова пры вызваленні Капыля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 1 ліпеня 1944 года.
Далей удзельнікі велапрабегу накіраваліся ва ўрочышча Гнілуха, на месца, дзе адбыўся першы на тэрыторыі раёна бой з удзелам партызанскіх атрадаў імя Чапаева, Катоўскага і Будзёнага. Таксама ўскладзены кветкі і да помніка воінам-вызваліцелям у аграгарадку Мажа.
Было падчас велапрабегу месца і для адпачынку — экааграсядзіба «Мядовая заімка» Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Тут можна было пазнаёміцца з абустройствам тэрыторыі, пачаставацца апетытнай юшкай, так званай салдацкай кашай і мядовым напіткам.
Крыху стомленыя, але з цудоўным настроем, усе ўдзельнікі вярталіся дамоў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии