Шлях у педагогі для настаўніцы рускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага Святланы Леанідаўны Сапешкі не быў выпадковым. Разам са сваімі аднакласнікамі яна вучылася ў педагагічным класе гэтай жа ўстановы адукацыі, таму да мэты вучыць ішла ўпэўнена.
[caption id="attachment_70396" align="aligncenter" width="560"]
■ Вера Васілеўская і Святлана Леанідаўна Сапешка[/caption]
Скончыўшы БДПУ імя М. Танка, Святлана Леанідаўна атрымала накіраванне на сваё першае месца працы — намеснік дырэктара Пацейкаўскай СШ. Таму прыходзілася не столькі вучыць, колькі вучыцца самой. Каб даваць метадычныя парады больш вопытным калегам, трэба было ведаць крыху больш, дапамагаць знаходзіць сучасныя падыходы. І сёння словы ўдзячнасці педагог гаворыць былому дырэктару Уладзіміру Аляксандравічу Лукашэвічу і яго намесніку Ірыне Леанідаўне Кандрукевіч.
Зараз Святлана Леанідаўна мае свой стыль работы. Ёсць і вынікі, якімі можна ганарыцца. Адзін з такіх — Дыплом ІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Гэтую ўзнагароду заваявалі разам з Верай Васілеўскай.
— Дзяўчынка вельмі разумная, шмат чытае, — расказвае Святлана Леанідаўна. — Заўважыла я яе ў 5 класе, калі стала класным кіраўніком. Вера заўсёды была з кніжкай, нават калі яе сябры гулялі на перапынках. Працаваць з ёй — адна асалода. А дапамагалі мне парады больш вопытных калег: Валянціны Сямёнаўны Саўчанкі, якая зараз на заслужаным адпачынку, а таксама Людмілы Леанідаўны Мілашэўскай і Ніны Аляксандраўны Скрыпінскай.
Настаўніца не застаецца ўбаку ад творчай і грамадскай дзейнасці: заўсёды прымае актыўны ўдзел у жыцці школы. Напрыклад, разам з вучнямі рыхтуе навуковае даследаванне. А яшчэ — гэты год выніковы для яе 11-класнікаў, таму наперадзе старанная падрыхтоўка да экзаменаў, да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Адным словам, прафесійнае жыццё патрабуе поўнай самааддачы і самаўдасканалення.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии