Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

71

На бывшего директора копыльской гимназии Зинаиду Васильевну Примич равняются многие ее последователи

07.10.2018
У кожнага з нас ёсць чалавек, чый уплыў адчуваеш на працягу ўсяго жыцця. І нават будучы дарослымі і самастойнымі людзьмі, мы вучымся ў іх. Не памылюся, калі скажу, што для большасці настаўнікаў гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі (ды не толькі іх) такім узорам была і застаецца яе першы дырэктар Зінаіда Васільеўна Прыміч. [caption id="attachment_70430" align="alignleft" width="274"]■ Зінаіда Васільеўна Прыміч ■ Зінаіда Васільеўна Прыміч[/caption] «У лідара ёсць дзве важныя рысы: па-першае, ён сам кудысьці ідзе, па-другое, ён можа павесці за сабой людзей». Гэтыя словы Максімільяна Рабесп’ера як нельга лепш характарызуюць дзейнасць Зінаіды Прыміч. У даволі складаны час узначаліўшы тады яшчэ «першую» школу, Зінаіда Прыміч зрабіла тое, што не заўсёды здолее зрабіць мужчына. Дзякуючы яе намаганням, ведам і характару быў узведзены новы будынак гэтай установы адукацыі, які і зараз прываблівае незвычайным дызайнам. Але пра ўсё па парадку. …9 студзеня 1997 года Зінаіда Васільеўна памятае вельмі добра. Гэта была нядзеля. І нягледзячы на выхадны дзень, яе запрасіў да сябе Вячаслаў Вячаслававіч Ярмалінскі, які ўзначальваў раённы аддзел адукацыі. Нагода была самая што ні на ёсць сур’ёзная. Ён прапанаваў Зінаідзе Васільеўне стаць дырэктарам СШ № 1 г. Капыля. І Прыміч, якая ўсё жыццё лічыла, што трэба рухацца наперад, пераадолеўшы сумненні, дала згоду. Першае ўражанне ад тагачаснай школы было зусім не радасным. Дзяцей навучалася 750, а памяшканняў для іх амаль не было. Цесная настаўніцкая, класы з фанернымі сценамі, старая пішучая машынка… Не, не такой павінна быць школа. І ўзвядзенню прыбудовы Зінаіда Прыміч аддавала ўвесь свой час, усе веды і характар. Нават сям’я адышла на другі план. І сёння з цеплынёй і ўдзячнасцю яна ўспамінае тагачасных дырэктара ПМК-194 Варламава В.М. і прараба Мікалая Клочку, начальніка Капыльскага УКБ Леаніда Бурака. Добрым дарадчыкам заўсёды была Людміла Камёнка. Ды і самі настаўнікі, вучні і іх бацькі не заставаліся ўбаку. Яны добрасумленна дапамагалі збіраць мэблю і расстаўлялі яе па класах, прыводзілі ў парадак памяшканні. Менавіта дзякуючы іх сумесным намаганням 1 верасня 2000 года адчыніў дзверы новы сучасны будынак. Гэта было такое доўгачаканае свята! Цяпер, як і марыла дырэктар, дзеткі будуць набываць веды ў новых светлых класах, на перапынках змогуць бавіць час у двухузроўневай рэкрэацыі — форуме.   Не паспелі адсвяткаваць, як прыйшоў яшчэ адзін загад: у раёне трэба стварыць установу адукацыі новага тыпу — гімназію. Паколькі самы сучасны будынак быў у СШ № 1, яе і вырашылі рэарганізаваць у гімназію.    …Каб стаць тым, хто яна ёсць і зараз, Зінаіда Прыміч сама ўвесь час вучылася. Спачатку ў сваёй першай настаўніцы са Скабінской васьмігодкі Казлоўскай Валянціны Сільвестраўны. Пазней вопыт лідарства і ўмення сябе трымаць пакрыху пераймала ў больш вопытных калег. А такіх было нямала. Першай асобай, у якой вучылася сябе пазіцыяніраваць, стала настаўніца хіміі ў школе для дзяцей рускіх ваеннаслужачых у г. Вітшток, што ў Германіі. Муж Зінаіды Васільеўны (дарэчы, яе аднакласнік) — ваенны, таму ўсё жыццё яна накіроўвалася за ім у розныя кропкі, і не толькі Савецкага Саюза. З 1981 года домам для сям’і Прымічаў стаў г. Талды Курган, пазней — Учарал і Джамбул у Казахстане. І ў кожным горадзе яна працавала ў школе, вучыла дзетак біялогіі і геаграфіі, але больш вучылася сама. Менавіта гімназія ў Джамбуле (такія ўстановы сталі з’яўляцца ў Савецкім Саюзе ў 80-х гадах ХХ стагоддзя) стала годным прыкладам. А дакладней — яе дырэктар Аліса Піліпаўна Несцерава. У класе, дзе класным кіраўніком з’яўлялася Зінаіда Васільеўна, было 30 вучняў. І ўсе — розных нацыянальнасцей. Да кожнага трэба было знайсці свой падыход. Дарэчы, Зінаіда Прыміч заўсёды лічыла, што асобу дзіцяці трэба паважаць і дапамагаць ёй развівацца. На яе ўроках геаграфіі дзеці адкрывалі для сябе навакольны свет, вучыліся рабіць высновы і прадбачыць. У першую чаргу настаўніца патрабавала парадак і дысцыпліну, бо толькі праз іх можна стаць паспяховымі людзьмі. Зінаіда Васільеўна выкарыстоўвала творчыя заданні, ужо тады сама распрацоўвала тэсты. Інфармацыйныя тэхналогіі толькі пачалі зараджацца, але іх важнасць настаўніца прадбачыла. Бацькі дзяцей заўсёды ішлі насустрач сучаснаму погляду педагога, дапамагалі. Каб пераймаць перадавы вопыт, разам з джамбульскімі калегамі ездзіла ў адну з гімназій Масквы. У пачатку 90-х гадоў муж звольніўся з радоў Узброеных Сіл. Сям’я вырашыла вярнуцца на сваю малую радзіму. Гарсавет, выхавацель ГПД, а затым і настаўнік у СШ № 3 г. Капыля — так пачынаўся прафесійны шлях на Капыльшчыне, так прыйшла да сапраўднага лідарства.   Мне пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам Зінаіды Васільеўны. Упэўнена, дзякуючы яе асабістаму імкненню да самаўдасканалення, калектыў заўсёды займаў лідарскія пазіцыі ў сістэме адукацыі раёна. Зінаіда Васільеўна была тым рухавіком, які не даваў гімназіі спыніцца. Кожнага настаўніка яна цаніла і паважала, да кожнага імкнулася знайсці свой падыход. Не ўсё і не заўсёды давалася лёгка. Часам прыходзілася быць жорсткай і патрабавальнай, але кожнае сваё слова або выказванне супрацоўнікаў дырэктар прапускала праз сябе, праз свае душу і сэрца. Толькі нікому гэтага не паказвала, усе перажыванні заставаліся схаванымі так глыбока ўнутры, што мы, яе калегі, не заўважалі хваляванняў. Усе сучасныя навінкі заўсёды знаходзілі свае месцы ў гімназіі. Педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі, стварэнне навуковага таварыства навучэнцаў «Эрудыт», алімпіядны рух, рэалізацыя разнастайных педагагічных праектаў усіх узроўняў. Надзвычай цікавым і яскравым было свята Дзень навукі і мастацтва, гасцямі якога станавіліся дырэктары школ, іх намеснікі і настаўнікі. За перыяд кіраўніцтва гімназіяй Прыміч была створана свая сістэма работы з адоранымі вучнямі. І вынікі казалі самі за сябе: дыпломы на алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах. І гэта не поўны спіс дзейнасці дырэктара. Якая б дэлегацыя ні наведвала раён, яе заўсёды прыводзілі ў гімназію. Настаўнікі давалі годныя адкрытыя ўрокі для прадстаўнікоў як раёна, так і вобласці, рэспублікі. Самаразвіццё і самаўдасканаленне некаторых педагогаў было адзначана на раённым узроўні: яны самі сталі кіраўнікамі. Калі пра сапраўднага настаўніка кажуць, што ён працягваецца ў сваіх вучнях, то дырэктар Зінаіда Васільеўна Прыміч — у сваіх паслядоўніках. Марына Крэпская, дырэктар Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната: — У гімназіі я працавала настаўніцай пачатковых класаў. Потым узначаліла прафкам. І заўсёды вучылася ў Зінаіды Васільеўны. Асабісты прыклад, дысцыпліна і любоў да парадку — на гэтым трымаўся аўтарытэт дырэктара. Яна раней за ўсіх прыходзіла на працу і самая апошняя ішла дадому. Зінаідзе Васільеўне ў параўнанні з іншымі калегамі-дырэктарамі было складаней: гімназія — адзіная ў раёне, і шлях у яе асаблівы. Але, лічу, дырэктару дапамагала каманда прафесіяналаў-намеснікаў. Першыя тры гады сваёй дзейнасці як кіраўніка я заўсёды раўнялася на Прыміч, пыталася ў сябе, а як бы зрабіла Зінаіда Васільеўна, тэлефанавала да яе. Яна была і застаецца для мяне прыкладам лідара. Валянціна Балажынская, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама: —  Пад кіраўніцтвам Зінаіды Прыміч мне давялося працаваць больш за дзесяць гадоў: спачатку ў якасці настаўніка, затым — намесніка дырэктара. Гэта былі гады майго прафесійнага станаўлення і росту. Я і мае калегі вучыліся ад Зінаіды Васільеўны ПРАЦАВАЦЬ, працаваць добрасумленна, самаахвярна, шчыра. Для многіх з нас Зінаіда Васільеўна стала яскравым прыкладам  сапраўднага кіраўніка — адказнага, справядлівага, працалюбівага. У кожным, ці то гэта настаўнік, ці то вучань, яна бачыла асобу, заўсёды імкнулася знайсці і адзначыць станоўчыя якасці. Вопыт, атрыманы падчас сумеснай працы, неаднойчы  дапамагаў мне ў складаных сітуацыях і прафесійнай дзейнасці. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей