Свайму ўменню працаваць толькі якасна ў ААТ “Скабін” здраджваць не збіраюцца. Перад пачаткам кожнай сельскагаспадарчай кампаніі тут улічваюць усе дробязі, дакладна вызначаюцца з планам работ і імкнуцца ні на ёту ад яго не адступаць.
[caption id="attachment_9055" align="aligncenter" width="580" caption="Ход перадпасяўной падрыхтоўкі глебы абмяркоўваюць загадчык мехмайстэрні Сяргей Лойка (адказны за якасць работ), галоўны аграном Іван Грыбок і механізатар Ігар Рай"]
Перад гаспадаркай стаяць даволі значныя задачы — неабходна атрымаць ураджайнасць збожжавых не менш за 60,3 ц/га (гэта другі вынік у раёне). Зрабіць гэта, лічыць кіраўнік сельгаспрадпрыемства Віктар Станкевіч, даволі няпроста. “Землі ў нас не вельмі пладародныя, бал ворнай зямлі 35, а сельгас- угоддзяў — 34, — расказвае Віктар Канстанцінавіч. — Таму нарошчваць ураджайнасць можна толькі за кошт дакладнага выканання патрабаванняў тэхналогіі”. Да пачатку пасяўной кампаніі былі набыты ўсе неабходныя мінеральныя ўгнаенні, фунгіцыды, гаруча-змазачныя матэрыялы. Увосень правялі пад’ём зябліва (засталося толькі заараць пад бульбу), пад якое ўнеслі калій. Сяўбу азімых закончылі ў самыя аптымальныя тэрміны — да 29 верасня, і перазімавалі яны даволі добра. Цяпер, актыўна выкарыстоўваючы на нізкіх месцах “Расу”, вядуць падкормку культур.
Многае залежыць і ад якасці насення, яно ў гаспадарцы не ніжэй за І рэпрадукцыю. Як паведаміў галоўны аграном Іван Грыбок, набылі і 15 тон эліты — гэта новы гатунак ячменю “зубр”, “якуб”, “дзівосны”, авёс “альф”. Усё насенне кандыцыйнае, прайшло праверку ў насеннай інспекцыі. У працэсе яго пратручвання ўносяцца неабходны комплекс мікраэлементаў, экасіл, прыліпальнікі.
[caption id="attachment_8880" align="aligncenter" width="413" caption="Распачаў сяўбу ў гаспадарцы Сяргей Язвінскі"]
Перад пачаткам пасяўной механізатары пры дапамозе інжынернай службы давялі да ладу ўсю тэхніку і прычапныя агрэгаты. Для гэтага былі набыты неабходныя запчасткі і вузлы, праведзены заняткі па рэгуліроўцы тэхнікі, бяспечных прыёмах і ахове працы.
— Вялікую ўвагу надаём і якасці перадпасяўной падрыхтоўкі глебы, — працягвае расказ Іван Грыбок. — Ідзе закрыццё вільгаці, на палетках працуюць культыватары з баронкамі, пры неабходнасці — пускаем культыватар і перад сеялкамі. Усяго іх у нас тры. Так што, як толькі глеба дастаткова прасохне, сяўба пройдзе літаральна за лічаныя дні. Пакуль жа выходзім толькі на ўзгоркі. За ходам працэсу назіраюць адказныя спецыялісты з ліку агранамічнай і інжынернай службаў. Так што, лічу, усё ў нас атрымаецца.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии