Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

42

Галандскi лёд… у Капылi?

11.04.2011

У г. Капылі ў гэтым годзе распачнуцца работы па будаўніцтве крытага катка з выкарыстаннем сінтэтычнага пакрыцця, што дазволіць займацца катаннем на каньках круглы год, паведаміў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі. Спартыўнае збудаванне размесціцца на тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу і будзе займаць плошчу каля 3000 квадратных метраў. Такога спартыўнага аб’екта пакуль няма ў рэспубліцы. Праект падобнага паралельна распрацоўваецца ў Брэсцкай вобласці.

З мэтай вывучэння вытворцаў сінтэтычнай паверхні для катання на каньках і эксплуатацыі падобных каткоў у канцы мінулага года адбылася камандзіроўка ў Расійскую Федэрацыю прадстаўнікоў райвыканкама і спецыялістаў ТАА “Райткансалт”, якія будуць выконваць работы па будаўніцтве аб’екта. Там ужо існуюць пляцоўкі з падобным пакрыццём вытворчасці Канады, Германіі, Расіі і Галандыі. У выніку агляду існуючых каткоў перавага была адда- дзена галандскаму сінтэтычнаму “льду”.

Праектны аддзел ТАА “Райткансалт” ужо выканаў эскіз спартыўнага аб’екта. Акрамя пляцоўкі стандартнага памеру (56,4х26,2 метра) пад купалам будынка размесцяцца трыбуны для гледачоў, а таксама раздзявалкі для спартсменаў. Тут жа будзе арганізаваны пракат канькоў і іншага спартыўнага інвентару. Дарэчы, збудаванне плануецца зрабіць па прынцыпе трансформера. Дзякуючы гэтаму пад яго дахам можна будзе займацца і іншымі відамі спорту, такімі як хакей, валейбол, гандбол, тэніс, міні-футбол і іншыя. Па папярэдніх падліках, затраты на праектаванне, будаўніцтва і забеспячэнне ўводу спартыўнага аб’екта складуць каля 7 млрд рублёў, якія будуць выдзелены Мінаблвыканкамам. Грошы немалыя. Але даныя даследванняў, праведзеных у рамках ЮНЕСКА, пацвярджаюць, што адзін долар, укладзены ў развіццё фізічнай культуры, дазваляе сэканоміць тры долары на медыцынскіх расходах. Таму будзем спадзявацца, калі ў Капылі з’явіцца крыты каток, нашы жыхары (асабліва моладзь) актыўна зоймуцца спортам і тым самым значна ўмацуюць сваё здароўе.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ


info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей