Усе віды мастацтва павінны служыць галоўнаму – мастацтву жыць па законах дабрыні і мудрасці, якое так важна спасцігнуць у нашым разнастайным і складаным свеце. Калектыў Семежаўскай сельскай бібліятэкі галоўным напрамкам сваёй дзейнасці абраў менавіта такі – са- дзейнічанне духоўнаму развіццю дзяцей, адраджэнню духоўнасці ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Рэалізуецца ўсё гэта ў творчым саюзе з Кіявіцкім храмам Пакрова Прасвятой Багародзіцы, з сем’ямі, якім неабыякава, якімі будуць іх дзеці, у якім асяроддзі яны будуць выхоўвацца.
Мы шмат разважаем і гаворым пра тое, як правільна выхаваць разумных і добрых дзяцей, як укласці ў малады розум патрэбныя і карысныя веды. У Семежаўскай сельскай бібліятэцы аб гэтым не гавораць, тут робяць.
Наша ўвага да Семежаўскай сельскай бібліятэкі выклікана яе новымі падыходамі да далучэння дзяцей і падлеткаў да вечных скарбаў, выхавання духоўнасці, маральнасці, эстэтычнага густу, любові да сваёй маленькай радзімы. Аб’яднаўшы намаганні праваслаўнай царквы, бібліятэкі, сям’і, гэты творчы калектыў вядзе карпатлівую работу па адраджэнні духоўнасці, вучыць здароваму ладу жыцця, міласэрнасці, дабрыні і шчырасці. Пад дэвізам “Без чалавечнасці не будзе вечнасці” працуе калектыў у складзе бібліятэкараў Наталлі Аляксандраўны Пілат і Ніны Аляксееўны Рамановіч, прыходскага свяшчэнніка Кіявіцкага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы айца Паўла (Паўла Расціслававіча Брагіна) і матушкі Ангеліны (Ангеліны Іванаўны Брагінай).
Духоўнае жыццё – самае галоўнае, што мы можам даць нашым дзецям. Дзеля гэтага пры храме ўжо каторы год працуе Нядзельная школа.
Трэба дапамагчы дзецям зразумець сваю душу, знайсці правільны шлях у жыцці, атрымаць урокі любові Гасподняй і падзяліцца ёй са сваімі блізкімі.
«Што такое дабро і зло?», «Што грэх?», «Што добра і што дрэнна?», «Якое зло прыносіць курэнне, ужыванне спіртных напояў?» — на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні вучыць адказваць айцец Павел і матушка Ангеліна на занятках у Нядзельнай школе.
Аднак бацькоўскі клопат пра дзяцей павінен ісці значна далей за школу. Без хрысціянскай атмасферы ў сям’і, усе веды, атрыманыя ў Нядзельнай, застануцца тэорыяй.
Таму сямейны клуб “Пяшчота” з’явіўся як бы сам па сабе, ён быў неабходны, каб аб’яднаць сем’і, зрабіць адпачынак дзяцей і дарослых змястоўным, цікавым, а таксама дапамагчы развіццю творчых здольнасцей сямей, прыняць у сваё кола дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі. З вялікім задавальненнем чытачы збіраюцца сем’ямі на мерапрыемствы, дзе можна падзяліцца вопытам выхавання дзяцей, абмяняцца думкамі па сямейных праблемах, прыняць удзел у конкурсах, гульнях, віктарынах. Вечарыны “Я дыханнем цябе абаўю”, “Мама, сонца, вясна”, “Усё пачынаецца з сям’і” цікава і з карысцю прайшлі ў бібліятэцы ў гэтым годзе. Ва ўсіх мерапрыемствах клуба спалучаюцца розныя формы бібліятэчнай, клубнай і педагагічнай работы, дзе абавязковымі з’яўляюцца гульні, тэатра- лізаваныя прадстаўленні, спевы, выкарыстоўваецца музыка. Галоўнае, каб не засталіся раўнадушнымі, каб перажывалі, радаваліся і сумавалі, каб кожнае з мерапрыемстваў было крокам у выхаванні чалавечнасці. На адно з такіх пасяджэнняў была запрошана сям’я айца Паўла. Мала таго, што гэтыя цікавыя людзі прынеслі з сабой новыя ўражанні, унеслі новыя цікавыя прапановы, яны ж з’явіліся ініцыятарамі стварэння новага клуба пры бібліятэцы “Чысты свет” (клуб духоўна-маральнага выхавання).
Сёння ўжо нельга ўявіць сабе работу бібліятэкі, без удзелу праваслаўных служачых. Разам складаюць планы заняткаў, плануюць тэматыку, падбіраюць патрэбныя кнігі.
У планах работы – час ісціны, урокі дабрыні і міласэрнасці, гадзіны шчырай размовы, час духоўнасці, знаёмства дзяцей з тым, як звязаны з хрысціянскім вучэннем агульначалавечыя нормы маралі.
Выхаванне дабрыні, добразычлівасці, спагады і міласэрнасці ў дзіцячых душах – справа штодзённая і клапатлівая. Тут недастаткова разавых эпізадычных мерапрыемстваў, красамоўнай гаварыльні і павучальніцтва. Закрануць за жывое могуць толькі словы, якія гучаць ад сэрца, чула і пранікнёна. Для гэтага і была распрацавана і паспяхова рэалізуецца ў Семежаўскай бібліятэцы мэтавая праграма па асновах выхавання добрага чалавека “Будуем храм у душах”.
Перачытваючы гісторыю вёскі Семежава, напісаную мясцовым краязнаўцам, былым настаўнікам Семежаўскай сярэдняй школы Мікалаем Аляшкевічам, мы бачым: “будаваць храм у душах” тут пачалі даўно, і радуе, што гэта работа не скончылася і на сёння. З вялікай надзеяй глядзяць гэтыя “будаўнікі” ў будучыню і бачаць там свет, у якім не будзе месца эмацыянальнай глухаце, невуцтву, жорсткасці, бачаць чысты, добры, гуманны свет, дзе дзеці, стаўшы грамадзянамі, будуюць жыццё, дастойнае Чалавека.
Айцец Павел, матушка Ангеліна і бібліятэкар Наталля Аляксандраўна Пілат запрашаюць усіх жадаючых кожную нядзелю ў 12 гадзін на заняткі ў Нядзельную школу і ў 17 гадзін на заняткі клуба “Чысты свет”.
Таццяна АСТРЭЙКА,
загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Капыльскай ЦБС
Комментарии