Ці ведаеце вы, што знакамітая песня «Когда я на почте служил ямщиком» мае дачыненне да Капыльшчыны? А дакладней аўтар слоў Уладзіслаў Сыракомля — вядомы ва ўсім славянскім свеце паэт, чыё 195-годдзе з дня нараджэння мы адзначаем гэтымі днямі.

Справа ў тым, што сярод тых мясцін на Беларусі, з якімі зрадніўся Сыракомля, была і вёска Кудзінавічы, дзе пэўны час жыў паэт. Ён пераехаў у гэтыя прыгожыя мясціны вясной 1831 года. Вакол дома быў вялікі сад, за ім — сажалка. А поруч кусціліся парэчкі. На гэты час прыпадаюць заняткі Людвіка з хатнімі настаўнікамі. Яны рыхтавалі яго да паступлення ў павятовую школу пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы.
Шлях паэта
Уладзіслаў Сыракомля — псеўданім паэта, узяты ад радавога герба Людвіка Кандратовіча. Нарадзіўся ён 29 верасня 1823 года і, паводле каталіцкай традыцыі, быў названы ў час хрышчэння трыма імёнамі — Людвік Францішак Уладзіслаў. Мясціна, дзе паэт з’явіўся на свет, называлася Смольгаў. Гэта, як паведамляе «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін», «фальварак у заходняй частцы Бабруйскага павету, на мяжы са Слуцкім паветам… гміны Забалаце, пры дарозе з мястэчка Пагост да вёскі Таль».

Ён пісаў лірычныя вершы і паэмы, гавэнды-гутаркі і песні, краязнаўчыя нарысы і дарожныя нататкі, гістарычна-літаратурныя даследаванні і рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, мясцовыя агляды для газет і публіцыстычныя артыкулы, апавяданні і фалькларыстычныя працы. Перакладаў з латыні, з французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, рускай, украінскай моў… Творчая спадчына Сыракомлі да гэтага часу не сабрана поўнасцю і недастаткова вывучана. Дарэчы, пісаў Сыракомля і па-беларуску. На жаль, да нас дайшлі толькі два яго беларускія вершы «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды…». Іншыя згубіліся. Уся ж яго творчая спадчына не ўмясцілася ў дзесяць тамоў, падрыхтаваных у 1872 годзе. Памёр паэт 3 верасня (па новым стылі 15 верасня) 1862 года ў даволі маладым узросце: яму было 39 гадоў. Прычына — сухоты лёгкіх. Лячэнне ў Вільні не дапамагло. Пахавалі паэта праз тры дні на віленскіх могілках Роса. У 1993 г. быў выдадзены найбольш поўны зборнік выбраных твораў паэта «Добрыя весці».
З «Паштальёна» - у «Ямщика»
У шэрагу песень, што на слыху ўжо не ў аднаго пакалення, знакамітая «Когда я на почте служил ямщиком». Сярод яе выканаўцаў такія спевакі, як Фёдар Шаляпін і Сяргей Лемешаў.
У аснову песні «Когда я на почте служил ямщиком» пакладзены верш «Ямщик» паэта Леаніда Трэфалева (1839–1905). Але ж мала хто ведае, што гэта не ўласна яго аўтарскі твор, а вольны пераклад верша Уладзіслава Сыракомлі «Паштальён». Трэфалеў паштальёна, які расказвае пра лёс сваёй каханай, «ператварыў» у ямшчыка, каб прывязаць дзеянне да расійскіх рэалій. У Расіі пошту дастаўлялі тройкай, а на тэрыторыі Рэчы Паспалітай фурманам — так называлі паштальёна, які ехаў з сумкай на кані, маючы пры сабе сігнальны ражок.
Верш Л. Трэфалева на музыку паклаў піяніст-аранжыроўшчык маскоўскага рэстарана «Яр» Якаў Прыгожы, хоць часцей сцвярджаецца, быццам «музыка народная».
Гісторыя нараджэння песні
У нядзельныя дні малады Людвік Кандратовіч наведваўся з Залучча на кірмашы, што рэгулярна праводзіліся ў Міры. Аднойчы перад тым, як ехаць дамоў, вырашыў зайсці ў карчму выпіць на дарогу куфель піва. Доўга затрымлівацца не збіраўся. Але сусед за сталом, што стаяў у куце, аказаўся надзіва гаваркім:
— Не падумай, пан, не п’яны я… Не… Проста душа баліць… — звярнуўся мужчына да паэта.
Людвік інтуітыўна адчуў, што перад ім не п’яніца, а адзін з тых, хто шмат перажыў. У маладыя гады мужчына служыў фурманам на пошце. Часта даводзілася яму выконваць тэрміновыя распараджэнні. Так здарылася і той зімовай ноччу. Разбудзіў яго пісар, падаў нейкія паперы — і паехалі ў Навагрудак. На дварэ выла мяцеліца. Адно спа-дзяванне на каня, які сам ведае шлях. Толькі Бога моліць фурман, каб не замерзнуць… Але раптам пачуў ці то нейкі плач, ці то крык. Няўжо хтосьці аб дапамозе просіць? Спыніў каня, услухаўся… Але вырашыў ехаць далей. Аднак, калі раніцай вяртаўся дахаты, узяла цікаўнасць. Спыніўся ля таго месца. Адышоў у бок ад дарогі крыху і… О божухна! У сумёце, амаль цалкам прысыпаная снегам, ляжала жанчына… Пераадолеў страх, наблізіўся… Дзяўчына! З суседняй вёскі… Яго любая, адзіная! Апусціўся на калені, заплакаў, праклінаючы ўсё на свеце. А болей сябе самога. Што не спыніўся, не падаўся на голас…
Гэты аповед Сыракомлю настолькі ўразіў, што па вяртанні дамоў ён, расказаўшы пра ўсё жонцы, зачыніўся ў сваім пакоі. Радок за радком клаўся на паперу. Працаваў да позняй ночы і нарэшце паставіў апошнюю кропку.
На пошту я трапіў зусім малады,
Фурман з мяне ўдаўся зухвалы,
А волі не меў, дый ганялі тады:
Хоць свята, хоць ноч — усё мала!..
…Я еду дадому, за трое ганей
Вяртаецца страх непазбыты,
А сэрца ўсё шэпча крадком, як раней,
Бразджыць, як званочак разбіты.
Конь чмыхнуў пры слупе, спыніўся наўзбоч:
У снезе, пад плахтаю белай,
Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч,
Як дрэва, уся скасцянела.
Я снежную намець абтрос з яе шат
І труп падцягнуў да дарогі…
Абцёр ёй аблічча… Была гэта, брат…
Дай чарку… Не маю больш змогі!
Падзагаловак верша — «народная гутарка» — як бы прадвызначыў асноўны жанр твора Сыракомлi. А праз 25 гадоў на гэты верш звярнуў увагу Л. Трэфалеў. Так з’явіўся вольны рускамоўны варыянт «Ямщик». А яшчэ праз некаторы час нарадзілася песня, што стала амаль народнай.
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии