Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

73

Адмірал з Капыльшчыны

10.05.2011
Капыльшчына дала цэлую плеяду генералаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у перамогу над фашызмам. Сярод іх ёсць і  віцэ-адмірал Мікалай Антонавіч Торык, пад началам якога камандзіры баявых караблёў не давалі патапіць караваны саюзнікаў, і таму баявая тэхніка і харчаванне па ленд-лізе своечасова насычалі нашы франты. Гэта дапамагала хутчэй гнаць фашыстаў з нашай зямлі. Нарадзіўся будучы марскі военачальнік у вёсцы Перавоз Доктаравіцкага сельсавета 15 сакавіка 1906 года ў сям’і сялян Антона і Зоні. У яго былі два браты, Аляксей і Рыгор, і дзве сястры, Марыя і Ганна. Дзяцінства ў дарэвалюцыйныя часы было нялёгкім, давялося маленькаму хлопчыку пасвіць гурты чужых кароў ды яшчэ бацьку дапамагаць араць зямлю і малаціць збажыну. Зімою хадзіў вучыцца ў местачковую школу ў Раманава,   што на Случчыне, бо была яна ад вёскі недалёка. На выдатна закончыў сем класаў. Рэвалюцыя рэзка змяніла жыццёвы ўклад. Мары бацькі, што сын стане добрым земляробам, не апраўдаліся. Сябры ўцягнулі Мікалая ў вір камсамольскай работы, для яго пачаўся “новы працяг у жыцці“, як ён гаварыў пры сустрэчы з вяскоўцамі. Але надзеі маглі змяніцца трагічна, бо жыў ён у прыграніччы. 3 белапанскай Польшчы рэйды наладжвалі банды дыверсантаў. Яны забівалі актывістаў і рабавалі людзей. Таму камсамолец Мікалай Торык уступіў у ЧАП   (часці асобага прызначэння) і ўдзельнічаў у засадах на бандытаў, пры ліквідацыі якіх гінулі яго сябры. Некалькі разоў Мікалай Торык быў на валаску ад смерці. Як успамінаў вядомы паэт з Капыля Мікола Хведаровіч, яны разам з земляком Торыкам траплялі ў складаныя пераплёты, але вайсковая вывучка дапамагала выйсці з цяжкай сітуацыі. Удзел у часцях асобага прызначэння зрабіў яго смелым і настойлівым, прывіў яму любоў да арміі. У 1927 го- дзе ён з радасцю ідзе ў Чырвоную Армію. Становіцца выдатным байцом-артылерыстам і ўмелым камсамольскім прапагандыстам і лідарам маладых салдат. Камандаванне не магло не заўважыць арганізатарскія здольнасці беларускага хлопца і накіравала яго на Ленін- градскія вышэйшыя ваенна-палітычныя курсы. Потым ён  працягне вучобу ў ваенна-палітычнай акадэміі. Пасля яе заканчэння ў 1937 годзе трапляе ў ваенна-марскі флот. Марскі афіцэр займаецца павышэннем баявой і палітычнай падрыхтоўкі маракоў. У горадзе на Няве ён даведваецца, што раніцай 30 лістапада 1939 года наша армія перай- шла мяжу з Фінляндыяй. Так пачалася савецка-фінская вайна. У люты 40-градусны мароз армія несла вялікія страты, і Торык як мог, бярог сваіх маракоў-дэсантнікаў. Калі нашы прарвалі фінскія ўмацаванні на Карэльскім перашыйку, на штурм лініі Манэргейма павёў свой перадавы атрад камісар Мікалай Антонавіч Торык. Ён паказвае прыклад і першым кідае звязку гранат у амбразуру фінскага дота. I парыў маракоў не стрымаць — абарона ворагаў зламана. Наперадзе яго чакаюць яшчэ большыя выпрабаванні. 22 чэрвеня пачнецца Вялікая Айчынная вайна. Яна застане Торыка на пасадзе начальніка палітычнага ўпраўлення Паўночнага флоту. Менавіта там, на водах Баранцава мора і Паўночнага Ледавітага акіяна, немцы далёка не прарваліся, бо ўсё было пад кантролем ваенных маракоў. Мікалай Антонавіч часта наведваў Капыль, і вось што ён расказваў моладзі: «Савецкія падводныя лодкі, марская авіяцыя і ваенныя караблі патапілі тысячы нямецкіх транспартных суднаў. У той жа час караваны саюзнікаў дастаўлялі важныя грузы ў парты Баранцава мора. Мы змаглі іх абараніць ад нямецкіх тарпед, авіябомбаў і снарадаў». Ён удзельнічаў у вызваленні Кольскага паўвострава і ўзнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі і многімі медалямі. Пасля вайны ў 1952 годзе Торык закончыць акадэмію Генеральнага штаба і будзе кіраваць палітычнай работай сярод ваенных маракоў Чырванасцяжнага Чарнаморскага флоту. Пасля 40 гадоў службы на флоце ў 1980 годзе пайшоў у адстаўку, але не парываў сувязі з баявымі сябрамі, праводзіў патрыятычную работу сярод моладзі. Апошні раз ён прыехаў на родную Капыльшчыну ў 1980 годзе. Змог сустрэцца са сваімі сёстрамі — перадавымі даяркамі МТФ “Перавоз“  Ганнай, Марыяй, і братам, былым брыгадзірам паляводчай брыгады, Рыгорам. Прыязджаў на сустрэчы з ім родны брат Аляксей — палкоўнік медыцынскай службы, доктар медыцынскіх навук, які, як і  Мікалай, быў звязаны з ваенна-марской службай. Яму давялося ў шпіталях асаджанага Ленінграда ратаваць людзей. У час жорсткіх баёў і пад Масквою, і Сталінградам пад свіст куль і снарадаў рабіць аперацыі, а затым выратоўваць маракоў у Запаляр’і. І нават выратаваў жыццё жонцы іранскага шаха. Пра землякоў з цеплынёй расказвала жонка роднага брата Рыгора Ганна Мікалаеўна Торык і паведаміла: “Жыхары нашай вёскі ганарацца, што перавозская зямля нарадзіла славутага адмірала, ды і случчане лічаць яго сваім, нават прызналі Торыка ганаровым грамадзянінам горада Слуцка. Шкада, што клуб, у якім цёпла прымалі аднавяскоўцы славутага сына, згарэў“. Быў ён не раз госцем у раённай бібліятэцы, з цікавасцю аглядаў кніжныя фонды, гутарыў з тадышнім дырэктарам ЦРБ Ідаліяй Канстанцінаўнай Чаркас і сфатаграфаваўся на памяць з супрацоўнікамі бібліятэкі. Пасля таго візіту віцэ-адмірал пражыў яшчэ 19 гадоў. Пахаваны ён у Маскве. Іван ІГНАТЧЫК НА ЗДЫМКУ: камандзір Чырванасцяжнай  падводнай   лодкі “К-21” Герой Савецкага Саюза М. Лунін (справа) дакладвае аб выніках тарпедзіравання фашысцкага лінкора “Цірпіц”. Злева направа: камандуючы Паўночным флотам віцэ-адмірал А. Галаўко, камандзір брыгады падводных лодак контр-адмірал М. Вінаградаў, начальнік палітычнага ўпраўлення флоту  генерал-маёр берагавой службы М. Торык і камісар падводнай лодкі С. Лысаў.

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей