Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

Дарогамі вызвалення

10.05.2011
Дваццаць сёмага чэрвеня была акружана бабруйская групіроўка ворага. У катле апынулася шэсць гітлераўскіх дывізій. Злучэнне Гарбатава і 65-я армія Батава з усіх бакоў вялі агонь па акружаных і надламаных нямецкіх ваяках. А тым часам іншыя механізаваныя савецкія часці ішлі наперад. Іх чакала Случчына, Капыльшчына і іншыя раёны Беларусі. Былы капыльскі настаўнік Міхаіл Сцяпанавіч Мароз сустрэў вайну ў Бабруйску. Афіцэр-артылерыст карэкціраваў агонь дальнабойнай артылерыі. Танкавая часць корпуса генерала Панова дзейнічала на аператыўнай прасторы ў самым тыле фашыстаў. Артылерысты разам з танкістамі пракладвалі праз багністыя балоты з рознага буралому дарогу і нечакана для ворага выйшлі на шашу Бабруйск—Слуцк, ашаламілі гітлераўцаў ударам у спіну. Выйшлі на чыгунку, раскалашмацілі нямецкі браняпоезд і замкнулі “бабруйскі кацёл”. Артылерысты Мароза нанеслі вялікі ўрон праціўніку і не давалі выйсці з акружэння. Затым прыйшло падмацаванне і ў палон здалося некалькі тысяч варожых салдат і афіцэраў. Ратны шлях Міхаіла Мароза закончыўся ля Берліна. Франтавік быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалём “За адвагу”. Легендарныя браты Чарных з Савічыкаў — Барыс, Глеб і Георгій — шмат унеслі ў разгром ворага. Барыс Васільевіч мог стаць героем многіх займальных раманаў. Вось адзін ваенны эпізод з яго біяграфіі. Зімою 1943 года ён са сваёй разведгрупай быў закінуты ў тыл немцаў, каб дабыць інфармацыю, якія сілы ворага супрацьстаяць Бранскаму фронту. Чарных не толькі бліскуча выканаў заданне, але і захапіў у палон 18 нямецкіх салдат і афіцэраў. Калі іх вялі да лініі фронту, наткнуліся на вялікую групу акупантаў на чале з генералам. Іх таксама ўзялі ў палон. У генерала былі дакументы, падпісаныя Гітлерам аб назначэнні яго камендантам Масквы. Наш зямляк быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Затым на аператыўнай рабоце ўдзельнічаў у аперацыі “Баграціён”, як і землякі Іван Максімавіч Лук’янчык, Уладзімір Адамавіч Бань, Антон Трафімавіч Раіцкі, Сяргей Іларыёнавіч Голуб, Аляксандр Паўлавіч Малевіч, Андрэй Логінавіч Саўрасаў, Павел Паўлавіч Панцялейка. Непадалёку ад Бабруйска, каля так званай Дубоўкі, нашы лётчыкі заўважылі скапленні фашыстаў. Па загадзе камандуючага фронтам у гэты раён вылецела больш за паўтысячы самалётаў. Ад варожай тэхнікі засталіся груды металалому. Раману Васільевічу Саладуху з вёскі Камсамольская давялося шмат папрацаваць у гэтых  завалах варожай тэхнікі. Былы чапаевец аўтагенам рэзаў нямецкія танкі “Тыгры”, “Пантэры”, аўтамашыны, гарматы і гэты ўтыль разам з байцамі грузіў у эшалоны, якія адпраўляліся на заводы для перапрацоўкі. Некаторай частцы немцаў удалося вырвацца з “бабруйскага катла”. Яны апынуліся каля пасёлка Елізова Асіповіцкага раёна і вырашылі захапіць і ўзарваць чыгуначны мост праз Беразіну, тым самым не даць магчымасці нашым войскам выйсці ў тыл вялікай варожай  групіроўкі. На іх шляху сталі зенітчыкі 1359-га зенітна-артылерыйскага палка маёра Мікалая Васільевіча Рамашкі. На ўзвышшы каля самай аркі маста добра відаць, адкуль ідуць фашысты. Адсюль зенітныя гарматы і кулямёты вядуць прыцэльны агонь па ворагу. Атакі ашалелых фрыцаў адна за другой захлыналіся, і на мосце ляжалі горы трупаў. Здаецца, што ўсе немцы перабіты, але раптам зноў з’явіліся і хваляй абрушыліся на зенітчыкаў Рамашкі. Загінулі ўсе камандзіры рот і ўзводаў, а таксама большасць байцоў. Маёр Рамашка сам лёг за кулямёт. Канчаліся патроны, таму ён паслаў за імі трох байцоў. Калі тыя прынеслі патроны, то ўбачылі загінуўшых кулямётчыкаў. Паранены Рамашка перабягаў ад аднаго да другога кулямёта, страляў па фашыстах, якія ішлі напралом. Другое раненне было смяротным. Іван ІГНАТЧЫК

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей