Мінскі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018» праходзіць сёння ў прыгожым нарачанскім краі. Там падводзяць вынікі жніва, узнагароджваюць лепшых з тых, хто ўнёс вялікі ўклад у агульны каравай Міншчыны.
Дажынкі — гэта своеасаблівы вянец пэўнага этапа працы хлебаробаў. Шлях да сёлетняга ўраджаю быў нялёгкі. Складаныя ўмовы надвор’я вясной і летам значна паўплывалі на ўраджайнасць збожжавых культур. Мінская вобласць намалаціла 1,3 млн тон збожжа, гэта 70% да мінулагодняга ўзроўню. Сярэдняя ўраджайнасць — 28 цэнтнераў з гектара, што на 9,8 цэнтнера менш, чым летась. Разам з тым з улікам кукурузы, мяркуецца, валавы збор зерня павялічыцца на 300 тысяч тон. Аб выніках жніва і не толькі — гутарка са старшынёй Мінаблвыканкама Анатолем Ісачанкам.
— Анатоль Міхайлавіч, на ваш погляд, погляд кіраўніка аднаго з самых вялікіх і значных рэгіёнаў краіны, як прайшло сёлетняе жніво?
— Мяркую, уборачная кампанія прайшла арганізавана. Усё, што можна было зрабіць, людзьмі зроблена. І тут неабходна выказаць вялікую ўдзячнасць усім хлебаробам: камбайнерам, вадзіцелям, механізатарам, тым, хто быў заняты на адвозцы, сушцы зерня, хто гатаваў абеды, а таксама жонкам, дочкам, маці, якія падчас жніва ўзялі хатнія справы на сябе. Іх мужы, бацькі, сыны рана ўставалі, каб своечасова выйсці ў поле. Зразумела, што ў сям’і нехта павінен быў выконваць абавязкі па гаспадарцы.
Адзначу работу супрацоўнікаў праваахоўных органаў, што дапамагалі на жніве: нехта непасрэдна за штурвалам камбайна, хтосьці па захаванні ўраджаю, дысцыпліны. Вялікі дзякуй шэфам горада Мінска, якія аказалі істотную падтрымку. Словам, былі задзейнічаны ўсе рэзервы, каб без страт і ў тэрміны ўбраць ураджай. І, думаю, нам гэта ўдалося.
— З якімі праблемамі сутыкнуліся хлебаробы Міншчыны і якія ўрокі вынеслі? Магчыма, яны падштурхнулі да пошуку новых падыходаў?
— Прынцыпова вялікіх праблем, трагедыі, што мы недаатрымалі па валавым зборы збожжа і ўраджайнасці, я абсалютна не бачу. Але, мабыць, гэта навучыць нас працаваць нейкім чынам больш эканомна са збожжам. Апошнім часам у большай ступені мы практыкавалі і канцэнтратна-сіласны тып кармлення жывёлы. На самай справе ён павінен быць сянажным і рэгулявацца канцэнтратамі. Таму гэты недабор дазволіць нам больш рацыянальна падысці да справы і перагледзець тэхналагічныя падыходы. Мы спачатку бачылі гэтую праблему. Таму і зрабілі ўпор на нарыхтоўку кармоў, асабліва імкнуліся больш назапасіць сенажу. Мы раней прыступілі да ўборкі траў. Для ўзмацнення гэтай работы зноў жа закупілі каля 65 кормаўборачных камбайнаў. На сёння шчыльна працуем па кукурузе. Зялёную масу практычна на падкормку жывёле не даём, каб зімой арганізаваць паўнавартасны рацыён. Думаю, што такі тып кармлення дасць магчымасць аздаравіць грамадскі статак.
— Цяпер пытанні захавання і ўкаранення новых тэхналогій для сельскай гаспадаркі Міншчыны на першым плане. Ці не так?
— Бясспрэчна, так. Для таго каб канкурыраваць на рынку харчавання, неабходны якасць і сабекошт прадукцыі. А дасягнуць гэтых параметраў можна за кошт тэхналогій. Таму, як сказаў Прэзідэнт, дыктат тэхналогій — у першую чаргу. Патрэбна захоўваць усе працэсы, закладзеныя ў вырошчванні той ці іншай культуры, тады і будзем мець вынік. Пытанне нават не ў аб’ёмах атрымання таго ці іншага віду прадукцыі, мы ад гэтага адышлі. Хапае ў нас і мяса, і малака, і збожжа, нават з улікам недабору. Задача ў тым, каб дасягнуць якаснага ўзроўню вытворчасці прадукцыі са зніжэннем затрат.
— Шчыра, цяжэй вам было ў папярэднія гады або цяпер, калі даводзіцца адказваць за ўсю вобласць?
— На вёсцы ніколі не было лёгка. Трэба адносіцца з душой да работы незалежна ад пасады. Хлеб саспеў — яго неабходна ўбраць, бо туды столькі ўкладзена працы. Па сутнасці, сёння мы ўжо закладваем ураджай будучага года. Лічыце, што цэлы год будзем працаваць на гэтае зярнятка, каб яно саспела, налілося. Таму, дзе складаней, а дзе прасцей, цяжка сказаць. Усюды ёсць свае асаблівасці. Інжынерам таксама з раніцы да вечара даводзілася працаваць, былі свае праблемы. Непасрэдна выязджаў на палеткі, займаўся рамонтам тэхнікі, зернесушыльнымі комплексамі, камбайнамі, дзесьці сам удзельнічаў у жніве. Тут работа выбудоўваецца па-іншаму. Я сказаў бы, што яна больш звязана з арганізацыяй: закупкай запчастак, камбайнаў, паліва, выкананнем дзяржзаказу, рэалізацыяй збожжа. Сёлета вобласць набыла, дарэчы, 100 камбайнаў. Тэхніка гомельскай вытворчасці вельмі добрая, выдатна сябе зарэкамендавала, працавала практычна без паломак.
— Ад таго, як папрацуюць вяскоўцы восенню, залежыць будучы ўраджай. Які задзел на наступны год?
— Мы своечасова пасеялі рапс, павялічылі плошчы крыжакветных культур на 130% да ўзроўню мінулага года. Цяпер займаемся сяўбой азімых культур, клін іх будзе большы, чым летась. Да 1 кастрычніка адсеемся. Штодзень засяваем каля 12 тысяч гектараў. Ужо падрыхтавана каля 200 тысяч гектараў глебы. Гэта сур’ёзны задзел на будучыню. Набылі трактары. На сёння маем каля 120 трактароў, закупляем яшчэ 30, што дазваляе выкарыстоўваць элементы дакладнага земляробства. Кожны трактар бачны на камп’ютары: які аб’ём работ выканаў, колькі гектараў заараў. Дзякуючы гэтаму, мы адсочваем і павялічваем тэмпы ворыва.
Мы вызначылі, што чалавек за ўзараны гектар павінен атрымліваць грошы, эквівалентныя долару. Гэта дадатковая матывацыя лепш працаваць і больш зарабляць.
— Апошнім часам у вобласць прыйшла цэлая кагорта маладых спецыялістаў, кіраўнікоў сельгасарганізацый, раёнаў. Па якіх крытэрыях падбіраюцца кадры?
— Крытэрыяў шмат. Самае галоўнае, каб раён рухаўся наперад. Важна, каб надоі і прывагі служылі яго развіццю. Кіраўнік павінен рухаць, развіваць сваю тэрыторыю па ўсіх кірунках: дарогі, інфраструктура, сацыяльная сфера, жыллё. Усё павінна вырашацца комплексна і быць завязана на канчатковы вынік.
У вобласці ў агульнай колькасці працаўнікоў каля 30% маладых кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў. Раней моладзь Міншчыны цікавіў у першую чаргу ўзровень заробкаў. Цяпер, паводле вынікаў сацыялагічнага апытання, маладыя людзі ставяць пытанне аб нармаваным рабочым дні. Сямейныя каштоўнасці пачалі набываць для іх першаступеннае значэнне. Яны хочуць больш пабыць з сям’ёй, больш увагі ўдзяляць выхаванню дзяцей, пагуляць з імі, некуды паехаць адпачыць. Гэтаму трэба радавацца. Будзем думаць, як вырашыць пытанне.
— Што б вы хацелі пажадаць хлебаробам Мінскай вобласці?
— Міру, дабра, упэўненасці ў заўтрашнім дні, любові да радзімы, блізкіх людзей, здароўя. А яшчэ, каб зямля радзіла і ім у нялёгкай працы крыху дапамагаў Бог. Астатняе зробім самі, усё ў нашых руках. Калі ёсць людзі, спецыялісты, тэхніка, дзяржава — усё будзе добра.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,
«Звязда».
Фота Крысціны ЖОГАЛЬ,
«СП»
Комментарии