Сяўба азімых збожжавых у Беларусі павінна быць завершана да 1 кастрычніка. Такое даручэнне аграрыям даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Навукоўцы прааналізавалі паказчыкі пяці апошніх гадоў і ўстанавілі, што пасеянае ў пазнейшыя тэрміны дае больш нізкі ўраджай.
Актыўна вядзецца закладка асновы будучага ўраджаю ў філіяле «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра». Пачалася яна 30 жніўня і закончыцца павінна пры спрыяльных умовах гэтымі днямі.
[caption id="attachment_70221" align="aligncenter" width="560"]
■ Алег Шахновіч (справа) гутарыць з Аляксандрам Нераненем і Паўлам Гаргуном[/caption]
— У нашым сельгаспрадпрыемстве мы звычайна робім стаўку на азімыя збожжавыя, — адзначае дырэктар Алег Шахновіч. — Таму і плошчы пад іх адводзім значна большыя, чым пад яравыя. Сёлета азімы клін складзе 2150 га, прычым пшаніцы, сяўбу якой мы ўжо завяршылі, — 1250. Дзякуючы больш працягламу вегетацыйнаму перыяду азімыя лепш перажываюць неспрыяльныя ўмовы надвор’я, а вось яравыя больш пакутуюць, напрыклад, ад засухі. Пад сяўбу ўнесена 17 тысяч т арганічных угнаенняў, па 45 кг дзеючага рэчыва фосфару і калію.
Сяўбу азімых сёлета даверылі адным з самых вопытных механізатараў — Аляксандру Нераненю і Аляксандру Карпучку, загружаюць ім насенне Павел Гаргун і Яўген Ляшчэня. Сваю справу механізатары ведаюць дасканала: як адрэгуляваць агрэгаты, каб закласці насенне на правільную глыбіню, якога хуткаснага рэжыму прытрымлівацца, каб зерне легла ў глебу раўнамерна.
Паралельна з сяўбой азімых у гаспадарцы вядуцца і іншыя работы. Напрыклад, догляд пасеваў. Заканчваецца хімпраполка рапсу, сёлета павінны быць апрацаваны каля 700-800 га ўсходаў пшаніцы. Актыўнымі тэмпамі зараз ідзе ўборка кукурузы на сілас і зерне: закладзена звыш 14 тысяч т пажыўнай масы і больш за 1 тысячу тон зерня.
Працоўны дзень у сельгаспрадпрыемстве арганізаваны з 7 да 19 гадзін, бывае, што пасяўныя агрэгаты заняты на палетках і да 21 гадзіны. Механізатары забяспечваюцца двухразовым гарачым харчаваннем.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии