Прадстаўнікі Капыльшчыны — героі жніва, кіраўнікі некаторых сельгаспрадпрыемстваў, народныя ўмельцы, самадзейныя артысты — прынялі ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2018».
[caption id="attachment_70326" align="aligncenter" width="560"]

■ Дэлегацыя Капыльшчыны на чале з Анатолем Ліневічам у святочных камізэльках і капелюшах[/caption]
Узначалілі дэлегацыю старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч і старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк. Адбылося свята ў мінулую суботу ў Мядзеле, падчас яго ўшаноўвалі працаўнікоў вёскі Міншчыны.
[caption id="attachment_70328" align="aligncenter" width="350"]

■ Перад пачаткам святочнага шэсця[/caption]
Дажынкі — гэта добрая і старажытная традыцыя ўшаноўваць і дзякаваць тым, хто добрасумленна працуе ў полі і ў будні, і ў выхадныя, праяўляе высокі прафесіяналізм, адказнасць і працавітасць, дасягае найбольш высокіх вынікаў.
[caption id="attachment_70327" align="aligncenter" width="560"]

■ Хлебам-соллю сустракалі гасцей на Мядзельшчыне[/caption]
Свята ў горадзе Мядзеле пачалося з самай раніцы. На вуліцах Набярэжнай, Школьнай, 17 Верасня, плошчах Шаранговіча і Леніна разгарнуўся Горад майстроў, дзе была прадстаўлена прамысловая і сельскагаспадарчая прадукцыя. Працавалі тэматычныя пляцоўкі. На маладзёжнай (набярэжная каля дзіцячай пляцоўкі) прайшоў фінал абласнога конкурсу «Уладар вёскі». Пляцоўка «Ветэранскі падворак» здзівіла сельгаспрадукцыяй, вырашчанай пенсіянерамі на сваіх прысядзібных участках. Госці каштавалі стравы беларускай кухні. А для самых няўрымслівых арганізатары падрыхтавалі квэст па скульптурах з саломы, якія расстаўлены на Мядзельшчыне. Увесь дзень гледачоў у амфітэатры радавалі аматарскія калектывы і прафесійныя выканаўцы.
[caption id="attachment_70330" align="aligncenter" width="560"]

■ Выступаюць «Капыльскія пацехі»[/caption]
Дэлегацыі раёнаў сабраліся ў яркую калону з караваямі і снапамі збажыны, каб шэсцем прайсці «Шлях да хлеба» па вуліцах Мядзела да плошчы Леніна, дзе на беразе возера Мястра размясціўся амфітэатр — галоўная пляцоўка ўрачыстасцей. Тут пасля ўручэння сімвалічнага абласнога каравая старшыні Мінскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку ўшаноўвалі герояў жніва.
[caption id="attachment_70329" align="aligncenter" width="350"]

■ Імправізаваны сноп, падрыхтаваны майстрамі і самадзейнымі артыстамі Капыльшчыны[/caption]
Выступаючы перад прадстаўнікамі ўсіх раёнаў, кіраўнік вобласці адзначыў: «У кожнага свята ёсць свае вытокі, свае асаблівасці і адметныя рысы. Гэта свята дарагое для нас удвая: і як даніна павагі нашым продкам, і як магчымасць сказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам вёскі. Сёлета неспрыяльныя ўмовы надвор’я значна паўплывалі на ўраджайнасць збожжавых культур, і нам не ўдалося дасягнуць леташніх вынікаў. Але, нягледзячы на гэта, Мінская вобласць па-ранейшаму ўтрымлівае статус асноўнай жытніцы краіны і надзейнага пастаўшчыка прадуктаў харчавання для жыхароў сталіцы і іншых рэгіёнаў. Перш за ўсё — гэта заслуга нашых працавітых людзей: кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый, камбайнераў, вадзіцеляў, тых, хто працаваў на сушцы збожжа, гатаваў абеды для ўдзельнікаў жніва».
[caption id="attachment_70325" align="aligncenter" width="560"]

■ Анатоль Ісачанка (трэці злева) падчас ушанавання перадавікоў[/caption]
Па словах Анатоля Ісачанкі, лідарам на ўборцы ўжо другі год запар з’яўляецца Дзяржынскі раён, другое і трэцяе месца занялі адпаведна Пухавіцкі і Мінскі раёны. Старшыня аблвыканкама адзначыў і непасрэдна кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія дасягнулі ў гэтым годзе лепшых вынікаў: кіраўніка ААТ «Гастэлаўскае» Станіслава Сакалоўскага, кіраўніка ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Уладзіміра Лук’янава, кіраўніка сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Яхімоўшчына-Агра» Уладзіміра Лазара.
«Самых добрых слоў падзякі ў свой адрас заслугоўваюць усе, хто прымаў актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю і ўклаў часцінку працы ў фарміраванне абласнога каравая: гэта студэнты і навучэнцы, работнікі РАНС і праваахоўных органаў, гандлю і грамадскага харчавання, культуры, медыцыны, бытавога абслугоўвання насельніцтва, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — Вялікі дзякуй нашым шэфам — прадпрыемствам і арганізацыям Мінска, якія аказалі значную падтрымку працаўнікам аграрнай галіны. Асабліва хачу сказаць дзякуй сем’ям хлебаробаў: маці, жонкам, якія ў перыяд гарачай пары хатнія клопаты ўзялі на свае плечы. Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць ветэранам галіны, якія перадаюць свой вопыт і веды падрастаючаму пакаленню. Ваша мудрасць заслугоўвае ўсеагульнай павагі і вартая прызнання. Нельга не падзякаваць за праведзеную работу раённым уладам і жыхарам горада Мядзела, дзякуючы вашым намаганням горад ператварыўся ў камфортны для пражывання і прывабны для турыстаў гарадскі цэнтр. У прыватнасці, да свята была рэканструявана плошча Леніна, якасна новы від набыў летні амфітэатр. Добраўпарадкаваны пляж і зона адпачынку на беразе возера Мястра. На васьмі аб’ектах жыллёвага фонду праведзены капітальны рамонт».
Усе пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад старшыні аблвыканкама, некаторых міністэрстваў і ведамстваў. Прыемна адзначыць, што ў ліку ўзнагароджаных і загадчык гаражоў ААТ «Піянер-Агра» Аляксандр Іваноўскі, які ўдастоены Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
[caption id="attachment_70324" align="aligncenter" width="560"]

■ Аляксандр Іваноўскі з ААТ «Піянер-Агра» (першы справа) сярод удзельнікаў свята[/caption]
Узнагародзілі і пераможцаў абласнога этапа конкурсу «Уладар вёскі» — сям’ю Шуціла з Клецкага раёна. Яны будуць прадстаўляць сталічны рэгіён на рэспубліканскім этапе праекта ў Слуцку. А лепшым у шэсці «Шлях да хлеба» стаў Бярэзінскі раён. Эстафету святкавання абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» Мядзел перадаў Барысаву. Гэта абавязвае райцэнтр правесці аграрны форум у наступным годзе на такім жа высокім узроўні. Да ўвагі гледачоў быў прадстаўлены канцэрт, у якім прынялі ўдзел лепшыя калектывы Міншчыны, а таксама вядомыя беларускія выканаўцы.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии