Для атрымання высокіх і стабільных ураджаяў, добрай якасці зерня вялікае значэнне маюць правільна выбраныя ўгнаенні і ўнясенне іх патрэбнымі дозамі ў аптымальныя тэрміны. Навукоўцамі ўстаноўлена, што на працягу кароткага перыяду, ад кушчэння да калашэння, азімыя спажываюць з глебы да 60-70% агульнага азоту, значная частка якога забяспечваецца ранняй веснавой падкормкай. Першую падкормку азотнымі ўгнаеннямі праводзяць пры тэмпературы паветра звыш 5 градусаў, калі аднаўляецца актыўная вегетацыя раслін, для ўзмацнення іх кушчэння. І правесці яе патрэбна максімум за 10 дзён.
[caption id="attachment_8776" align="aligncenter" width="413" caption="Механізатар ААТ “Старыца-Агра” Алег Бялько"]
[/caption]
Усе сельгаспрадпрыемствы Капыльшчыны актыўна ўключыліся ў гэту справу. Паводле інфармацыі ўпраўлення райсельгасхарчу, па стане на 5 красавіка ўжо падкомлена 7277 га азімых збожжавых, 1251 га азімага рапсу, 6160 га шматгадовых траў, 11 741 га сенажацяў і пашаў. Найбольш актыўна ідуць работы ў ААТ “Старыца-Агра”, на рахунку якога 66% апрацаваных пасеваў збожжавых, на 96% выканана заданне па падкормцы сенажацяў і пашаў, поўнасцю — рапсу і шматгадовых траў.
Вялікую дапамогу ў гэты перыяд аграрыям аказваюць комплексы “Раса-05”, якія дазваляюць праводзіць апрацоўкі не зважаючы на пераўвільготненыя глебы, паколькі не дапускаюць пашкоджання пасеваў нават пры наяўнасці тэхналагічнай каляіны. Іх у раёне 15, у тым ліку ў ААТ “Старыца-Агра” — два. Як паведаміў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па раслінаводстве Андрэй Ашэўскі, на самаходных апырсквальніках працуюць Аляксандр Рончык і Алег Бялько.
Не менш за 100 га падкормлівае за дзень Алег Іванавіч. У сельгаспрадпрыемстве ён з 1990 года і апошнія 15 год заняты, як сам кажа, “на хіміі”. Ужо дасканала вывучыў тэхналагічны працэс, аднак “Расу”, на якую перасеў толькі сёлета, лічыць найбольш прыдатным для такіх ранніх работ агрэгатам. “Іншым трактарам дарога ў поле яшчэ заказана, а мы з Аляксандрам ужо ўносім КАС”, — дзеліцца механізатар.
Зіма такі здолела падкінуць аграрыям непрыемныя сюрпрызы, таму ў многім будучы ўраджай залежыць менавіта ад падкормкі азотнымі ўгнаеннямі. І гэта добра разумеюць земляробы, таму імкнуцца не губляць ніводнай хвіліны.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии