Лясноўская сельская бібліятэка. Адчыняеш дзверы — і цябе сустракае дзіцячы гоман, гукі музыкі і… водар духмянай травы.
[caption id="attachment_69721" align="aligncenter" width="560"]
■ Святлана Лазарава[/caption]
Дарэчы, дзякуючы намаганням загадчыцы бібліятэкі Святланы Лазаравай, з нядаўняй пары тут праводзіцца вялікая работа па вывучэнні лекавых уласцівасцей раслін, якімі так багата наша навакольнае асяроддзе, арганізаваны так званы бібліятэчны «фітабар». Таму і размова пра справы адбылася за кубачкам духмянай гарбаты, заваранай з травы лафант.
— Святлана Іванаўна, — пытаюся ў суразмоўцы, — які галоўны кірунак Вы вызначылі для работы бібліятэкі?
— Для работы бібліятэкі прыярытэтным напрамкам вызначылі экалагічнае выхаванне і асвету. Працуем сумесна з Лясноўскай сярэдняй школай у рамках экалагічнага клуба «Лесовичок» і клуба дапытлівых «Почемучка». Сёння бібліятэка валодае шматлікімі магчымасцямі фарміравання экалагічнай культуры падрастаючага пакалення, але галоўнае, вядома ж, кніга. Такія прывабна аформленыя кніжныя выставы, як «Які выдатны гэты свет», «Давайце зберажом рамонак на лузе», «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі», «Я хачу сябраваць з прыродай», «Свет прыгажосцю ўратуецца», раскрываюць прыгажосць і багацце свету прыроды.
— Якія цікавыя формы работы Вы выкарыстоўваеце?
— Гэта — экаўрокі, экагадзіны, гульнявыя праграмы, вандроўкі і экалагічныя экскурсіі, відэа-прэзентацыі, а таксама масава-відовішчныя мерапрыемствы экалагічнай тэматыкі. Праводзілі мы і гасцёўню «Царыца паўночных лясоў і яе сяброўкі», віктарыну зялёнай аптэкі «Травінкі-вітамінкі», інфармхвілінку да Сусветнага дня вады «Усё жыццё з вады пачынаецца», «Вада ўсё захоўвае», бюро экалагічных знаходак «Сто цікавых фактаў аб планеце Зямля», экалагічны дэсант «Па лясной сцежцы роднага краю» і іншыя. Гэтыя мерапрыемствы сталі асновай выхавання ў чытачоў беражлівых адносін да прыроды, пачуцця адказнасці за яе стан, за сваё ўласнае здароўе і за ўвесь навакольны свет. Мы падрыхтавалі інфармацыю пра гісторыю выкарыстання лекавых уласцівасцей раслін, аб правілах іх збору. Знаёмства з канкрэтнымі лекавымі раслінамі адбываецца пры дапамозе кніг, ілюстрацый, гербарыяў, травяных збораў: з ліпай, бергамотам, шыпшынай, кітайскім лімоннікам, лафантам, мятай.
— Вядома, што з экалогіяй цесна пераплятаецца работа па выхаванні здаровага ладу жыцця. Як яна арганізавана ў вас?
— Тут таксама мы выкарыстоўваем розныя формы работы, праводзім актыўную прапаганду здаровага ладу жыцця, расказваем пра шкоду, якую наносяць п’янства, курэнне, наркаманія. Наладзіцца на хвалю здароўя чытачам дапамаглі спартыўныя гульнявыя праграмы, напрыклад, «Падарожжа ў краіну рухомых гульняў». Яна была падрыхтавана сумеснымі намаганнямі бібліятэкі і работнікаў СДК.
— Хто лепшы чытач сярод дзетак?
— З задавальненнем назаву наступныя імёны: Мадзіна Мардонава, Толя Шапавал, Ніка Харкевіч, Аляксандра Сінюк, Надзея Аніфер, Стас Радчанка, Насця Юхо, Аляксандра Кавальчук, Злата Янушка, Мілана і Паліна Тароцькі і многія іншыя.
— Вы працуеце толькі з дзецьмі?
— Мы імкнёмся ахапіць усе ўзроставыя групы: дзяцей, падлеткаў, моладзь, дарослых чытачоў. Людзі сярэдняга і сталага ўзросту з задавальненнем чытаюць мастацкую літаратуру рознай тэматыкі: і гістарычныя раманы, і раманы пра каханне, і літаратуру сучасных рускіх пісьменнікаў, дэтэктывы, фантастыку. Хочацца адзначыць актыўных чытачоў Лясноўскай бібліятэкі сярод дарослых. Гэта — А.В. Жалкоўскі, А.К. Вялешка, Т.М. Навіцкая, А.П. Жылка, А.Э. Васілеўская, М.А. Варэнік, М.І. Дамашэвіч, А.А. Саханчук, Р.С. Жучкевіч, Т.У. Лапуць. А самымі лепшымі чытальніцкімі сем’ямі з’яўляюцца сем’і Варэнік, Караленкаў, Жалкоўскіх.
— Ці дораць чытачы кнігі бібліятэцы?
— Канешне. Мы штогод праводзім акцыю «Кнігі — у дар бібліятэцы ад шчодрага чытача». Яна накіравана на тое, каб папоўніць фонд неабходнай літаратурай. У выніку дадзенай акцыі фонд Лясноўскай бібліятэкі, напрыклад, за 2017 год папоўніўся на 81 кнігу. Сярод дарыльшчыкаў хацелася б адзначыць А.В. Жалкоўскага, Т.І. Корбут, А.У. Багдановіч, А.А. Саханчук.
Размова засталася б незакончанай, калі б мы не паслухалі найбольш частых гасцей бібліятэкі — вучняў Лясноўскай СШ.
[caption id="attachment_69720" align="aligncenter" width="560"]
■ У бібліятэцы - юныя чытачы[/caption]
— Мне вельмі падабаецца наведваць бібліятэку, — гаворыць вучаніца 7 класа Паліна Давідоўская. — Тут шмат кніг. Я аддаю перавагу літаратуры пра жывёл, пазнавальнай літаратуры.
— Мне таксама цікава чытаць пра жывёл, а яшчэ падабаецца ўдзельнічаць у розных віктарынах і конкурсах, — дапаўняе пяцікласніца Мілана Мікалаеўская.
Дзіяна Эмінава расказвае, што яе бацькі таксама частыя наведвальнікі бібліятэкі: мама з задавальненнем чытае раманы, а сама дзяўчынка — энцыклапедыі і часопісы.
Дар’ю Логаш цікавяць таксама кнігі пра жывёл. Ды і наогул у бібліятэцы ёй падабаецца, таму што тут прыгожа і ўтульна.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии