8 верасня адзначаецца свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое святкуецца Царквою як дзень сусветнае радасці.
У Святым Пісанні нідзе не ўзгадваецца пра нараджэнне Марыі. Традыцыя, аднак, кажа, што яе бацькамі былі святыя Яўхім і Ганна. Яны былі пабожнымі яўрэямі. Дажылі да сталага ўзросту, але не было ў іх дзяцей. У тыя часы гэта лічылася карай за грахі продкаў. Таму Яўхім і Ганна рупліва прасілі Бога, каб даў ім дзіця. Бог пачуў іх просьбы і ўзнагародзіў за бязмежны давер — Ганна нарадзіла дачку, Марыю.
Месца і дата нараджэння Марыі невядомыя. Паводле розных крыніц, Марыя прыйшла на свет паміж 20 і 16 годам да нараджэння Езуса Хрыста.
Найбольшы ўплыў на традыцыю Касцёла аказала Протаевангелле Якуба. Датуецца яно прыкладна 150 годам, а значыць, з’яўляецца найбольш блізкім па часе да Евангелля паводле Яна. Менавіта з гэтай кнігі мы даведваемся, што бацькамі Марыі былі святыя Яўхім і Ганна і што Марыя ў малым узросце была ахвяравана ў святыні, дзе і пасялілася. Зыходзячы з гэтых звестак, 21 лістапада Касцёл адзначае ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.
Дату 8 верасня Касцёл пераняў ад Усходу… У некаторых краінах свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі называюць таксама святам Маці Божай Сеўнай. Існаваў старадаўні звычай толькі пасля гэтага свята распачынаць новую сяўбу, каб Марыя благаславіла зерне, кінутае ў зямлю.
Гэтае свята нагадвае, што Марыя была звычайным чалавекам. Хоць і была яна захавана ад першароднага граху, аднак праз усё жыццё мела свабодную волю. Так, як кожны з нас, яна расла са сваімі бацькамі, бавілася, дапамагала па гаспадарцы, у яе былі знаёмыя і родныя. І толькі яе вера, паслухмянасць і поўны давер у адказ на Божы голас учынілі так, што «хваляць яе ўсе пакаленні».
Комментарии