Павіншаваць настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў з Днём ведаў у Цімкавіцкую СШ імя К. Чорнага завіталі ганаровыя госці.
У іх ліку: першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар, старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Ліневіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Аляксандр Дубіна, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава і дырэктар ААТ «Капыльскае» Дзмітрый Палевікоў.
[caption id="attachment_69506" align="aligncenter" width="560"]

■ Аляксандр Дубіна, Наталля Дубовік, Ігар Макар, Анатоль Ліневіч, Дзмітрый Палевікоў, Алена Острыкава з вучнямі і настаўнікамі Цімкавіцкай СШ.[/caption]
Распачынаюць свята гукі дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, пад якія выдатніца вучобы навучэнка 10 класа Дар’я Парыбак падымае сцяг нашай краіны.
У гэты дзень шмат цёплых віншавальных слоў гучала ў адрас першакласнікаў, бо ў іх жыцці пачынаецца новы адказны этап.
— Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! — звярнуўся да ўсіх прысутных Ігар Макар. — Вось і скончылася лета, а разам з ім і канікулы. Большасць з вас зноў пераступіла парог роднай школы, а самыя маленькія ў якасці вучняў прыйшлі ў школу ўпершыню. Жадаю, каб кожны новы дзень радаваў вас новымі ведамі. А вам, паважаныя бацькі, дазвольце пажадаць цярпення і адданасці вашым дзеткам. Толькі добрыя словы хочацца сказаць педагогам, бо менавіта ад іх прафесіяналізму залежыць высокая якасць тых ведаў, якія атрымоўваюць дзеці. У добры шлях у краіну ведаў! А ў якасці падарунка прыміце сертыфікат на набыццё камп’ютара.
Прыемным падарункам ад Капыльскага райвыканкама стаў сучасны ноўтбук, які ўручыў Анатоль Ліневіч.
— Мне таксама прыемна віншаваць сёння і тых, хто ідзе ў школу ўпершыню, і тых, для каго гэты год апошні вучэбны, — сказаў Анатоль Канстанцінавіч. — Таму няхай кожны з вас пастараецца прыкласці максімум намаганняў для таго, каб гэты час стаў найбольш выніковым.
Словы шчырых віншаванняў прагучалі ад Аляксандра Дубіны, а таксама Алены Острыкавай. А падарункам ад ААТ «Капыльскае» стаў прынтар, які Дзмітрый Палевікоў уручыў дырэктару школы Наталлі Дубовік. Кожнаму з гасцей у знак падзякі вучні падарылі прыгожыя вышыванкі.
Вельмі кранальна і адначасова гумарыстычна прагучалі вершы ад першакласнікаў, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі выказалі сваё стаўленне да новага этапа ў жыцці. І, каб наваяўленыя вучні запомнілі гэты дзень, ім уручылі падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі — цудоўныя кнігі пра родную Беларусь. Ад адзінаццацікласнікаў дзеткі таксама атрымалі падарункі на памяць.
[caption id="attachment_69505" align="aligncenter" width="560"]

■ Кнігі-падарункі ўручае дырэктар школы Наталля Дубовік[/caption]
Права даць званок на першы ўрок атрымалі брат і сястра: вучань 11 класа Ілья Спірыдонаў і ўжо навучэнка 1 класа Кацярына. І гэта даволі сімвалічна, бо ў жыцці кожнага з іх надышоўшы вучэбны год — асаблівы.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии