Яшчэ адзін аўтобус з фотаздымкамі, які з’явіўся на дарогах Капыльшчыны, прысвечаны не менш знакамітаму нашаму земляку — Герою Беларусі Міхаілу Высоцкаму, ураджэнцу вёскі Семежава.
Ён вельмі шмат зрабіў для дзяржавы. Менавіта з імем Міхаіла Сцяпанавіча звязаны найбольш значныя дасягненні Мінскага аўтазавода.
Мэта цікавай задумкі, прымеркаванай да Года малой радзімы, заключаецца ў тым, каб як мага больш людзей ведала і памятала пра нашых землякоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у навуковую, культурную спадчыну Беларусі. На Капыльшчыне ідэя нанесці фотаздымкі на аўтобусы ажыццявілася ўпершыню, і належыць яна райвыканкаму і раённаму краязнаўчаму музею. У стварэнні эскізаў прымаў удзел аддзел ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Хочацца верыць, што капыляне будуць лічыць за гонар праехаць на такім аўтобусе.
Абодва транспартныя сродкі аўтапарка № 21 ужо працуюць на прыгарадных маршрутах, колькасць месц для сядзення ў іх разлічана на 22 чалавекі. Новую тэхніку даручылі вопытным вадзіцелям Мікалаю Шыдлоўскаму і Віктару Лойку.
— Вядома, аўтобусы з фатаграфіямі прыцягваюць большую ўвагу, — расказвае Мікалай Шыдлоўскі. — Мой аўтобус — з фотаздымкам Міхаіла Высоцкага. Напрыклад, у Слуцку людзі падыходзілі і распытвалі пра яго. Я з задавальненнем расказаў пра знакамітага земляка.
Кристина ЖОГОЛЬ
Комментарии