Аўтар гэтай песні — ураджэнец Капыльшчыны Адам Русак, і мае яна даволі цікавую гісторыю.
Аднойчы, недзе яшчэ ў 30-я гады, маці Адама Русака Марыя Ігнатаўна праводзіла яго ў Ленінград і папрасіла: «Напішы, сынку, як ты дабраўся. Суцеш радаснай вестачкай». Праз пэўны час яна атрымала пісьмо, якое заканчвалася такімі словамі: «Бывайце здаровы, жывіце багата, а я ўжо прыехаў да дому, да хаты. У вашым калгасе шырокае поле. Няхай жа на шчасце цвіце ваша доля». Першай песню заспявала маці на вядомы вясельны матыў. Потым падхапілі суседзі, вёска і акруга. Песня пайшла ў свет.
Доўгі час верш лічыўся народным… Пазней адбылося пасяджэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі, на якім аўтарства Адама Русака ўсё ж такі было даказана.
Пасля публікацыі верш адразу заўважылі кампазітары. Упершыню песня загучала на музыку, якую напісаў У.Р. Захараў, мастацкі кіраўнік хору імя Пятніцкага. Аднак доўгую славу прынесла менавіта музыка сябра Русака — Ісаака Любана. Песня «Бывайце здаровы» прагучала 15 чэрвеня 1937 года ў выкананні народнай артысткі БССР Ларысы Александроўскай пасля завяршэння рэспубліканскага партыйнага з’езда ў Мінску. Сярод першых выканаўцаў песні і Леанід Уцёсаў. Падчас Вялікай Айчыннай песня гучала на франтах у розных варыяцыях. Сярод пазнейшых выканаўцаў — ансамбль «Песняры» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна, Іосіф Кабзон, Зміцер Вайцюшкевіч.
Комментарии