Менавіта пад такой назвай весела і, спадзяюся, запамінальна, прайшоў Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў Жыліхаўскай сельскай бібліятэцы.
Адкрыла Тыдзень «Чайная субота». У ролі захавальніцы кніг выступіла бібліятэкар, якая пазнаёміла дзяцей з мерапрыемствамі, запланаванымі на час канікул, усе разам абмеркавалі, як лепш і цікавей іх правесці для агульнай карысці. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе экспрэс-загадак на лепшае веданне герояў кніг, якія жывуць на паліцах нашай бібліятэкі.
Завяршылася свята агульным чаяпіццем з салодкім сталом і дыскатэкай, якую арганізавалі работнікі СДК А. А. Каваленка і А. Л. Касменка.
У “Пазнавальны аўторак» — дзень цікавых і карысных паведамленняў – наведвальнікі пазнаёміліся з кнігаю Ю. С. Іванова “Калейдоскоп вещей”. Многія чытачы бібліятэкі любяць часопіс “Развлекательный каламбур”, у адным з яго раздзелаў таксама друкуюцца цікавыя, неверагодныя факты з навакольнага асяроддзя. Гэтым прачытаным не прамінулі падзяліцца і нашы ўдзельнікі мерапрыемства. Добрым падспор’ем таксама з’явілася энцыклапедыя школьніка “5000 фактов”.
Наступны дзень праходзіў у выглядзе цыкла выстаў “Беларускія пісьменнікі дзецям”, дзе наведвальнікаў бібліятэкі чакала новае знаёмства з забытымі сябрамі. На выставе прысутнічалі героі кніг А. Асіпенкі, З. Бандарына, Я. Бяганскай, А. і В. Вольскіх, В. Гарбука, К. Каліны і інш.
1 красавіка адбылося два мерапрыемствы: першае – часіна-весяліна “Гумарлэнд”, выпуск насценгазеты, і “Рэха птушынага спеву”, прысвечанае Міжнароднаму дню птушак і праведзенае ў рамках экаклуба. Праходзіла яно ў зоне адпачынку Барэцкага лесу.
“Казачная пятніца” – так называлася падарожжа па казках Г.-К. Андэрсена. Наведвальнікі расказалі пра любімых герояў казак, прынялі ўдзел у віктарыне, зрабілі замалёўкі на эпізоды з найбольш любімых вядомых казак.
У апошні дзень Тыдня актыўныя ўдзельнікі нашых мерапрыемстваў прысутнічалі на свяце “Рамантычная субота”, дзе быў падведзены вынік і ўзнагароджаны пераможцы: В. Ткачук, Я. Радкевіч, М. Яцына. Дарэчы, ні адзін школьнік не застаўся без падарунка-сувеніра. І вядома ж, закончылася свята дыскатэкай, якая, дзякуючы клубнай установе, прайшла на “ўра!”.
Вольга РАДКЕВІЧ,
бібліятэкар Жыліхаўскай сельскай бібліятэкі
Комментарии