Капыльшчыне ёсць чым і кім ганарыцца. Яна славіцца не толькі маляўнічымі краявідамі, але і працалюбівымі, таленавітымі людзьмі. Мы выбралі ўсяго некалькі так званых брэндаў, якія сімвалізуюць рэгіён далёка за яго межамі.
Замкавая гара з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і працягвае заставацца найважнейшым кампазіцыйным акцэнтам нашага горада. Тут не аднойчы праводзіліся археалагічныя раскопкі, якія сведчаць пра старажытнасць Капыля. Існуе паданне, што даўным-даўно на высокай гары, якая і цяпер узвышаецца амаль у цэнтры горада, стаяў замак. Быў ён велічны і моцны: не аднойчы ворагі вярталіся дадому, так і не здолеўшы заваяваць яго. А ўсё таму, што ахоўвалі замак высокія земляныя валы і бурліла каля яго схілаў празрыстымі водамі рака Каменка, якую злая вядзьмарка схавала пад зямлю. Таму старажылы казалі, што калі раскапаць гару Замкавую, то вырвецца Каменка на волю і пакрые сваімі водамі ўсё наваколле. Лічыцца, што ў гары схаваны дзіўныя скарбы.
Комментарии