Гэты год — двойчы юбілейны для жанчыны, чыя біяграфія неразрыўна звязана з Капылём. Паўстагоддзя са сваіх 85-ці вядомая настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 г. Капыля Клара Іларыёнаўна Сідзельнікава жыве на Капыльшчыне.
Увесь яе шлях — прыклад поўнай самааддачы працы, творчага пошуку і поспеху. Дзякуючы яе актыўнай жыццёвай пазіцыі Капыль прымаў вядомых людзей: артыстаў, пісьменнікаў, шматлікіх дзеячаў культуры.
[caption id="attachment_69207" align="aligncenter" width="560"]
■ Клара Сідзельнікава ўручае кветкі народнаму артысту РСФСР Пятру Вельямінаву[/caption]
Каля хаты пад праменьчыкамі летняга сонейка сядзіць жанчына сталага веку, грэецца. Крыху прыжмурыўшы мудрыя вочы, назірае за тым, што адбываецца на вуліцы. Амаль усе, хто праходзіць міма, вітаюцца: «Добры дзень, Клара Іларыёнаўна! Вы памятаеце нас? Мы — вашы вучні».
Многіх з іх Клара Іларыёнаўна Сідзельнікава насамрэч памятае: кагосьці — па імёнах, кагосьці — па тварах. Ды чаго тут здзіўляцца: вучняў, якіх давялося вучыць беларускай мове і літаратуры падчас працы настаўніцай у СШ № 1 г. Капыля, — не пералічыць. Яны жывуць і працуюць ва ўсіх кутках Беларусі, бліжняга і дальняга замежжа. Доўгі час настаўніца атрымоўвала цёплыя лісты, паштоўкі, тэлеграмы. Яна і сёння беражліва захоўвае іх. Ёй, як лепшаму сябру, давяралі патаемныя думкі, дзяліліся радасцю, запрашалі на вяселлі.
І ў кожнага з тых, каго вучыла Клара Іларыёнаўна, захаваўся свой вобраз настаўніцы — добрай, разумнай, прыгожай, адукаванай, але часам і строгай. Аднак адзінае, што ў характары Клары Іларыёнаўны вызначаюць і былыя вучні, і калегі, — прынцыповасць і справядлівасць.
Па-іншаму і быць не магло: бацькі нашай гераіні былі людзьмі, як кажуць, старой загартоўкі, камуністамі ў добрым сэнсе гэтага слова. Тата Іларыён Федасеевіч Куксо — аграном ад Бога. Ён ніколі не баяўся выказваць свае меркаванні, якія не заўсёды супадалі з пунктам гледжання кіраўніцтва. За адно такое выступленне быў зняты з пасады загадчыка сельскагаспадарчага аддзела Гарадоцкага райвыканкама (сям’я жыла на Віцебшчыне) і накіраваны брыгадзірам у адзін з мясцовых калгасаў, дзе добрасумленна выконваў свае абавязкі. Маці Фёкла Пятроўна працавала ў сельвыканкаме. Клара была старэйшая з трох дзяцей: сястра Валянціна нарадзілася ў 1939 годзе, брат Уладзімір — равеснік Вялікай Айчыннай. Дарэчы, ваеннае ліхалецце не абмінула сям’ю Куксо. Тата змагаўся пад Сталінградам і, калі быў цяжка паранены, яго палічылі загінулым. Дамоў прыйшла пахавальная, у якой чорным па белым напісана, што муж і бацька паў смерцю храбрых. Але маці адчувала: жывы. Так яно і сталася. Бацька вярнуўся ўжо пасля Перамогі. Сказаць, што дзеці і маці абрадаваліся, — нічога не сказаць. Слёзы радасці не сыходзілі з іх вачэй. Дарэчы, памёр бацька многа пазней, не дажыўшы два месяцы да 102 гадоў.
…Беларускую мову Клара любіла з дзяцінства. Менавіта таму і свой прафесійны шлях звязала з яе вывучэннем у Полацкім педінстытуце. Да той пары, пакуль у 1968 годзе Клара Іларыёнаўна не ўладкавалася на сваё пастаяннае месца працы ў СШ № 1 г. Капыля, яна паспела папрацаваць і завучам у Антонаўскім дзіцячым доме, і выкладчыкам Дзямідавіцкай СШ Дзяржынскага раёна, і выхавальніцай Халопініцкай школы-інтэрната Крупскага раёна.
[caption id="attachment_69206" align="alignleft" width="350"]
■ Клара Куксо (Сідзельнікава), 1955 г.[/caption]
Але па-сапраўднаму ганаровая кніга працоўных дасягненняў Клары Іларыёнаўны пачала складвацца менавіта з таго далёкага 68-га, калі мужа Юрыя Сідзельнікава, будаўніка па прафесіі, перавялі ў Капыль. Шмат што знайшло адлюстраванне на яе старонках. Адкрытыя ўрокі, якія давала настаўніца, былі, бадай, лепшымі ў раёне. Вывучэнне літаратуры праходзіла не толькі па кнігах: многія знакамітасці станавіліся гасцямі Сідзельнікавай. Памяць вучняў і чорна-белыя фотаздымкі захоўваюць яркія моманты: вось Клара Іларыёнаўна ўручае кветкі вядомаму артысту Пятру Вельямінаву, вось пад руку ідзе па вуліцах Капыля з беларускім пісьменнікам Міколам Хведаровічам, а гэта яна стаіць побач з Генадзем Цітовічам і Адамам Русаком. Захоўваецца ў хатнім архіве і здымак са Стэфаніяй Станютай. У ліку знаёмых быў і вядомы скульптар Заір Азгур. Тое, што шматлікія пісьменнікі і дзеячы культуры былі частымі гасцямі ў Капылі, — заслуга ў тым ліку і Клары Іларыёнаўны. Жанчына запрашала іх і ў школу, і нават дадому ў госці. З усімі яна мела простыя зносіны, на роўных. Уменне наладзіць кантакт з любым чалавекам — адна з самых важных рыс характару гэтай жанчыны.
Аднойчы Ніл Гілевіч запрасіў Клару Сідзельнікаву на канферэнцыю ў Мінск. Разам з найбольш значнымі ўдзельнікамі мерапрыемства настаўніца сядзела ў прэзідыуме. «Скажыце некалькі слоў», — звярнуўся з просьбай Гілевіч. «Не, Ніл Сымонавіч, вы што, тут жа адны пісьменнікі», — прагучала ў адказ. «Клара Іларыёнаўна, Вас на ўсіх хопіць». І прамова Сідзельнікавай, як заўсёды, была яркай і насычанай.
Клара Іларыёнаўна ва ўсім займала актыўную жыццёвую пазіцыю. Нават летам, калі большасць настаўнікаў адпачывае ад школьнага жыцця, Сідзельнікава складала маршруты, збірала дапытлівых вучняў, якія, да таго ж, не баяліся цяжкасцей, і адпраўлялася з імі ў паходы. Шмат дзе давялося пабываць дзецям разам з настаўніцай: Масква, Кіеў, гарады Украіны і роднай Беларусі. Галоўным у сваёй рабоце Клара Іларыёнаўна лічыла развіццё творчых здольнасцей вучняў. Яна адчувала ў дзіцяці, часам занадта сціплым, сарамлівым, яшчэ схаваныя, нікім не раскрытыя схільнасці да роднай мовы, дар бачыць прыгожае, незвычайнае, а потым перадаваць гэта сакавітым беларускім словам. Таму педагагічная ніва настаўніцы шчодра ўслана кветкамі прызнання, самасцвярджэння, поспехаў, высокіх адзнак, якімі адзначана яе праца. Дарэчы, медаль на ВДНГ яна атрымала за ўдзел ва Усесаюзнай канферэнцыі ў Маскве, дзе паспяхова выступіла з дакладам «Фарміраванне светапогляду і актыўнай жыццёвай пазіцыі».
Сярод узнагарод — ганаровы знак «Выдатнік народнай асветы» (1977 год), нагрудны значок «Отличник просвещения СССР» (1983 г.), бронзавы медаль галоўнага камітэта ВДНГ СССР «За достойные успехи в развитии народного хозяйства СССР» (1984 г.), Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі БССР, ЦК прафсаюза работнікаў асветы, разнастайныя дыпломы і падзякі.
[caption id="attachment_69205" align="aligncenter" width="560"]
■ Разам з Міколам Хведаровічам у цэнтры Капыля[/caption]
З бадзёрасцю і творчым агеньчыкам Клара Іларыёнаўна станавілася ўдзельніцай аматарскай самадзейнасці. З яе вуснаў беларускае слова гучала надзвычай пранікнёна. У доўгай прыгожай сукенцы, як у сапраўднай артысткі, або ў беларускім народным касцюме — такой запомнілася настаўніца гледачам не толькі Капыльшчыны.
Акрамя педагагічных поспехаў, Клара Іларыёнаўна можа ганарыцца і бацькоўскімі. Дачка Святлана, якая нарадзілася ў 1958 годзе, скончыла філалагічны факультэт БДУ, ветэран працы, але працуе ў адной са школ Слуцка і зараз. Сын Міхаіл пасля заканчэння Акадэміі МУС служыў следчым у Барысаве. Зараз падпалкоўнік у адстаўцы. Радуюць жанчыну ўнукі і праўнукі.
Людміла ЛАЗОЎСКАЯ, настаўніца гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі:
—
Менавіта дзякуючы Клары Іларыёнаўне я стала настаўніцай. Мне глыбока ў душу запалі яе ўрокі мовы і літаратуры. Яна адкрыла для мяне свет беларускай культуры. Яе меладычная мова, добразычлівасць, сардэчнасць, адкрытасць душы натхнілі мяне на выбар педагагічнага шляху. У нейкім сэнсе я стала яе паслядоўніцай: таксама запрашаю ў гімназію пісьменнікаў, паэтаў, артыстаў, бо гэта яшчэ больш спрыяе ўзбагачэнню літаратурных ведаў.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии