Сёлета мы адзначылі 140-годдзе з дня нараджэння паэта Лявона Лобіка. Максім Багдановіч быў знаёмы з творчасцю нашага земляка і назваў яго паэтам-земляробам. Стараннямі такіх даследчыкаў гісторыі літаратуры, як Генадзь Каханоўскі, імя Лявона Лобіка вернута з небыцця.
У свой час часта даводзілася бываць у мясцінах, дзе нарадзіўся легендарны паэт-змагар, разам з калегам-журналістам райгазеты «Слава працы» Усеваладам Гурыновічам. Пашчасціла нам сустрэцца з пляменнікам паэта Рыгорам Цімафеевічам Лобікам, які з цеплынёй успамінаў пра свайго дзядзьку. Важныя звесткі пра свайго бацьку ў 80-я гады расказала яго дачка Надзея Лявонаўна Фалітар, якая жыла ў Кукавічах.
Нарадзіўся Лявон Лобік у вёсцы Кукавічы. Яго бацька пастараўся, каб сын закончыў пачатковую школу ў Вялікай Раёўцы, а затым Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У Нясвіжы надвячоркам з ім здарылася бяда: хлопец не заўважыў і натыкнуўся на нейкі стрыжань, прабіў нагу. Так застаўся калекам.
Накульгваючы, хадзіў па хатах у Кукавічах, Вялікай Раёўцы і вучыў па дамоўленасці дзяцей. Як педагога яго вельмі любілі вучні, бо ён ім аддаваў усяго сябе.
Рэвалюцыйныя падзеі 1905 года падштурхнулі яго ў змагары супраць самадзяржаўя. Лявон уступае ў капыльскую сацыял-дэмакратычную групу. Ён разам з Цішкам Гартным, Фабіянам Шантырам распаўсюджвае сярод жыхароў прапагандысцкую літаратуру, распальвае ў сэрцах людзей нянавісць да царызму.
Вось што нагадаў пляменнік: «Лявон Сцяпанавіч праводзіў з вяскоўцамі патаемныя сходкі. А калі прыносіў з Капыля лістоўкі, то прымушаў нас з Фёдарам Кляцко і Фёдарам Зянько развешваць іх на сценах будынкаў. Давялося расклейваць агітацыйныя матэрыялы ў Мікалаеўшчыне, Пляшэвічах, Вялікай Раёўцы».
Як успаміналі старэйшыя вяскоўцы з Кукавіч, Лобік праводзіў сходы пры завешаных вокнах. А каб не трапіць у «лапы» шпікоў, умела растаўляў пікеты вартавых. Але такая перасцярога не заўсёды выратоўвала ад прыстава і ўрадніка. Падставай для арышту Лявона Лобіка сталі масавыя хваляванні сялян. Улады спачатку выслалі яго ў Краснадарскі край, а затым перакінулі ў волжскі гарадок Чорны Яр. Увосень Лявон вярнуўся ў Пінск, а потым і ў Кукавічы, дзе настаўнічаў, затым працаваў сакратаром у нясвіжскага міравога суддзі. 3 гэтага часу актыўна піша розныя артыкулы, вершы, нататкі, якія можна ўбачыць у «Нашай ніве».
Ён не толькі актыўны падпісчык выдання, але і разам з Алесем Гурло і Цішкам Гартным збірае грошы на пад- трымку любімай газеты. Але за тое, што патрабаваў у Кукавічах у пана Патразоніна грошай на выданне «Нашай нівы» і беларускіх календароў, кульгавага настаўніка пасадзілі ў Віленскую турму.
Яшчэ ў свой час у Кукавічах можна было пачуць вершы Лявона Лобіка, якія малююць тагачаснае жыццё вяскоўцаў.
Цёмна ў хаце,
на прыбрана,
Парасяты пад сталом,
Павуцінаю засланы
Крайні кут пад абразом.
Даследчыкі па крупіцах збіраюць яго спадчыну. У першым томе «Анталогіі беларускай паэзіі» ёсць вершаванае апавяданне Лобіка «Залом у жыццё», якое прасякнута верай у шчаслівы дзень Беларусі.
У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца падшыўкі «Нашай нівы». У №11 за 1912 год я знайшоў карэспандэнцыю, дзе наш зямляк піша: «Вось каб вучоныя прагле- дзелі нашу зямельку, то знайшлі б шмат карыснага для людзей. Я хачу сказаць аб тым, што месцамі грунт без гною дае ўраджай. Як апавядае Іван Ліхадзіеўскі з Куцаўшчыны, недалёка ад вёскі капалі землю пад слупы і знайшлі слой солі чырвонага колеру. Такую соль спачатку людзі ўжывалі для жывёлы, а пасля і сабе». Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі прачытаў гэтую нататку, вельмі ўзрадаваўся і палічыў, што гэта павінна стаць старонкай гісторыі беларускай геалогіі.
Турмы і ссылкі адбіліся на здароўі паэта, ён захварэў на сухоты. Будучы хворым выступаў перад салдатамі заходняга фронту, агітаваў іх пераходзіць на бок народа.
У Капылі лёг у бальніцу, але, як ні стараўся ўрач Каролька, не выратаваў народнага змагара. У канцы сакавіка 1918 года той памёр. Пахавалі Лявона Лобіка на гарадскіх могілках.
Іван Ігнатчык
Комментарии