Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

28

Пярсцёнак княжаскага дружынніка

29.03.2011
Гісторыя нашага горада складалася стагоддзямі, пакідаючы на яе старонках факты і міфы, адкрыцці і дагадкі, паданні і легенды... Упершыню Капыль упамінаецца ў 1274 годзе ў Галіцка-Валынскім летапісе, у якім гаворыцца аб барацьбе князя Галіцкага і Холмскага з літоўскім князем Трайдэнам. Верагодна, такое позняе паведамленне пра Капыль у пісьмовых крыніцах і давала некаторым навукоўцам падставы лічыць горад адносна познім паселішчам. Магчыма, гэта і было адной з прычын, што амаль да канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя ён заставаўся археалагічна нявывучаным.  Адсутнасць археалагічных даных і абмежаванасць пісьмовых звестак спрыялі ўзнікненню розных легенд і паданняў, часам нават фантастычных, наконт існавання падземнага хода паміж Капылём і Слуцкам. Даныя археалагічных раскопак, што праводзіліся на Замкавай гары пад кіраўніцтвам Л. Калядзінскага ў 1996 - 1999 гг. і каля яе ў 2005 і 2007 гг., сведчаць пра высокі ўзровень развіцця Капыля ў час ранняга Сярэднявечча. Гэта і звесткі аб разнастайных рамёствах, у тым ліку апрацоўцы чорнага і каляровага металу, промыслах, працы ў сельскай гаспадарцы, гандлёвых сувязях з далёкімі землямі. Падчас археалагічных раскопак былі выяўлены прылады працы і рэчы побыту, прадметы ўзбраення і ўпрыгожанні, у большасці выпадкаў – жаночыя: фрагменты шкляных бранзалетаў (пераважна сіняга колеру), пацеркі шкляныя і з сердаліку. Але сярод археалагічных артэфактаў вылучаюцца эксклюзіўныя рэчы, у тым ліку пазалочаная падвеска ад галаўнога ўбору ў выглядзе шматграннай пацеркі, сярэбраны нацельны крыжык, хірургічны нож, арбалетны болт, фрагменты шкляных кубкаў з роспісам і латунны пярсцёнак дружынніка з авальным шчытком, на якім маецца выява крынаў - квітнеючай лазы. Менавіта з гэтым пярсцёнкам звязана рамантычнае паданне. Даўно гэта было, многа стагоддзяў таму. На высокай гары стаяў замак багатага князя. Недалёка ад замка цякла рэчка, якая разлівалася шырокім возерам каля княжацкіх харомаў. Была ў таго князя адзіная дачка, ды такой прыгажосці, што бацька не дазваляў, каб глядзелі на яе простыя людзі. Хто ведае, як склаўся б лёс князёўны Міланегі, калі б аднойчы не сустрэла яна на сваім шляху маладога дружынніка Багуслава. Яму ўжо даўно падабалася княжацкая дачка, ды толькі не ведаў, як з ёй пачаць гаворку. А тут дзяўчына спытала першая: - А скажы, Багуслаў, ці цяжка адолець мядзведзя? Хлопец падумаў і адказаў: -Ну, калі моцная рагаціна, то не надта. - Здабудзь для мяне мядзведжы ікл, Багуслаў, - папрасіла прыгажуня. Кажуць, ён прыносіць шчасце і ўдачу. Здабудзеш - заручуся з табой! Сэрца дружынніка затахкала. Няўжо гаворыць праўду? Колькі разоў кпіла, калі ён, хлопец простага роду, прапаноўваў руку, а тут ... - Заўтра, Міланега, буду першым на паляванні, - цвёрда паабяцаў ён. На наступны дзень князёўна праглядзела ўсе вочы, чакаючы дружынніка з палявання. Ён паказаўся толькі пад вечар. Ззаду на возе ляжала вялізная звярыная туша. Дружыннік падараваў дзяўчыне мядзведжы ікл і зняў з рукі свой пярсцёнак дружынніка, каб адзець яго на палец дзяўчыне. Але не заўважылі яны, што ўпаў пярсцёнак не на палец дзяўчыны, а ў гушчыню травы. Таццяна ВАРАНЦОВА, старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Капыльскі раённы  краязнаўчы музей” Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей