Валанцёры ініцыятыўнай групы «Дабрадзеі» раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў чарговы раз наведалі Бабаўнянскую бальніцу сястрынскага догляду.
[caption id="attachment_68368" align="aligncenter" width="560"]
■ Таццяна Янушка, Марына Гайдзель (у цэнтры) з Нінай Жук (другая справа) і валанцёрамі[/caption]
На гэты раз, каб перадаць гуманітарную дапамогу, якую набылі за кошт сродкаў, сабраных падчас дабрачыннай канцэртнай праграмы «Ноты міласэрнасці»і акцыі «Ад сэрца да сэрца». Для 22 пастаяльцаў установы былі закуплены мыючыя і гігіенічныя сродкі, памперсы, пасцельныя рэчы, адзенне. Вельмі неабходна была і інвалідная каляска са спецыяльнымі прыстасаваннямі.
— Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на нашу прапанову дапамагчы абяздоленым людзям, і артыстам, і гледачам, — адзначае старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ніна Жук. — Асаблівыя словы падзякі трэба адрасаваць «Дабрадзеям» (кіраўнік Валянціна Зарамбоўская) за іх бескарыслівую дапамогу ва ўсіх добрых справах. Вельмі радуе тое, што ў нашым раёне жывуць людзі, неабыякавыя да чужой бяды, якія гатовы аддаць часцінку цяпла сваёй душы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Супрацоўніцтва раённай арганізацыі БТЧК з установамі Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы наладжана даволі цесна і працяглы час. Гэта пацвердзіла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Марына Гайдзель. Яна выказала ўдзячнасць, што валанцёры заўсёды сярод тых, каму неабходны значныя ўвага і клопат, — у бальніцы сястрынскага догляду, у аддзяленні паліятыўнай медыцынскай дапамогі і іншых установах. Сапраўды, як адзначыла Марына Іосіфаўна, усмешкі пацыентаў — гэта вялікая ўдзячнасць і Чырвонаму Крыжу, і медработнікам.
— Выказваем словы ўдзячнасці ўсім, хто не забывае пра людзей з няпростымі лёсамі, — гаворыць загадчык бальніцы сястрынскага догляду Таццяна Янушка. — Большасць з іх не могуць рухацца, інваліды І і ІІ групы. Таму прывезеныя сёння прыстасаванні будуць ім вельмі дарэчы. Ад імя ўсіх пацыентаў дзякую за гуманітарную дапамогу. Хачу адзначыць, што вялікую падтрымку неабходнымі рэчамі і падарункамі мы атрымліваем ад настаяцеля і прыхаджан Свята-Троіцкай царквы, што ў Цялядавічах, ад мясцовых жыхароў. Заўсёды рады тым, хто завітае да нас.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии