Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

61

Первый белорусский "Букварь" отметил свое 400-летие

27.07.2018
Мне пашчасціла наведаць у Мінску ўнікальную  выставу ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі  «Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі», прысвечаную юбілею першага ў свеце выдання пад назвай «Буквар». Ён быў  створаны  чатырыста год таму менавіта беларусамі. Так што мы можам ганарыцца —  у буквара  беларускія карані. [caption id="attachment_68380" align="aligncenter" width="560"]Спірыдон Собаль і яго буквар Спірыдон Собаль і яго буквар[/caption] Я быццам апынуўся зноў у маленстве. Проста вочы разбягаліся ад безлічы прадстаўленых на выставе буквароў: знакамітых буквароў і азбук XVI–ХХІ стст. — розных па складзе, графіцы, мастацкім аздабленні, педагагічных прыёмах навучання чытанню і пісьму. Прадстаўлены былі нават буквары беларускай дыяспары. На выставе можна было прасачыць усе чатыры стагоддзі існавання буквара. Буквар, канешне,  не быў  першай кнігай для навучання пісьму і чытанню. Такія падручнікі існавалі і раней — нашы далёкія продкі  вучыліся па кнігах Францішка Скарыны, Івана Фёдарава, Лаўрэнція Зізанія і інш.  Але вось выданняў пад назвай «Буквар» да тае пары сапраўды не было. І буквар здолеў сістэматызаваць увесь назапашаны вопыт у навучанні грамаце і на той час быў самым дасканалым. Ён быў разлічаны не толькі на дзіцячую,  юнацкую, але і на дарослую аўдыторыю. Спачатку  вучні вывучалі літары славянскага алфавіта, затым складалі іх у простыя склады і словы. Потым  чыталі словазлучэнні і  сказы. Кожны занятак абавязкова пачынаўся з малітваў, якія складалі значную частку кнігі. Ёсць тут і  мудрыя выказванні, пералік наказаў для маладых людзей — «не крадзі», «шануй бацьку свайго і маці»,  і пералік смяротных грахоў — «празмерны гонар», «абжорства», «зайздрасць», «сквапнасць», «гнеў» і інш.  Дарэчы, калі б не падтрымка беларускага магната Багдана Агінскага, кнігі магло б і не быць. Ён падтрымаў тагачасны цэнтр праваслаўнай культуры — Віленскі Свята-Духавы манастыр, выдавецкая дзейнасць якога была забаронена з-за публікацыі  «Трэнаса» Мялеція Сматрыцкага. Радзімай першага буквара стала не Вільня, а мястэчка Еўе Троцкага ваяводства прыблізна ў 40 кіламетрах ад сучаснай літоўскай сталіцы. Там знаходзіўся маёнтак Агінскага. І герб спонсара можна ўбачыць на першай старонцы кнігі. «Буквар» быў выдадзены 24 ліпеня 1618 г. у друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва, якое было адным з самых старадаўніх  беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Дарэчы,  яшчэ да нядаўняга часу лічылася, што  першы ў свеце буквар з’явіўся на тэрыторыі Беларусі ў 1631 г.: выйшаў ён у Куцеінскай друкарні ўраджэнца Магілёва Спірыдона Собаля. Заснаваная ім у 1630 г., яна стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. У Оршы захаваліся разваліны некалі знакамітай друкарні. Да нашага часу зберагліся два асобнікі падручніка, па якім вучыліся нашы далёкія продкі. Няпоўны — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі, поўны — у Вялікабрытаніі, у  бібліятэцы «Мідл Тэмпл». Туды кніга патрапіла ў XVII стагоддзі дзякуючы калекцыянеру навучальных выданняў Роберту Эшлі. Потым асобнік апынуўся ў кнігазборы лонданскіх барыстараў — членаў карпарацыі адвакатаў. Як цудоўна, што ў  Нацыянальнай бібліятэцы з’явілася лічбавая копія першага буквара з Каралеўскай бібліятэкі Даніі. Цяпер дакрануцца да выдатнага гістарычнага помніка ў анлайн-рэжыме зможа любы ахвотнік на сайце галоўнай  бібліятэкі Бацькаўшчыны. Хочацца, каб хутчэй стала даступным шырокай грамадскасці і факсімільнае перавыданне першага буквара. Беларусь заўсёды сур’ёзна ставілася да стварэння буквароў.  Ужо ў пачатку ХХ стагоддзя пачалі з’яўляцца  падручнікі для навучання чытанню:  лемантары і чытанкі Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, Леанілы Гарэцкай і інш. Многія пакаленні маленькіх  беларусаў у савецкі і сённяшні час вучыліся і працягваюць вучыцца па буквары Анатоля Клышкі. Дарэчы, ён упершыню быў  выдадзены ажно  ў 1969 г. і перавыдаваўся 23 разы на беларускай, рускай і польскай мовах.  Атрымаў залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай кніжнай выставы ў 1977 г., а ў 2004 г. быў прызнаны лепшым падручнікам года на выставе ў Франкфурце-на-Майне. Мяне як педагога не можа не радаваць, што ў гонар шаноўнага юбілею  ў 2018 г. у гарадах, пасёлках і вёсках Беларусі пройдзе шмат цікавых  мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею  буквара. І ўвесь сёлетні год  пройдзе  пад знакам 400-годдзя буквара. Гэта своеасаблівы працяг святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. І як тут не згадаць красамоўныя словы Уладзіміра Караткевіча: «Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ». Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Вiцебск

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей