«З павагай і цеплынёй да Вас» — пад такой назвай у Руднянскім клубе-бібліятэцы праводзіўся агеньчык для пажылых людзей падчас святкавання Дня Незалежнасці Беларусі, арганізаваны сумесна са старшынёй ветэранскай арганізацыі СГФ «Руднае» Таццянай Тупіцай.
На мерапрыемства былі запрошаны пажылыя людзі і юбіляры з в. Руднае і суседніх вёсак: В. Прусы, Сцяпуры, Канатопы. Акрамя запрошаных гасцей прыемна было бачыць дзяцей, моладзь і іншых дарослых. Дырэктарам СГФ «Руднае» Уладзімірам Лагутам была аказана дапамога ў падвозе да клуба і арганізацыі «салодкага стала» для пажылых.
На мерапрыемстве былі ўшанаваны вязні Вялікай Айчыннай вайны, юбіляры, самым старэйшым ужо споўнілася 90 год — гэта Аляксандра Сямёнаўна Макаўчык з в. Канатопы і Ганна Іванаўна Корбут з в. Сцяпуры. Ушанавалі таксама ветэранаў працы, у якіх працоўны стаж складае больш за 40, а то і 45 год. Не забылі і пра ўсіх маці, для іх у выкананні дырэктара Навасёлкаўскага СДК Наталлі Клыгі прагучала песня «Я прыеду да цябе, мая мама», ад якой многія не хавалі слёз на сваіх вачах.
Самая старэйшая ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Валянціна Аляксееўна Гарбуз — таксама юбіляр гэтага года, ёй споўнілася 80 год, а яна ўсё з захапленнем расказвае свае вясёлыя байкі. Асобна былі ўшанаваны сямейныя пары з в. Руднае. Гэта Іван Іванавіч і Людміла Васільеўна Віслаўскія, якім у гэтым годзе споўнілася па 70 год, а яшчэ гэтая пара хутка адсвяткуе свой залаты юбілей сямейнага жыцця. У 65-гадовых юбіляраў Казіміра Паўлавіча і Ніны Іосіфаўны Паграбіцкіх пад Новы год будзе 45-гадовы юбілей сямейнага жыцця. Яшчэ адзін юбіляр года — Валянціна Мікалаеўна Лабкоўская — ёй споўнілася 80 год.
Вельмі добра ўспрымалася гледачамі выступленне Веранікі Насевіч, самай юнай удзельніцы мастацкай самадзейнасці Руднянскага клуба-бібліятэкі, якая віншавала ўсіх прысутных са святам Незалежнасці, а яшчэ і сваю бабулю Кацярыну Іванаўну, якая хутка будзе адзначаць 75-гадовы юбілей.
Не забылі пра юбіляраў з суседніх вёсак. З в. В. Прусы — Ніну Іванаўну Колас, Анатоля Іванавіча Кярсноўскага, Таццяну Мікалаеўну Пархомчык, са Сцяпур — Валянціну Казіміраўну Аніськовіч, а з Канатоп — Вольгу Іванаўну Кароль.
Цудоўны настрой сваімі песнямі ўсім прысутным дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Руднянскага клуба-бібліятэкі, Навасёлкаўскага і Цімкавіцкага СДК. Хацелася б выказаць усім арганізатарам, гледачам, удзельнікам і спонсарам мерапрыемства падзяку ад Руднянскага клуба-бібліятэкі і пажадаць усім здароўя, поспехаў і дабрабыту
Святлана ШЧУКІНА,
загадчыца Руднянскага клуба-бібліятэкі
Комментарии