У пятніцу, 1 красавіка, першыя 50 гектараў засеяных яравым ячменем палеткаў занесла на свой рахунак адкрытае акцыянернае таварыства “Старыца-Агра”
Ранні ячмень сеялі непадалёку ад вёскі Бор — менавіта там глеба ўжо прасохла настолькі, што дазваляе праводзіць пасяўныя работы. Мы пабывалі на палетку разам з намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства па раслінаводстве Андрэем Ашэўскім. Як расказаў Андрэй Уладзіміравіч, будзе задзейнічана тры сеялкі, што дазволіць штодня апрацоўваць па 90-100 га, а значыць сяўбу яравых завяршыць за 10-12 дзён. Усяго, згодна з заданнем, неабходна будзе пасеяць 1100 га ранніх збожжавых (ячмень, авёс, пшаніца), столькі ж кукурузы, у тым ліку 400 га на зерне, 400 га — цукровых буракоў, пасадзіць 300 га бульбы.
У гаспадарцы вядзецца поўны комплекс вясенне-палявых работ: пачынаючы ад закрыцця вільгаці, унясення мінеральных і арганічных угнаенняў і заканчваючы сяўбой. Патрабуюць пільнай увагі азімыя збожавыя і рапс, якія, паводле слоў Андрэя Ашэўскага, выйшлі з зімоўкі ў добрым і здавальняючым стане.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ: 1. Ідзе сяўба ячменю; 2. На МТЗ-1523 працуе Васіль Муратаў.
Фота аўтара
Комментарии