Капыльшчына багата на таленты. Адным з такіх яскравых землякоў з’яўляецца вядомы мастак Пётр Ісаакавіч Розін, якому сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння.
Пётр Розін вядомы як рускі і беларускі савецкі жывапісец, прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму. Высокае званне заслужанага мастака РСФСР ён атрымаў у 1974 годзе.
[caption id="attachment_68087" align="alignleft" width="350"]

Пётр Ісакавіч Розін[/caption]
У адпаведнасці з афіцыйнымі звесткамі ён (так у свой час пажадалі бацькі) нарадзіўся ў Слуцку. Але на самай справе радзімай з'яўляецца вёска Вошкаты, што знаходзіцца непадалёку ад Капыля. Справа ў тым, што ў той час вёска ўваходзіла ў Слуцкі павет.
Вучыўся ў Капыльскай беларускай школе, у 1933 ‒ 1936 гадах займаўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, з 1936 па 1941 год — у Кіеўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце. Канчаткова вышэйшую адукацыю атрымаў пасля вайны, скончыўшы ў 1950 годзе Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя Сурыкава (вучыўся ў І. Грабара, В. Яфанава, С. Дудніка). Падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаўся на яе франтах, за што і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля жыў у Маскве. У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1950 года. Працаваў пераважна ў жанры партрэта: «Агітатар Марыя Чыпранава» (1952), «Камбайнёры бацька і сын Прасяннікавы» (1975), серыя партрэтаў перадавых хлебаробаў Сярэдняй Азіі і іншыя. Звяртаўся да гісторыка-рэвалюцыйнага жанру: «М. Калінін у Бухары. 1925 г.» (1951), «У.І. Ленін і І.В. Сталін у Разліве. 1917.» Пісаў пейзажы. Творы мастака захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўным Рускім музеі, шэрагу іншых музеяў Расіі, Украіны.
Падчас наведвання радзімы пісаў краявіды ваколіц Капыля, партрэты землякоў. Шэраг яго твораў захоўваецца ў фондзе Капыльскага краязнаўчага музея.
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии