Днямі на базе Лясноўскай СШ прайшло выязное пасяджэнне каардынацыйнага цэнтра прафілактыкі сацыяльнага недабрабыту. У актавай зале сабраліся вучні і педагогі Дяржынскай базавай школы і Пацейкаўскай СШ.
Адкрыла пасяджэнне намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Зоя Дайняк. Яна паведаміла, што мэта акцыі «Кожнаму дзіцяці - наша ўвага» - дапамога дзецям, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, прафілактыка шкодных звычак, правапарушэнняў. У апошні час павялічваецца колькасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Самае страшнае, што распаўсюджванне наркотыкаў - гэта асяроддзе моладзі. Кадры прапанаванага фільма глыбока запалі ў душу кожнага з вучняў, нікога не пакінулі раўнадушнымі словы споведзей наркаманаў.
Намеснік пракурора Уладзімір Непакупны расказаў вучням, што наркаманія мае месца не толькі ў вялікіх гарадах, яна падпільноўвае маладых людзей на тэрыторыі нашага раёна і горада. Вучням карысна было даведацца аб адказнасці асоб, якія займаюцца распаўсюджваннем наркотыкаў.
Падрабязнае тлумачэнне атрымалі вучні ад начальніка АДАІ Аляксандра Кісялёва аб адказнасці за парушэнне рэжыму дня, аб эксплуатацыі матацыклаў і скутараў, атрыманне вадзіцельскіх пасведчанняў на гэту катэгорыю транспартных сродкаў.
Аб шкодзе алкаголю на дзіцячы арганізм шмат ідзе размовы на ўроках, класных гадзінах. А вось паслухаць спецыяліста, чалавека, які непасрэдна працуе з падлеткамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, здараецца не так часта. «Алкагалізм — хвароба, якая не вылечваецца, — засяродзіў увагу вучняў фельчар наркалагічнага кабінета УАЗ «Капыльская ЦРБ», — таму кожны з вас павінен задумацца: ці варта рызыкаваць сваім здароўем дзеля некалькіх вясёлых гадзін».
3 надыходам вясны ўзрастае ў раёне колькасць пажараў. Інжынер Капыльскага РАНС Віталь Буняк прывёў наглядныя прыклады, якія гавораць аб цяжкіх выніках гэтых здарэнняў. Самае страшнае — у агні гінуць людзі, а яшчэ больш балюча — дзеці. Таму і гаварылі ўдзельнікі пасяджэння аб адказнасці кожнага за свае ўчынкі.
Сустрэча закранула душы падлеткаў. Размова была прадоўжана з вучнямі на агульнашкольнай лінейцы, на класных гадзінах.
Антаніна ЧЫЖЫК,
сацыяльны педагог УА «Лясноўская ДАСШ»
Комментарии