Прынята лічыць, што мужчынская сталасць прыходзіць гадоў у 35 - 40, не раней. А ў 25 з невялікім нядаўні хлопец не гатовы да ролі мужа і бацькі - у яго галаве, маўляў, па-ранейшаму толькі забавы. Але ўдзельнікі конкурсу «Супертата-2011», які праходзіў у сельскім доме культуры аграгарадка Скабін, аспрэчылі гэтыя здагадкі.
[caption id="attachment_8267" align="aligncenter" width="580" caption="Падчас конкурсу “Татаў дзень”"]

[/caption]
Такое незвычайнае мерапрыемства райкам ГА «БРСМ» праводзіць ужо не першы год. І хоць конкурсная праграма не складаецца са звышскладаных выпрабаванняў, цяжкасцей для маладых татаў было больш чым дастаткова. Удзельнікам конкурсу «Супертата-2011» – Аляксандру Музыку, Аляксандру Грынкевічу і Ігару Раю, якія працуюць механізатарамі ў ААТ «Скабін», - прыйшлося прадэманстраваць усе свае самыя лепшыя якасці і таленты. Тым больш, што ў зале за іх балелі іх жонкі і дзеці. Судзіце самі: распавесці аб сабе, сваіх захапленнях у “Візітоўцы” - куды ні ішло. З гэтым заданнем нашы хлопцы справіліся. Але вось злажыць “Казку на ноч” з прапанаваных слоў за пару хвілін!.. Тут проста трэба быць унікумам. А зараз прадстаўце сітуацыю: жонка пайшла да сяброўкі (да прыкладу) і пайшла надоўга. Прыгатаваць абед, прыбраўшы пасля за сабой усе адходы (пры гэтым, з дзіцем на руках), - вось ужо сапраўды заданне для супертаты. Але на здзіўленне і гледачоў, і членаў журы – старшыні Капыльскага сельсавета Вольгі Купрыенкі, старшыні ААТ “Скабін” Віктара Станкевіча, начальніка аддзела па справах моладзі Валянціны Балажынскай, дырэктара Скабінскога СДК Іны Бохан - два Аляксандры і Ігар з праблемай “Папінага дня” справіліся-такі па-майстэрску, быццам у такой сітуацыі яны бывалі неаднаразова. Жартоўны конкурс «Цікавае становішча» ад душы прымусіў пасмяяцца ўсіх прысутных, у тым ліку і саміх удзельнікаў. Узнагародзіўшы мужчын прадстаўнічымі «жыватамі», ролю якіх выконвалі надзіманыя шарыкі пад кашуляй, арганізатары прапанавалі папрактыкавацца ў зборы імправізаванага смецця (запалак). Нават у такім «становішчы» таты не разгубіліся, спрытна перабіраючы рукамі.
[caption id="attachment_8246" align="aligncenter" width="443" caption="Журы падлічвае балы"]

[/caption]
Па выніках напружаных баталій самым моцным з удзельнікаў і ўладальнікам тытула «Супертата-2011» стаў Ігар Рай. Але ўсё ж у гэтым конкурсе, без сумненняў, прайграўшых не было. Усе бацькі годна прайшлі выпрабаванні і па праве могуць прымераць гэтую гучную прыстаўку «супер».
Ад райкама ГА «БРСМ», аддзела па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» удзельнікам дасталіся памятныя прызы і сувеніры.
[caption id="attachment_8248" align="aligncenter" width="315" caption="“Казку на ноч” складае Ігар Рай"]

[/caption]
Не засталіся ўбаку і артысты самадзейнасці Скабінскога СДК Ірына Рай, Генадзь Кіслы, Святлана Юшкевіч, Аляксандра Чаркоўская і Віталь Паклонскі, запаўняючы паўзы паміж конкурсамі вясёлымі прыпеўкамі і душэўнымі песнямі.
Як адзначылі члены журы і гледачы, такія мерапрыемствы, бясспрэчна, патрэбныя, і выказалі пажаданне, каб падобны конкурс правесці таксама і сярод маладых мам.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии