На працягу месяца — з 9 ліпеня па 9 жніўня — на Капыльшчыне пройдзе раённы конкурс «Лепшае ветэранскае падвор’е».

У ім прымаюць удзел людзі пенсійнага ўзросту, ветэраны вайны і працы, іх сем’і, якія маюць ва ўласнасці жылыя дамы з прысядзібнымі ўчасткамі, падсобную гаспадарку, а таксама ветэраны, што пражываюць у шматкватэрных дамах.
Агляд-конкурс арганізоўваецца з мэтай падтрымкі сацыяльнага статусу людзей старэйшага ўзросту ў грамадстве, захавання сувязі пакаленняў, адраджэння вёсак і сядзіб, развіцця сямейнай пераймальнасці, мясцовых традыцый, садзейнічання вяртанню маладога пакалення да сваіх каранёў. Да таго ж палепшыцца добраўпарадкаванасць асабістых падсобных гаспадарак і ветэранскіх падвор’яў і будуць створаны спрыяльныя ўмовы для іх далейшага развіцця.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу будзе ўлічвацца шэраг крэтэрыяў. Сярод іх санітарна-гігіенічны стан падвор’яў, наяўнасць і ўтрыманне жывёлы, арыгінальнае афармленне дваровай тэрыторыі, жылога дома, падтрыманне ў ім чысціні і ўтульнасці, выкарыстанне нацыянальных традыцый у афармленні падвор’я, актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці населенага пункта, беражлівыя адносіны да прыроды, прапаганда здаровага ладу жыцця і інш.
Кожны з паказчыкаў ацэняць па пяцібальнай сістэме. Будуць вызначаны пераможцы (1-е, 2-е і 3-е месцы), а таксама лепшыя падвор’і па дзевяці намінацыях.
Маргарыта САКОВІЧ
Палажэнне аб конкурсе змешчана на сайце райвыканкама www.kopyl.gov.by
Комментарии