Менш чым праз месяц мы будзем адзначаць 65-годдзе з Дня Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вельмі вялікай цаною была здабыта Перамога. Нямала нашых землякоў набліжалі гэты радасны дзень на франтах, у партызанскіх атрадах. Гэты артыкул прысвячаецца менавіта ім.
НА ПАЧАТКУ ВАЙНЫ
З нападам Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, а праз два з паловай тыдні адбыўся паход Чырвонай Арміі па вызваленні Заходніх Беларусі і Украіны ад палякаў. З 12 лістапада 1939 года беларусы сталі жыць у адной дзяржаве.
Сусветная вайна для нас перарасце ў Вялікую Айчынную і пачнецца яна 22 чэрвеня 1941 года. Але перад гэтай самай страшнай з усіх войн былі праведзены, быццам рэпетыцыі, дзве малыя: фінская — на поўначы Еўропы і з Японіяй — на возеры Хасін і рацэ Халхін-Гол на Далёкім Усходзе. Як успамінаў жыхар вёскі Засцеб’е Кірыл Адамавіч Жылка, позняй восенню 1939 года часць, у якой ён служыў, была перакінута на граніцу з Фінляндыяй. Хутка пачалася савецка-фінская вайна. Зіма тады была суровая, маразы даходзілі да 40 – 50 градусаў. Жылка з аднапалчанамі штурмаваў лінію Манергейма. Салдаты ішлі ў атаку на ўмацаванні і гінулі тысячамі, даводзілася ляжаць па чатыры і больш гадзін на лёдзе возера Суванаярві, і сотні фінскіх снайпераў з прыбярэжных дрэў касілі нашых воінаў. І толькі калі замянілі камандуючага фронтам, гэтую лінію абышлі збоку. Адначасова мінамёты, гарматы і самалёты падаўлялі масіраваны агонь варожых дотаў. У другім узводзе ў складзе 73-га стралковага палка хадзіў урукапашную на Карэльскім перашыйку Уладзімір Леанардавіч Шэйн з вёскі Астрэйкі. Менавіта іх часць абыходзіла ўмацаваную лінію з поўначы. У баях з белафінамі вызначыўся Іван Іванавіч Петручэня з Кудзінавіч (да вайны працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады Капыльскай МТС). За баявыя заслугі ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Хутка абарона фінаў была прарвана, і ў пачатку сакавіка 1940 года ўрад Фінляндыі папрасіў міру. У той вайне загінула 15 хлопцаў з Бабаўнянскага сельсавета. Яны служылі разам з Жылкам у адным палку. Усяго з Капыльскага раёна там загінулі 194 чалавекі, а ў японскай – 3 нашы землякі: капітаны Рыгор Рыгоравіч Васілеўскі з Быстрыцы і Іосіф Фёдаравіч Яроцкі з Цімкавіч, радавы Мяфодзій Мікалаевіч Пінчук з Быстрыцы.
Можна сказаць, невялічкі поспех заспакоіў галоўнае камандаванне краіны. Яшчэ з большым стараннем прыспешнікі Берыі рэпрэсіравалі камандны састаў арміі. Ваенны гісторык Дзмітрый Валкагонаў у сваёй кнізе паведамляе, што ў перадваенныя гады былі рэпрэсіраваны 43 тысячы камандзіраў і палітработнікаў, самыя лепшыя кадры саставу арміі. Гэта значна падарвала баяздольнасць савецкіх Узброеных Сіл.
Па-зладзейску забілі генерал-лейтэнанта авіяцыі Якава Смушкевіча, як пісаў Эрэнбург, па лжывым абвінавачванні. А ён не раз прыязджаў да цімкавіцкіх пагранічнікаў, стаў двойчы Героем Савецкага Саюза. Гэта быў адзін з лепшых камандзіраў краіны. Нездарма рэйхсмаршал нямецкай авіяцыі Герынг нашага генерала параўноўваў з баявым злучэннем. Берыеўскія каты зрабілі добры падарунак фашыстам, знішчыўшы лепшых з лепшых афіцэраў. Таму вайна стала нечаканай для нашага народа і вельмі трагічнай. “З 44 дывізій на Заходнім фронце 24 былі цалкам разбіты, а астатнія страцілі да 30 % свайго саставу за першыя тыдні вайны”, — паведамляе гісторык Аляксандр Каваленя.
Капыляне — АБАРОНЦЫ БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ
Як вядома, у канцы 1939 года пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад палякаў 17-ы Чырванасцяжны Цімкавіцкі пагранатрад быў пераведзены ў Брэсцкую крэпасць, а ў сярэдзіне 1940 сям’я начальніка заставы, будучага Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава, пасля таго як дзеці Нюра і Іван закончылі заняткі ў Цімкавіцкай школе, пераехала ў Брэст. Дзеці былі таленавітымі, марылі стаць артыстамі, вельмі любілі спяваць беларускія песні, выступалі на школьнай сцэне. Нюра ў 1940 годзе заняла 1-е месца сярод школьнікаў Капыльшчыны. Талент дзяўчынкі заўважыў вядомы кінаакцёр Мікалай Кручкоў і сказаў: “З яе атрымаецца цудоўная спявачка”.
А ў гэты час на граніцы было неспакойна. Немцы навезлі шмат ваеннай тэхнікі і сваіх салдат, і пагранічнікі прадчувалі, што вось-вось пачнецца вайна. Праз рэчку Мухавец прабіраліся ў крэпасць перабежчыкі – нямецкія камуністы, і нават нашы разведчыкі паведамлялі, у які дзень фашысты пачнуць наступленне. Ім не верылі і расстрэльвалі як правакатараў.
Яшчэ раннім вечарам 21 чэрвеня па ўсёй граніцы надрываліся маторы, а затым стала вельмі ціха, і нават сабакі не брахалі. Вось прарэзалася белая палоска раніцы… І раптам бабахнула, загудзела, гарматы гітлераўцаў шпурляюць снарады ў крэпасць. Ляціць шкло з вокнаў, бярвенні. Хтосьці крычыць: “Вайна!” Фашысты бягуць праз мост да Цераспальскіх варот, іх агнём сустракаюць пагранічнікі 9-й заставы Кіжаватава. Адбіта шмат атак, але фашысты прарваліся ў крэпасць і захапілі клуб. Патрэбна любой цаной выкурыць адтуль ворага, і кіжаватаўцы ідуць урукапашную. Бамбёжкі, артылерыйскі абстрэл: усё палае, здаецца, ніхто не выжыве. Ізноў немцы ідуць у атаку і натыкаюцца на шквальны агонь пагранічнікаў. Абаронца крэпасці Алесь Махнач, калі наведваў нашу рэдакцыю, успамінаў: “Фашысты праз радыёрупары прапанавалі здацца ў палон, а калі не —усе будуць знішчаны. А потым прыслалі афіцэра-парламенцёра, які гаварыў: “Дарэмна супраціўляцца, бо нямецкія войскі ўжо каля Смаленска. Няўжо вы не хочаце выратаваць свае сем’і”. “Савецкія людзі не здаюцца”, — адказаў Кіжаватаў.
Але ўсё менш і менш заставалася байцоў, і таму Кіжаватаў перавёў уцалелую групу салдат у падвальныя казармы 333-га палка. Тут, ля казармаў, не адна рота немцаў знайшла сваю смерць. Валя Сачкоўская з Нюрай Кіжаватавай даглядалі параненых байцоў, змочвалі іх перасохлыя губы кроплямі вады, якія вытрасалі з апусцелых фляг. А вада даставалася цаною многіх жыццяў. Не хапала боепрыпасаў, і Андрэй Мітрафанавіч прасіў дачку Нюру збіраць патроны і набіваць імі ленты кулямётаў. Нават нямецкую зброю падбіралі. Дзеці на полі бою сапраўды праяўлялі гераізм, поўзаючы пад кулямі ворага каля забітых і выцягваючы з-пад іх аўтаматы, вінтоўкі, патранташы. Нюра з Ванем і іншымі гаўрошамі стараліся дапамагчы абаронцам Брэсцкай крэпасці. І калі ў баі загінуў кулямётчык, Нюра адцягнула забітага і стала страчыць па фашыстах, якія беглі да сцен цытадэлі. Атака была адбіта. Салдаты і бацька дзякавалі Нюры за яе геройскі ўчынак, бо калі б не яна, то, магчыма, вораг уварваўся б у казематы. Яна чырванела і радавалася шчырым словам. Алесь Махнач не выдумляў, а сапраўды ўславіў подзвіг піянераў у сваёй п’есе “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці”, успамінала сяброўка Нюры Валя Сачкоўская, якая цудам выжыла. Разам з Нюрай у час перадышкі спяваў параненым любімыя песні яе брат Ваня. Асабліва яны прасілі паўтарыць “Синий платочек”.
Але дзецям, жанчынам, старым асаду немагчыма было вытрымаць: не хапала ні яды, ні вады, і таму Кіжаватаў з афіцэрам Патапавым вырашылі іх адправіць у палон, дзякуючы чаму многія выжылі. Развітваючыся, усе плакалі, толькі Кіжаватаў, хоць і моцна перажываў і прадчуваў, што гэтая разлука назаўсёды, не выдаў свайго хвалявання. Толькі абняў жонку Кацярыну Іванаўну, маці Настассю Іванаўну і пацалаваў дачок Нюру і Галю, сына Ваню. 14-гадовая Нюра хацела застацца з бацькам, але загад ёсць загад. Яны выжылі ў казармах, але праз год трапілі ў Вялікарыце ў аблаву і былі расстраляны.
Загінуў, вырываючыся з акружэння, Кіжаватаў. Навасёлкавец Іван Прохаравіч Грыб змог выбрацца з брэсцкага акружэння і ўдзельнічаў у многіх партызанскіх баях на Капыльшчыне, быў камандзірам атрада імя Дунаева і загінуў. На 1-й пагранза- ставе байцы пад камандаваннем памочніка начальніка заставы малодшага лейтэнанта Аляксандра Васільевіча Урусава, шмат гадоў, які як і Кіжаватаў, служыў у 17-м Цімкавіцкім пагранатрадзе, змагаліся з гітлераўцамі ў акружэнні. З акопаў яны вялі агонь па фашыстах і стрымалі на некалькі дзён ворага. Тыя, хто выжыў з першай за- ставы, адправілі поштай незабудкі, што выраслі ў акопах, блізкаму сябру Урусава, былой настаўніцы Нюры Кіжаватавай Аляксандры Антонаўне Таяноўскай, якая яшчэ да нядаўняга часу жыла ў Капылі.
Не ўсе цімкавіцкія пагранічнікі вернуты з небыцця. Але ад краязнаўца Фёдара Канстанцінавіча Абрамчыка – былога франтавіка — мы даведаліся яшчэ пра аднаго абаронцу цытадэлі, былога работніка Капыльскага райваенкамата Уладзіміра Васільевіча Шаблоўскага. Пісьменнік Махнач шмат расказваў дзецям Капыльскай дзіцячай бібліятэкі не толькі пра гаўрошаў, але і пра капітана Шаблоўскага – мужнага абаронцу Брэсцкай крэпасці. Пра яго даведаліся і капыльскія школьнікі, якіх у канцы мінулага тысячагоддзя прывезла на экскурсію ў Брэст настаўніца СШ № 2 Ліна Іосіфаўна Канкевіч (Уласавец).
Чарговае званне капітан Шаблоўскі атрымаў у Капыльскім райваенкамаце ў 1939 годзе, а ў 1940 яго перавялі ў Брэсцкую крэпасць і назначылі камандзірам батальёна 125-га стралковага палка. Вялікая сям’я Шаблоўскіх пераехала з Капыля і стала жыць у адным з афіцэрскіх домікаў у паўночнай частцы крэпасці. Шаблоўскі вызначаўся моцным целаскладам і карыстаўся аўтарытэтам у сваіх салдат. У яго было чатыры дачкі: Раіса, Гета, Наташа і Света, як ён з жартам гаварыў пра іх – жаночы батальён. Апорай і дарадчыцай была для яго любая жонка Галіна Карнееўна.
Калі пачалася вайна, полк знаходзіўся ў лагерах далёка ад крэпасці. Як і ўсе камандзіры, ён начаваў з суботы на нядзелю дома з сям’ёй. З першымі ўзрывамі Уладзімір Васільевіч зразумеў: пачалася вайна. Ад немцаў абаранялася група Шаблоўскага, на адкрытай мясцовасці пад шквалам куль і снарадаў гінулі байцы,і тады ён аддаў загад прабівацца да дамоў камсастава. Да іх далучыліся іншыя падраздзяленні палка. Дамы, у якіх нядаўна бурліла шчаслівае жыццё, у момант сталі развалінамі, сярод якіх ляжалі дзеці і іх матулі. Уладзімір Васільевіч умела арганізаваў абарону. І хоць ворагаў было ў дзесяткі разоў больш, савецкія пагранічнікі кідаліся ў атаку. Але вечарам нямецкім захопнікам удалося заняць першы паверх дома, а група байцоў Шаблоўскага трымалася на другім. Капітан распрацаваў план, як выбіць фашыстаў. Ноччу 10 добраахвотнікаў на вяроўках спусціліся на зямлю, ціха знялі вартавых і закідалі ворага гранатамі. Капітан аб’явіў смельчакам падзяку. Ужо не было ні патронаў, ні вады, ні ежы.
Ноччу нашы байцы некалькі разоў адбівалі атакі нямецкіх аўтаматчыкаў і выкарысталі ўсе патроны, а без іх у шчыльным кальцы гітлераўцаў і танкаў утрымацца было нельга. Так усе, хто застаўся з сем’ямі, трапілі ў палон. Ваеннапалонных канваіры вялі ў адной групе, дзяцей і жанчын у другой. Калі наблізіліся да маста праз Мухавец, капітан, хоць і быў паранены, з апошняй сілы адштурхнуў канваіра і з крыкам “за мною!” кінуўся ў рэчку. Услед за ім паляцела аўтаматная чарга. Так загінуў капітан Шаблоўскі. Пасмяротна ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. У гонар камбата названа адна з вуліц горада Брэста.
У засценках сям’я Шаблоўскага прабыла два тыдні, а потым яе выпусцілі. Яны пасяліліся ў адной вёсачцы паблізу Кобрына. Жонка стала сувязной партызанскага атрада “дзядзькі Косці”. Галіна Карнееўна нават некалькіх паліцэйскіх уцягнула ў падпольную работу. У час аднаго задання жанчыну выдаў правакатар, і гестапаўцы яе павесілі. Дзеці засталіся сіротамі, але іх выгадавалі добрыя людзі. Таня Шаблоўская жыве ў Брэсце, Раіса з астатнімі сёстрамі — у Запарожжы.
А ў гэты час дзіўная легенда хадзіла па ўсіх франтах: байцы перадавалі адзін аднаму, што за сотні кіламетраў ад плацдармаў, дзе ідуць баі, у Брэсцкай крэпасці бясстрашна змагаюцца савецкія салдаты, і нішто не можа іх зламаць. Гэтая легенда падмацоўвала дух салдат і давала ўпэўненасць, што можна спыніць ворага і яго перамагчы.
26 жніўня Гітлер разам з Беніта Мусаліні і сваімі саратнікамі Рыбентропам, Герынгам, Кісельрынгам наведалі палітыя крывёю руіны крэпасці. Нямецкае камандаванне было здзіўлена, што іх адборным воінскім часцям супрацьстаялі моцныя духам савецкія салдаты без падтрымкі артылерыі, самалётаў і танкаў, з малым запасам боепрыпасаў стрымлівалі наступленне 45-й гітлераўскай дывізіі, узброенай і танкамі, і самалётамі. Абаронцы здзівілі сваёй мужнасцю не толькі фашыстаў, але і ўвесь свет. Аднак, той, хто выжыў, не толькі не быў ушанаваны, але і прайшоў беды фільтрацыйных лагераў, дзе кожнага, хто трапіў у палон, лічылі за здрадніка. І толькі ў часы хрушчоўскага пацяплення абаронцаў пачалі ўшаноўваць. Брэсцкая крэпасць стала крэпасцю-героем.
ЦЯЖКІЯ БАІ І ГОРЫЧ АДСТУПЛЕННЯ
Ад Беластока з баямі адступалі радавы Мікалай Мікалаевіч Жучкевіч і палітрук артылерыйскай брыгады Макар Піменавіч Бумажкоў (брат вядомага героя). На дарогах калоны нашых байцоў абстрэльвалі і бамбілі армады варожых самалётаў. У тыл былі закінуты нямецкія дыверсанты. Яны пераапраналіся ў чырвонаармейскае абмундзіраванне і нападалі непрыкметна на нашых байцоў. У гэтым месіве людскога патоку цяжка было разабрацца, хто свой, а хто чужы. Пераапранутыя гітлераўцы, карыстаючыся неразбярыхай, бралі на сябе функцыі рэгуліроўшчыкаў і накіроўвалі чырвонаармейцаў на засады фашыстаў. Такім прыдатным месцам для засады яны выбралі вёску Азярніца перад самым Слонімам. Паселішча знаходзілася ў вялікай лагчыне, быццам у кратэры вулкана. У гэты катлаван нямецкія бандыты ў форме савецкіх лейтэнантаў і накіроўвалі калоны байцоў, якія рухаліся на ўсход. Калі там сабралася не менш за 10 000 чалавек, гітлераўцы з аблюбаваных вышынь адкрылі па танках, пехацінцах і сем’ях ваенных знішчальны агонь з кулямётаў і артылерыі. У гэтым пекле ўмомант узніклі горы трупаў. Як маглі абараняліся артылерысты Бумажкова. Адстрэльваўся з вінтоўкі Жучкевіч з вёскі Траянава, ад выбуху фашысцкага снарада яго кантузіла, і траянавец трапіў у палон, дзе і загінуў. А вось капыляніну Бумажкову разам з невялікай групай артылерыстаў удалося вырвацца з ціскоў ворага, а затым з братам Піменам стварыць партызанскі атрад № 225. Пад іх умелым кіраўніцтвам народныя мсціўцы грамілі нямецкія гар- нізоны і ўзрывалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай. Пімен стаў Героем Савецкага Саюза, а Макар быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Над Капыльшчынай ляталі, як саранча, гітлераўскія сцярвятнікі, яны бамбілі калоны адступаючых савецкіх салдат, гарады і вёскі. Беспаспяхова ім супрацьстаялі нашы “ястрабы” (не хапала вопыту лётчыкам, гэта потым яны атрымаюць лепшыя самалёты і будуць гаспадарамі ў небе). А ў чэрвені 1941 года ў паветры гаспадарылі ворагі. На трэці дзень вайны семежаўцы са страхам назіралі, як нямецкія сцярвятнікі прашылі кулямётнымі чэргамі два нашыя самалёты і яны, ахопленыя полымем, узарваліся, а з трэцяга, які падаў на зямлю, спускаліся на парашутах тры лётчыкі. Двое з іх прызямліліся і пабеглі ў лес, а трэці быў прашыты кулямі і ўпаў мёртвы. Вяскоўцы пахавалі пілота, а Андрэй Кіявіцкі і Мікалай Бялкоўскі па дакументах загінуўшага ўстанавілі, што 20-гадовы хлопец родам з Валагодчыны. Васіль Аляксандравіч Костыраў у званні малодшага лейтэнанта служыў у 98-м авіяпалку. Трагічна закончыліся паядынкі каля Садавіч і Браткава. На шашы паблізу ад Філіпавіч на 2 савецкія бамбардзіроўшчыкі напала звяно нямецкіх месершмітаў. Але ў гэтым баі нашым стралкам удалося падбіць адзін варожы знішчальнік, і той упаў на зямлю. У сваю чаргу нямецкія стралкі пашкодзілі савецкі самалёт. Экіпаж стараўся выратаваць і пасадзіць машыну, але недалёка ад Браткава ўзарваўся. Паблізу ад вёскі ўстаноўлены помнік савецкім асам. Дакументы згарэлі, але жыхарка вёскі Вясёлае Ліза Дудар запомніла прозвішча аднаго лётчыка – Власевіч Даніла з Краснаярскага краю.
Іван ІГНАТЧЫК,
г. Капыль
Комментарии