Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

20

І тчэ забыўшыся рука…

30.03.2011
Гэтая жанчына ўжо даўно на пенсіі, але можна пазайздросціць маладосці яе душы. Бо ці ж кожная пенсіянерка-майстрыха рызыкне працаваць майстрам-метадыстам раённага Цэнтра ткацтва, каб вучыць вясковак і моладзь даўняму рамяству – ткацтву. А Валянціна Кузьмінічна Гладкая з вёскі Праснакі ўзялася за гэты гуж і, як кажуць, на лёс не скардзіцца. Рухавая, вясёлая і ў той жа час строгая, Валянціна Кузьмінічна любіла назіраць, як ткала розныя вырабы матуля. А калі б можна было пералічыць тыя вырабы, што выткала сама, дык набярэцца добры воз, каля сотні. Імі можна выслаць усе Праснакі. Ткала сабе ў куфар, ткала людзям. У сваім рамястве жанчына абапіраецца на мясцовыя традыцыі, творча іх развівае, многія ўзоры стварае сама. Ткацтва – закладное і пераборнае, вытанчанае і далікатнае, з раслінным, жывёльным і беларускім арнаментам ткалася ў 4—12 нітоў. На вырабах праснакоўскай ткачыхі можна ўбачыць амаль натуралістычныя сілуэты розных жывёл і птушак (ільвы, вавёркі, галубы), якія арганічна ўключаюцца ў шматфарбную, багата распрацаваную карціну прыроды. Ахоўная роля сёння ім, вядома, не прыпісваецца, гэта чыста дэкаратыўныя матывы, якімі жанчына ўзбагачае сваё бачанне прыроды. Вырабы народнага майстра Беларусі (гэта ганаровае званне было прысвоена Гладкай у 2008 годзе. Т. Б.) неаднойчы экспанаваліся на раённых, абласных і нават рэспубліканскіх выставах. Прозвішча Валянціны Гладкай запісана ў кнігу “Памяць. Капыльскі раён”, а таксама ў Беларускую экцыклапедыю імя П. Броўкі. Зараз ткачыха займаецца выпускам сувенірнай прадукцыі, вырабляе посцілкі, камплекты сурвэтак, ручнікі. І хочацца верыць, што традыцыя ткацтва на Капыльшчыне не згіне, яна бытуе і развіваецца, дзякуючы вось такім натхнёным і ўлюбёным у сваю справу майстрам, якія лічаць за прафесійны гонар выткаць посцілку ці коўдру, каб людзі захапляліся, ацэньваючы работу, бачылі ў гэтым, у пэўным сэнсе, прадмет мастацтва. …А ў Праснакоўскім сельскім клубе, дзе стварае свае вырабы жанчына, яшчэ доўга будзе свяціцца акно. Ведаю, Валянціна Кузьмінічна стараецца прачытаць да збеглага дня кавалачак ночы. І тчэ, забыўшыся, рука… Таццяна БОХАН Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей