Напярэдадні Сяргей Міхайлавіч расказаў нам аб сваім жыцці і сям’і, успомніў пра любімую працу і дзяцінства.
Нарадзіўся і вырас Сяргей Міхайлавіч у вёсцы Рачкевічы, дзе далей і працаваў у калгасе. Усяго ў яго бацькоў было восем дзяцей. Ён сярэдні, чацвёрты. «Маці мяне нарадзіла, а назаўтра пайшла жаць сярпом, — расказвае Сяргей Міхайлавіч. — Мяне ў посцілку — і прынеслі ёй у поле. Вось на гэтым полі і вырас».
[caption id="attachment_67747" align="aligncenter" width="560"]
Сяргей Міхайлавіч Вайтовіч[/caption]
Так з маленства яго жыццё непарыўна звязалася з сельскай гаспадаркай. Калі вучыўся ў школе, хадзіў у брыгаду дапамагаць: насенне падвозіў, ездзіў па сена на аддаленую сенажаць. Увогуле 52 гады ў калгасе, 20 з якіх прарабіў, будучы на пенсіі. Спачатку працаваў кладаўшчыком, потым брыгадзірам-паляводам. Меў у брыгадзе 1400 га зямлі. «Калі закончыў працаваць, — успамінае яго жонка Зінаіда Фёдараўна, — машына ці трактар едзе — ён да акна. Хто паехаў, хто пайшоў? Прывык ужо за столькі гадоў».
Сяргей Міхайлавіч з усмешкай хваліцца, што ў калгасе яго да гэтай пары ўспамінаюць і паважаюць ад душы. Кожны рабочы і нават начальства заўсёды вітаюць яго.
З жонкай сваёй, Зінаідай Фёдараўнай, ён сябраваў са школы. Нават калі на ўроку каля дошкі нешта не ведаў, то яе зваў на дапамогу. Так са школы ўсе і ведалі, што яны пара. Цяпер жа Вайтовічы адсвяткавалі залатое вяселле. Аб жонцы і іх маладосці Сяргей Міхайлавіч успамінае настолькі натхнёна, што цэлы раман напісаць магчыма, якім людзі зачытваліся б.
Здароўе ўжо не дазваляе займацца гаспадаркай, як у маладосці, таму ім вельмі дапамагаюць дзеці. Дачка пераклала ўсю працу па агародзе на сябе. Сяргей Міхайлавіч як можа дачцэ дапамагае, даглядае курак. А Зінаіда Фёдараўна ўспамінае, што па маладосці 48 сотак у іх было. Шмат усяго садзілі ды гаспадарку трымалі вялікую: дзве каровы, быкі ды свінні. Цяпер жа засталіся толькі куркі з пеўнікам ды сабака.
Вельмі ганарацца дзядуля з бабуляй сваімі ўнукамі і малымі праўнучкамі. Весела расказваюць, як яны растуць, жывуць і вучацца. Смяюцца, што ў іх сям’і чатыры Сяргеі: муж, сын, унук і зяць. Часам у размове не зразумела, аб якім з Сяргеяў ідзе гаворка.
Шкадуюць Сяргей з Зінаідай сваю вёску, што зусім мала жыхароў у ёй засталося. «Зімой выйдзеш на вуліцу: нікога не відаць. Добра, што летам дзеці ды ўнукі прыязджаюць. Робіцца весялей», — уздыхае Зінаіда.
Мне было прыемна пазнаёміцца з такімі шчырымі і ветлівымі людзьмі, як Сяргей Міхайлавіч і Зінаіда Фёдараўна. Хачу пажадаць ім моцнага здароўя. Бо будзе здароўе — усё астатняе абавязкова дадасца.
Вольга СІНЬКЕВІЧ,
студэнтка 4 курса Інстытута журналістыкі БДУ
Фота Маргарыты САКОВІЧ
Комментарии