Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

49

Копылянин Лев Иванович Лепетило ясно помнит события военных лет

01.07.2018
74 гады прайшло з дня вызвалення роднага краю, але для капыляніна Льва Іванавіча Лепяцілы старонкі падзей мінулага надзвычай яскравыя. Такія ж, быццам яны адбываліся зусім нядаўна. [caption id="attachment_67753" align="aligncenter" width="560"]■ Леў Лепяціла ■ Леў Лепяціла[/caption] Сонечны чэрвеньскі дзень. Леў Іванавіч на сваім двары паціху кляпае касу: моцы хапае, таму без справы сядзець не можа. Пачуўшы прывычнае прывітанне, ён цікавіцца, як мяне завуць, адкуль я родам. І калі высвятляе, што капылянка, пытаецца: з якіх? Пасля таго, як называю прозвішча бабулі, удакладняе, як яе называлі па-вулічнаму. І ўжо зразумеўшы што да чаго, пачынае ўспамінаць і называць па імёнах маіх продкаў. Памяць у Льва Іванавіча на дзіва добрая. Нягледзячы на ўзрост (споўнілася ветэрану 89 гадоў), ён шмат чаго памятае і пры тым падрабязна. Сярод яго ўспамінаў асаблівае месца займаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра якія ён вельмі цікава расказвае. Калі ў ваеннай віхуры закруціла краіну, Лёву было 12 гадоў. Тата Іван Севасцьянавіч — урач, мама Настасся Мікалаеўна — настаўніца. У першыя дні вайны тату накіравалі ў ваенкамат у Дзяржынск. Аднак, калі ён з калегам туды трапіў, іх чамусьці адправілі ў Капыль. Такім чынам ён застаўся працаваць у мясцовай бальніцы. [caption id="attachment_67740" align="aligncenter" width="320"]■ Сям’я Лепяцілаў: бабуля Марыя (справа), тата Іван, мама Настасся, Леў і сястра Люда. 1934 год ■ Сям’я Лепяцілаў: бабуля Марыя (справа), тата Іван, мама Настасся, Леў і сястра Люда. 1934 год[/caption] Немцы прыйшлі ў Капыль у чацвер, 27 чэрвеня. Хлопчыкі бегалі ў цэнтр мястэчка паглядзець, што гэта за дзіва: думалі, мо нямыя — таму і немцы. Але не, «шпрэхалі» тыя вельмі гучна. Лёва бачыў, як упэўнена тупалі ворагі па мураваных вуліцах іх роднага Капыля. Магазіны, што знаходзіліся ў цэнтры, узломвалі і рабавалі. Лёва палохаўся такога разбою. І гэты жах, які адчуў хлопец у першыя дні, застаўся да канца вайны. Немцы пачалі ўстанаўліваць сваю ўладу, прымушалі мясцовых жыхароў здаваць сельскагаспадарчую прадукцыю. Вельмі хутка стварылі паліцыю, куды ўвайшло шмат капылян. У тым ліку і калега Івана Севасцьянавіча, з якім хадзілі ў Дзяржынск. Аднак здрады яму не даравалі: праз пэўны час пад дзверы дома падклалі міну, на якой перабежчык і падарваўся. Камендатура месцілася ў адным з яўрэйскіх дамоў (потым там была кантора РКБА, зараз — магазін «АМІ-мебель»). У яго склепе зрабілі турму. Жылі паліцаі ў драўлянай хатцы, што стаяла на месцы сучаснай гасцініцы. У мэтах бяспекі вакол дома выкапалі роў.  Бацька працаваў у бальніцы. Яе драўляны будынак знаходзіўся на месцы сучаснай. Тут жа ў першыя дні вайны спрабавалі паправіць здароўе параненыя чырвонаармейцы. Пасля таго, як з’явіліся немцы, многія з іх пайшлі жыць да капылянак. А вечарамі збіраліся ў Івана Лепяцілы пагуляць у карты ці даміно. Аднак ворагі хутка іх знайшлі і адправілі ў лагер для ваеннапалонных у Слуцк. Пасля вайны адзін з нямногіх, хто застаўся ў жывых, запарожац Цімафей Селязнёў, прыязджаў у Капыль. Увесь час, што жылі пад немцамі, Леў адчуваў страх: вось зараз прыйдуць ворагі, арыштуюць іх сям’ю і пакараюць смерцю, як і многіх іншых. На вуліцах мястэчка шыбеніцы рэдка калі пуставалі. Амаль з самага пачатку вайны бацька падтрымліваў сувязь з партызанамі атрада імя Шчорса. Ён перадаваў ім бінты і розныя медыкаменты. Камендант паліцыі жыў у Надзеі Іваноўскай, якая працавала санітаркай у бальніцы. Аднаго дня ён прыйшоў у абед і пачаў нешта балбатаць. За ўвесь той час, што камендант жыў побач, жанчына навучылася разумець нямецкую мову і з яго слоў усвядоміла: ноччу немцы пойдуць арыштоўваць доктара Лепяцілу. Хуценька яна пабегла да Івана Севасцьянавіча і папярэдзіла яго. Сям’я тут жа сабрала ўсё неабходнае і пайшла з Капыля. Леў з татам —  да партызанаў атрада імя Чапаева, а маці з сястрой засталася жыць у вёсцы Лугавая. З тае пары і Іван Лепяціла, і яго 14-гадовы сын Леў жылі разам з народнымі мсціўцамі, дапамагалі ім. Бацька лячыў, а сын на павозцы завозіў і прывозіў што і каго было патрэбна да месца прызначэння. Таксама ў лагеры працавалі ўрачы Надзея Лебедзь і Вольга Кобрына, медыцынская сястра Вера Шыманская. Юнаку часта даводзілася завозіць і прывозіць урачоў да мясцовых жыхароў: насельніцтва без дапамогі не заставалася.  У неверагодных па цяжкасці ўмовах бацьку прыходзілася рабіць аперацыі. Аперацыйнай пры гэтым былі звычайныя драўляныя сталы, якія ставілі пад елкамі. Аднойчы партызаны вярталіся з задання і падарваліся на міне. Аднаму з лясных салдат амаль адарвала нагу. Іван Лепяціла пачаў аказваць яму медыцынскую дапамогу, і калі нажніцамі перарэзваў нерв, гучны салдацкі крык разнёсся па лесе. Неяк Леў разам з партызанамі ехаў па мястэчку каля масласырзавода і далей па вуліцы Цімкавіцкай. Там жа стаяла вышка, з якой ворагі сачылі за тэрыторыяй. Раптам яны заўважылі партызанскі абоз і пачалі страляць з кулямёта. Лясным салдатам прыйшлося ўцякаць: спачатку на Мажу, потым на Якубавічы, Кацельнікі, Казакоўку, Стары Капыль і Свідзічы. Але страху побач з партызанамі Леў не адчуваў: быў перакананы, што знаходзіцца пад надзейнай аховай. Вясной 44-га ўжо адчувалася, што немцам засталося нядоўга гаспадарыць на беларускай зямлі. Партызаны атрымалі заданне падарваць чыгуначнае палатно ад Слуцка да Баранавіч, каб немцам немагчыма было адступаць. Аперацыю народныя мсціўцы паспяхова правялі. Ворагі, што месціліся ў Капылі, паступова пачыналі збіраць рэчы: трэба было  паспець уцячы да прыходу Чырвонай Арміі. Усю сваю маёмасць яны грузілі на павозкі і чакалі загаду адступаць. Нарэшце яго атрымалі, але пайсці з мястэчка проста так яны не змаглі. Старажылы памятаюць, як палаў родны Капыль, падпалены немцамі, а над мястэчкам лятаў самалёт, які скідваў на хаты запальныя бомбы. 3 ліпеня ў партызанскі атрад прыехалі на конях восем разведчыкаў. Як абрадаваліся народныя мсціўцы! Чырвонаармейцаў сустракалі і частавалі ад усяго сэрца. На другі дзень Іван Севасцьянавіч і Леў вярнуліся ў Капыль. На вуліцы Савецкай ляжалі забітыя салдаты, дагаралі машыны. Усё сведчыла пра тое, што за мястэчка ішлі гарачыя баі. У бальніцы ўвагі ўрача патрабавалі параненыя чырвонаармейцы. Іван Лепяціла адразу прыступіў да выканання абавязкаў галоўнага ўрача і  ўзначальваў капыльскую бальніцу да 1949 года, а потым пераехаў у Столін, дзе працаваў да самага выхаду на пенсію. [caption id="attachment_67733" align="aligncenter" width="560"]■ Выпуск Капыльскай рускай школы. 1947 год ■ Выпуск Капыльскай рускай школы. 1947 год[/caption] Леў застаўся ў родным Капылі. Тут скончыў рускую школу, затым Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў у калгасе Варашылава, жонка Галіна Раманаўна (Ждан) — у аптэцы. Успаміны — неад’емная частка жыцця Льва Лепяцілы. Менавіта з такіх вось аповедаў пра Капыль, пра людзей і падзеі складваецца гісторыя роднага краю, яго летапіс. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей