У рамках міжведамаснай прафілактычнай акцыі “Кожнаму дзіцяці – наша ўвага” ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыўся круглы стол для сацыяльных педагогаў, прадстаўнікоў сацыяльна-псіхалагічных службаў навучальных устаноў раёна і старшынь сельскіх Саветаў.
Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць паслухаць выступленні і задаць пытанні прадстаўнікам зацікаўленых структур. Адным з асноўных стала выступленне намесніка старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Зоі Дайняк. У прыватнасці, Зоя Леанідаўна падрабязна пазнаёміла з тым, чым займаецца камісія, выказала патрабаванні па афармленні неабходнай дакументацыі, заклікала ўсе структуры да супрацоўніцтва (вядома, што большасць прафілактычнай работы па сацыяльным недабрабыце ўскладаецца менавіта на навучальныя ўстановы і сельскія Саветы).
Пра спецыфіку работы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з сацыяльна не абароненымі катэгорыямі грамадзян і спектр аказваемых паслуг нагадала дырэктар установы Святлана Маліноўская.
Прысутныя задавалі пытанні галоўнаму спецыялісту па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Капыльскім раёне Іне Корзун, намесніку начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валянціне Давідчык. У абмеркаванні надзённых праблем прынялі ўдзел вядучы спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жгун, інжынер інспекцыі дзярпажнагляду Капыльскага РАНС Вадзім Мардасевіч, урач-педыятр Наталля Іскрыцкая, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Наталля Шах. Праблеме насілля ў сям’і было прысвечана выступленне загадчыцы аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Святланы Пуцейкі.
У выніку ўдзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, што ўсім структурам неабходна працаваць больш цесна разам. Менавіта такім чынам трэба шукаць прычыны сямейнага недабрабыту і спосабы яго выкаранення.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии