У гэтым годзе свята было прысвечана Году малой радзімы і 80-годдзю народнага артыста Беларусі і СССР Ігара Лучанка. Цікавыя мерапрыемствы наведала і дэлегацыя Капыльскага раёна.
Яшчэ да пачатку афіцыйнага адкрыцця фестывалю, якое адбылося на сцэне летняга амфітэатра познім вечарам, увесь горад ужо жыў фестывальным духам. Пешаходная вуліца каля парку Перамогі стала галоўнай гульнёвай пляцоўкай: сувеніры, шашлыкі і атракцыёны — ёсць, дзе разгуляцца. На цэнтральнай плошчы — вялікая сцэна, адкуль гучалі беларускія песні ў выкананні артыстаў мастацкай самадзейнасці, а насупраць, у парку, можна было ўбачыць выступленні самых юных зорак Маладзечна — выхаванцаў узорных студый і іншых дзіцячых калектываў.
— Гасцінная маладзечанская зямля сабрала на ўнікальным творчым свяце не толькі вядомых майстроў беларускай музыкі і роднага слова, але і маладыя таленты Беларусі, для якіх гэты музычна-паэтычны форум — чарговы крок у прафесійным станаўленні, — зазначыў у сваім вітальным звароце да гасцей і ўдзельнікаў фестывалю Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. А агучыў зварот міністр культуры рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, які таксама стаў госцем свята.
Асаблівыя словы пашаны былі адрасаваныя ў гэты вечар народнаму артысту СССР і Беларусі Ігару Лучанку, які напярэдадні атрымаў званне Ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці. Дыплом, пасведчанне і памятную ленту кампазітару ўручылі ў Летнім амфітэатры. Тут жа прайшло ўшанаванне ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў «Маладзечна-2018», па выні-ках якога першае месца заняла прадстаўніца Мінскай вобласці Злата Ларчанка.
Практычна да поўначы над Маладзечнам гучалі акорды шлягераў на ўсе часы. «Жураўлі на Палессе ляцяць» ці «Полька беларуская» — амаль трохтысячная зала, несумненна, падпявала салістам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга.
Крысціна ЖОГАЛЬ
Комментарии