Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

Ценить народное достоинство

28.05.2018
Капыльшчына… Край запаведных лясоў, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанскія брыгады вялі барацьбу з фашысцкай навалай. Менавіта гераічныя старонкі мінулага натхнілі несвіжанку З.М. Кулік напісаць шчымлівую аповесць «Капыльская містэрыя», у якой адлюстраваны падзеі таго часу па ўспамінах старажыла вёскі Лавы. 20180426_111237 Аўтар пабывала на месцы гібелі васямнаццаці адважных юнакоў, якія цаной жыцця спынілі варожае нашэсце на мясцовую пушчу, дзе быў партызанскі шпіталь і брыгада мсціўцаў. Таму прэзентацыя названага твора адбылася ў Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі. Сюды сабраліся мясцовыя бібліятэкары, прыехалі і госці: прыхільнікі літаратурна-музычнага аб’яднання «Валошкі» пры Нясвіжскай райбібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Нас прыязна сустрэла дырэктар установы Т.П. Серая, запрасіла ў чытальную залу. Дарэчы, афармленне яе даволі цікавае, адразу кінуўся ў вочы партрэт Максіма Багдановіча, намаляваны мясцовым мастаком У. Пасюкевічам. Ёсць стэнды, прысвечаныя знакамітым людзям Капыльшчыны: Герою Беларусі, прафесару, канструктару МАЗаў М.С. Высоцкаму, пісьменнікам Кузьме Чорнаму, Анатолю Астрэйку, Міколу Хведаровічу. Дарэчы, сярод землякоў — 11 Герояў Савецкага Саюза і 12 — Герояў Сацыялістычнай Працы. Не кожны раён можа пахваліцца такой элітай. Як не прыехаць на такую слынную зямлю! Сустрэчу адкрыла старшыня «Валошак», паэтэса, маці-гераіня (пяцёра дзяцей) В.В. Шчарбакова, якая адзначыла, што атрымала Божае благаславенне ад благачыннага Нясвіжскага прыхода айца Аляксандра. А потым прагучала духоўная песня ў выкананні спявачкі Н. Калеснікавай з Нясвіжа. І сапраўды, толькі стойкі дух народа дазволіў атрымаць Перамогу ў вайне.
Пра аўтара «Капыльскай містэрыі»: Зоя Мікалаеўна скончыла педуніверсітэт ім М. Танка, працавала загадчыцай дзіцячага сада ў Нясвіжы, затым — намеснікам дырэктара ЖКГ па рабоце з грамадскасцю, экскурсаводам у музеі. Піша з дзяцінства, друкавацца пачала з 2000 года. Выдала кнігу «Перад табой стаю».
Аўтар «Капыльскай містэрыі» З.М. Кулік адзначыла, што погляд на жыццё мінулае нейкі сакральны, бо ў ім адлюстраваны знакавыя падзеі, патрыятызм беларусаў, трывога за родную зямлю. І трэба памятаць сваю гісторыю, свае карані, перадаваць маладым, каб яны шанавалі народную годнасць. І ганарыцца тымі людзьмі, берагчы зямлю і мову беларускую. Характарызуючы «Капыльскую містэрыю», Т.П. Серая адзначыла яе жыццесцвярджальнасць, вялікую ролю ў выхаванні патрыятызму. Хвалюючым было кароткае выступленне прыхільніка «Валошак» паэта У.Т. Жылко. Яго бацькі і дзяды — ураджэнцы Капыльшчыны, вёскі Вялікія Прусы, сваякі былі ў партызанах, за што загінулі ад рук фашыстаў. Ён прачытаў свой верш, прысвечаны сумным падзеям таго часу. Дзядзькі рэдактара газеты «Наша слова» (г. Ліда) С.В. Судніка родам з Сейлавіч, удзельнічалі ў баях каля Лаваў. Журналіст расказаў пра землякоў-партызан, пра свае сённяшнія справы ў літаб’яднанні «Суквецце» і Таварыстве беларускай мовы, якое ўзначальвае. А яшчэ падкрэсліў, што бібліятэкі — асяродак нацыянальнай культуры. Адметнымі былі выступленні пісьменніка, аўтара кнігі «Трэцяя бярэзіна» (і не толькі) У.Д. Бруя, аматара роднай мовы, краязнаўцы Н.Я. Бруй. Іх думка — «Капыльская містэрыя» — патрэбны твор, у ім шмат роздуму пра жыццё мінулае і сучаснае, кніга прасякнута любоўю да Радзімы. Аналагічнае меркаванне выказаў нясвіжскі паэт, мастак А.В. Пракарына, пляменнік І.І. Пракарыны, паэта, журналіста, які быў галоўным рэдактарам райгазеты «Слава працы». Ён з душой выканаў песні пад гітару. Кожны з гасцей характарызаваў кнігу, прэзентацыя якой сабрала сяброў. Так, краязнаўца, старшыня Нясвіжскай суполкі Таварыства беларускай мовы Н.В. Плакса акцэнтавала ўвагу на вялікай патрыятычнай ролі кнігі З.М. Кулік, спынілася на дзейнасці па ўвекавечванні памяці славутых землякоў. Па ініцыятыве журналіста і пісьменніка В. Дранчука і на ўзносы добрых людзей выдадзены каляндар «Ідыліі», прысвечаны настаўніку, мастаку, краязнаўцу Хведару Вініцкаму. А раней падобныя календары выпусцілі пра майстроў пэндзля Яўгена Ждана і Міхася Сеўрука, Якуба Коласа… Настаўнік з Гарадзеі А.У. Гунько, краязнаўца, наведваўся з вучнямі ў в. Лавы, дзе расказаў пра подзвіг маладых абаронцаў радзімы. Ён жа падкрэсліў, што аўтар «Капыльскай містэрыі» зрабіла вялікую справу, нагадаўшы ў кнізе аб героях былых, але незабыўных часоў. Гаспадары, удзельнікі літаб’яднання «Вясёлка» паведамілі аб сваіх поспехах, а Я.Г. Малевіч прачытала вершы. Вясновым прывітаннем стаў прыемны момант: бібліятэкары Капыльшчыны павіншавалі калегу з Браткаўскай сельскай бібліятэкі-клуба В.І. Чакун з юбілеем. Кветкі, цёплыя словы пажаданняў... А потым спявачка Н. Калеснікава для яе і ўсіх прысутных выканала душэўныя песні. Аўтар гэтага матэрыялу прачытала ўласныя падборкі жартоўных афарызмаў. Завяршылася сяброўская сустрэча дагаворам сустрэцца ў Нясвіжы. Раіса ХВІР, г. Нясвіж

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей